Loading

У Торуні ў сераду прайшла акцыя салідарнасці з Паўлам Юшкевічам, якому пасля 17-ці гадоў жыцця ў Польшчы Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) загадала пакінуць краіну. Беларус некалькі разоў падаваў дакументы на польскі пашпарт, але атрымліваў адмовы. Падстава — заключэнне ABW, з якога вынікала, што Павел уяўляе пагрозу дзяржаўнай бяспецы і грамадскаму парадку. Доступ да гэтага дакумента атрымаць не ўдалося, і таму, якія менавіта пытанні мае да яго ABW, Павел да гэтага часу не ведае. Паводле апошніх рашэнняў беларус павінен пакінуць Польшчу на працягу 30 дзён.

За беларуса ўступіліся ўсе: Святлана Ціханоўская, мясцовыя улады, кіраўніцтва ўніверсітэта, дзе Павел выкладае, яго калегі і сябры. Апошнія правялі ў цэнтры Торуні акцыю салідарнасці з Паўлам.

фота: Facebook П.Юшкевіча

У  абарону Паўла Юшкевіча створана петыцыя, аўтары якой просяць не дапусціць яго дэпартацыі „у краіну рэпрэсій супраць польскай меншасці і апазіцыянераў беларускага рэжыму».

Як расказаў Павел Юшкевіч у інтэрв’ю радыё Ўнэт, ён яшчэ не падаваў апеляцыю на гэтае рашэнне ABW, але зробіць гэта ў бліжэйшы час.

Павел, Вы, напэўна, сталі вельмі пазнавальнай персонай зараз у Торуні?

Так, мяне пазнаюць. Пазнавалі і 10 год таму, калі гэтая справа пачалася. Людзі былі абураныя тым, як улады могуць трактаваць чалавека, а цяпер нават на вуліцы спыняюць і кажуць “Павел, усё будзе добра!” Учора было вельмі прыемна ў горадзе сустрэць зусім незнаёмых людзей, якія казалі, што чулі пра маю справу, чыталі пра яе і вельмі абураныя той несправядлівасцю, якая адбываецца.

Учора акцыю зладзілі Вашыя сябры?

Сябры і беларуская дыяспара, з якой мы тут працуем з 2020 года. Вельмі многа людзей прышло. Я думаў, што будзе 5-10 чалавек, самых блізкіх сяброў. А калі я пабачыў, што падходзяць новыя і новыя людзі, мне было вельмі складана гаварыць, бо людзі прыходзілі з плакатамі, з банэрамі, казалі цёплыя словы. Я быў вельмі ўзрушаны.

Пасля грамадскага рэзанансу вакол Вашай сітуацыі што-небудзь змянілася?

Так, ёсць нейкія рухі. Я ведаю, што ваявода тэрмінова папрасіў мае дакументы, хоча да гэтай справы прыгледзецца нанова і пераканацца, ці не дапусціла папярэдняя ўлада нейкіх памылак пры выдачы адпаведнага рашэння.

Такая хваля салідарнасці крыху ўзняла Вам настрой?

Мой настрой можна апісаць як нейкую сінусоіду. Калі я атрымаў гэтую інфармацыю, я хацеў проста знікнуць, хацеў ператварыцца ў паветра. Мне было вельмі прыкра, таму што гэтая справа цягнецца ўжо так доўга, і чалавек бяссільны ў змаганні з такой сістэмай. Але цяпер, пасля ўчарашняй падзеі, нейкая вера і гэтыя словы, якія я ўчора пачуў, далі надзею, што гэтая сітуацыя скончыцца добра.

Ці ёсць нейкія здагадкі, з чым могуць быць звязаны пытанні ABW да Вас?

Здагадак не было да апошняга часу, пакуль журналісты беларускіх СМІ не знайшлі фэйкавы аккаунт Вконтакте. Некалькі год запар нехта браў мае фотаздымкі з Фэйсбука, публікаваў ад свайго імя, падпісваючы дзіўнымі каментарамі. Да прыкладу, адзін з іх быў: “Слава Великой России”. Я не выключаю, што гэта нейкая правакацыя і я стаў ахвярай гэтай сітуацыі. Але гэта толькі здагадкі. Гэтая інфармацыя з’явілася некалькі дзён таму, я ўвогуле не ведаў пра існаванне такога аккаунта, бо свой уласны Вконтакте я заблакаваў некалькі гадоў таму назад і ўвогуле не заходзіў у гэтую сацыяльную сетку. А хтосьці ўсе гэтыя гады пісаў пасты фактычна ад майго імя.

Калі пачаліся пытанні да Вас?

У 2017 годзе, гэта другая справа. А першы раз—калі я падаў на грамадзянства ў 2013 годзе. Але там справа была закрыта. А ў 2017 годзе, калі я зноў падаў на грамадзянства, зноў атрымаў адмову, і тады ABW распачало працэдуру адкліку майго віду на жыхарства.

Вы ўжо падалі апеляцыю?

Не, ёсць 30 дзён. І таму напрыканцы гэтага тыдня ці ў пачатку наступнага мы будзем падаваць апеляцыю ў суд. Адвакат у мяне ёсць. Гэта мая, можна сказаць, ужо мая сям’я. Дзевяць гадоў таму Хельсінская фундацыя па правах чалавека параіла мне гэтага адваката. Тады яшчэ ў фундацыі працаваў пан Адам Боднар, цяперашні міністр юстыцыі, і ён пазнаёміў мяне з гэтым адвакатам, які дапамае мне ўсе гэтыя гады.

Ці ёсць у Вас план Б, на выпадак, калі абстаіны складуцца не на Вашу карысць?

Ёсць некалькі выхадаў з гэтай сітуацыі. Можна падаць дакументы на міжнародную абарону, аднак могуць узнікнуць складанасці з працай. Я не ўяўляю сабе сітуацыі, калі не змагу працаваць. Я з’яўляюся выкладчыкам ва ўніверсітэце, мае студэнты пішуць дыпломныя працы. Я ўсё ж такі веру, што знойдзецца адміністрацыйная магчымасць перагледзець гэтую справу і павярнуць сітуацыю ў іншы бок. Калі бліжэйшыя дні не прынясуць добрых навін, то я буду думаць, што рабіць. Выехаць я магу, няма загаду вяртання ў Беларусь. Але мне складана нават дапусціць такую думку. Пасля амаль дваццаці год жыцця ў Польшчы мне трэба будзе пакінуць сваю кватэру, сваіх сяброў, сваіх студэнтаў і распачынаць жыццё “з нуля”. Я спадзяюся, што да гэтага не дойдзе.

Ці бачылі Вы ўжо петыцыю ў сваю падтрымку? Яна можа дапамагчы сітуацыі?

Так, увогуле вельмі шмат ініцыятыў зараз, пра якія я даведваюся постфактум. Людзі імкнуцца дапамагчы. Я бачыў петыцыю, там апісваецца сітуацыя, у якой я апынуўся, петыцыя скіравана да вышэйшых органаў улады. Людзі там пішуць словы падтрымкі. Некалькі сотняў подпісаў сабрана за дзень. Я думаю важна, каб тыя, хто прымае рашэнні, бачылі, што людзі не пагаджаюцца з імі.

Comments are closed.