Loading

Кіраўнік міжнароднага дэпартамента Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Анатоль Котаў выступіць на панэльнай дыскусіі буйнейшага ўсходнеўрапейскага эканамічнага форума, які распачынаецца сёння, 5 верасня, у польскім мястэчку Карпач. Дыскусія, дзе будзе прамаўляць беларускі прадстаўнік, закране пытанні таго, як зрабіць спорт больш прыбытковым. На думку свабодных беларускіх спартсменаў, спорт мусіць зарабляць, але зарабляць сумленна. Са спікерам дыскусіі ў Карпачы пагутарыў наш карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

Міжнародны эканамічны форум у Карпачы праводзіцца штогод. Сёлета ён будзе 32-ім па ліку і яго дэвіз «Новыя каштоўнасці старога кантыненту – Еўропа на парозе змен». Гэты дэвіз перагукаецца з тым пасылам, які плануе прадставіць на панэльнай дыскусіі «Як зрабіць спорт больш прыбытковым» Анатоль Котаў, бо ён намераны казаць аб неабходнасці таго, каб прыбытак у спорце быў сумленным.

Крыніца: gazetaby.com

— Я буду разважаць на гэтай панэлі на трошкі іншую тэму — як зрабіць спорт больш адпавядаючым каштоўнасцям. Скарыстацца ўдзелам у гэтай панэлі, каб паразважаць на тэму, што зараз міжнародная спартыўная супольнасць, Міжнародны алімпійскі камітэт, іншыя структуры не занялі адназначную пазіцыю ў справе вайны супраць Украіны і фактычна працягваюць зарабляць на спартыўных спаборніцтвах з удзелам прадстаўнікоў краін-агрэсараў. Такі трошкі крывадушны падыход пад завесай «спорт па-за палітыкай», а насамрэч працяг таго, што ідзе заробак на ўдзеле спартсменаў, якія адкрыта ці прыхавана падтрымліваюць вайну, чаго быць не павінна. Тым больш, калі падыходзіць да спорту як да аднаго з відаў бізнесу, у бізнесе таксама ёсць пэўныя стандарты, дзе падтрымка вайны пераважнай большасцю кампаній неэтычная. Гэты механізм трэба перанесці ў спартыўную галіну таксама: зарабляць, але зарабляць сумленна.

— То бок крыху будзеце супярэчыць той назве дыскусіі «Як зрабіць спорт больш прыбытковым», бо будзеце казаць пра тое, як зрабіць спорт больш сумленным, а прыбытак у ім на другім плане…

— Гэтыя рэчы паміж сабой узаемазвязаныя, насамрэч. Гэта будзе прамова «Як зарабляць сумленна». Спорт можа быць больш сумленна прыбытковым.

Поўную размову з Анатолем Котавым слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.