У канцы верасня ініцыятыва ByPol абвясціла аб стварэнні ў розных гарадах Еўропы сеткі харугваў. У іх беларусаў аб’ядноўваюць для заняткаў фізічнай, тактычнай і іншымі відамі спецыяльнай падрыхтоўкі. Менавіта такія арганізацыі павінны будуць абараніць незалежнасць Беларусі. Якім чынам можна патрапіць у харугву? Як праходзяць трэніроўкі і ці кожны ўдзельнік арганізацыі ў час Х будзе гатовы ўзяць у рукі зброю? Пра гэта радыё Ўнэт расказаў прадстаўнік Варшаўскай харугвы Олаф.
Што такое харугва і як туды патрапіць?
Харугва гэта аб’яднанне людзей, якія гатовы ўдзельнічаць у вызваленні Беларусі. Есць меркаванне, што туды прыходзяць былыя ваенныя, удзельнікі арганізацый кшталту «Белага легіёну». Гэта не так. Да нас прыходзяць абсалютна розныя людзі, рознага ўзросту, мужчыны, жанчыны, ёсць нават такія, якія да ўсіх падзей 2020 года па ідэалогіі былі абсалютна лаяльнымі. Гэта людзі з розным жыццём вопытам і падрыхтоўкай: можна сустрэць і прафесійнага вайскоўца ў мінулым і чалавека, які не тое, што не думаў пра ваенны шлях, але не шмат пра гэта ведае. Гэтых людзей у харугвах мы рыхтуем, і што цікава сярод іх вельмі часта з’яўляюцца таленты, прычым таленты ў абсалютна розных накірунках. Часткова задача харугвы знайсці такія таленты і даць ім магчымасць развівацца. Гэта можа быць добры адміністратар, добры баец, добры медык. Трэба разумець, што харугвы сталі і нядрэнным адукацыйным праектам. У Беларусі шмат гадоў забаранялася і канфіскоўвалася тое, што можна прымяніць у падобных сітуацыях.
За планам «Перамога», за харугвамі ўважліва сочаць таксама і ў Беларусі. Наколькі важна разумець гэта для адбору ўдзельнікаў?
Усе мы людзі і нікому не хочацца ў турму. Таму праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія дазваляюць адсекчы падазроных асоб. Па-першае, гэта паліграф, яго праходзяць усе абавязкова. Па-другое, гэта перакрыжаваныя праверкі. Трэба сказаць, што чалавек, які трапляе ў харугву, гэта чалавек, правераны з усіх бакоў. І ўнутры харугвы існуюць свае меры бяспекі. То бок няма такога: нас праверылі ўсіх, дапусцілі і мы абсалютна адзін у адным упэўнены. Людзі таксама прымаюць меры бяспекі, каб не патрапіць у спісы, каб не стаць фігурантамі артыкулаў, якія спецыяльна пад харугвы зрабілі. Калі харугвы аб’явілі экстрэмісцкімі ўтварэннямі і за гэта сталі гразіць сямю гадамі, наша рэакцыя была – смех. Казалі: значыць нас баяцца і мы ўсе робім правільна.
Як выглядаюць трэніроўкі людзей, якія ўступаюць у харугвы?
Гэта комплекс трэніровак па розных профілях. Безумоўна, усе вучацца баявой трэніроўцы. Гэта значыць добрая фізічная падрыхтоўка. Як я казаў, людзі ў нас розныя. «Выжывальшчыкі», страйкбалісты добра спраўляюцца з фізічнымі нагрузкамі, а дапусцім людзям, якія ўсталі з-за кампа, трэба час. Ёсць трэніроўкі абыходжання са зброяй, людзей вучаць страляць у экстрэмальных умовах. Людзей вучаць працы з экіпіроўкай. Ёсць больш спецыялізаваныя трэніроўкі, да прыкладу, праца з сувяззю, падрыхтоўка вадзіцеляў, медыцынская трэніроўка. Усе яны праходзяць ва ўмовах, набліжаных да баявых. Людзі вучацца працаваць у абсалютна розных умовах, у горадзе, у лесе. Трэба прадугледзіць усе моманты, каб людзі былі гатовы да дня Х, ён можа наступіць у любы момант.
Калі казаць пра трэнераў, хто навучае ўдзельнікаў харугваў?
Есць рэчы, якім навучаюць людзі, што праходзілі баявыя дзеянні, ведаюць, што такое вайна і з чым там можна сутыкнуцца. Ёсць людзі, якія спецыялісты ў сваёй сферы. Не абавязкова гэта ваенныя спецыялісты. Калі размаўляеш з беларусамі, цікава заўважаць, колькі ў іх унікальных навыкаў. Мяне паразіла, што чалавек выйшаў і сказаў, я добры сувязіст, усе жыццё гэтым цікавіўся, дайце мне паяльнік і мы звяжамся з кім заўгодна. І такім людзям даецца зялёнае святло: распрацоўвайце, рабіце і, калі гэта прыносіць плён, то мы будзем гэта ўводзіць.
А дзеянні ўсіх харугваў уніфікаваны?
Усе аб’яднаны адзіным планам. Таксама ствараецца і запускаецца адзіная сістэма медыцыны. Абсалютна аднолькавыя аптэчкі, дзе прапісаны нават колер бінта. Каб усе маглі карыстацца атрыманымі навыкамі. Да нас праязджаюць медыкі з розных месцаў, яны працуюць па адзіным пратаколе і разумеюць адно аднаго.
За апошнія два гады беларусы зразумелі, што прадуктыўны супраціў можа быць толькі ўзброеным. Вы адчулі, калі надышоў гэты момант?
Прадуктыўны супраціў можа быць не толькі ўзброеным. Не варта казаць, што толькі ўзброеныя сілы прывядуць нас да перамогі. Насамрэч, добры супраціў – гэта агульны супраціў па ўсіх накірунках. У людзей зараз змяняецца ўспрыманне: кветачкі, абдымкі і мірныя лозунгі ўжо не дапамагаюць. Вельмі шмат Лукашэнка кажа, што мы тэрарысты і жадаем разбурыць краіну. Тут узнікае пытанне: а хто гэта стварыў? Хто аддаў загад біць мірных людзей? Гэта ён аддаў такі загад і тэрарыст тут ён. Нельга казаць, што гэта ўзброены супраціў, гэта хутчэй абарона сваёй краіны. Беларусы пабачылі: колькі б ні было спроб вырашэння канфлікту мірным шляхам, гэта не працуе. І таму людзі пераходзяць да самага дзейснага метаду – бяруць у рукі зброю.
Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.