Loading

Канцэпцыя Аб’яднанага пераходнага кабінета, які з’явіўся на мінулагодняй канферэнцыі «Новая Беларусь» ў Вільні, не атрымала свайго развіцця, крызіс у ім паглыбляецца і не варта чакаць ад падобнай канферэнцыі 6 жніўня ў Варшаве нейкіх прарыўных рашэнняў і дзеянняў. Аб гэтым у інтэрв’ю радыё Ўнэт заявіў сябра Нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь», палітолаг Павел Усаў.

— Мерапрыемства, якое ў хуткім часе мусіць прайсці ў Варшаве – канферэнцыя «Новая Беларусь». Наколькі яно важнае для беларускага дэмакратычнага руху ў замежжы?

— Такія мерапрыемствы ладзяцца ўжо трэці год. Што ад гэтага чакаць? Мы бачым, што ўвага і актыўны ўдзел у такіх мерапрыемствах паволі сыходзіць на «не». На гэтай канферэнцыі павінна адбыцца справаздача аб дзейнасці Аб’яднанага пераходнага кабінета, якая ўсё больш і больш выклікае пытанняў. Апошні сур’ёзны канфлікт і праблемы з BYPOL, яго раскол, непасрэдна абвінавачванні ў карупцыі персанальна да Азарава, а ён застаўся ў Кабінеце, што сведчыць пра нейкія кулуарныя дамоўленасці ці нежаданне вырашаць пытанні, якія ставіць грамадскасць і непасрэдна тыя актывісты, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі. Дзейнасць у сілавым аспекце, якая не дасягнула ніякай рэальнай мэты, бо асноўная мэта ўтварэння Кабінету было ўсё ж такі фарміраванне сілавога блоку, стварэнне нейкіх сілавых структур, якімі павінен быў займацца Валер Сахашчык. Пакуль эфекту таксама ніякага няма. Ну і безумоўна іншыя накірункі дзейнасці. То бок пытанняў шмат, а адказаў на гэтыя пытанні на сённяшні момант ніхто канкрэтна даць не можа. Таму я думаю, што фармальна Кабінет заявіць пра тое, што ўсе мэты задэклараваныя былі дасягнуты, што ніякіх праблем няма ў іх, развіваемся, усё добра і на гэтым усё скончыцца. Нейкага перафарматавання дзейнасці не адбудзецца. На аб’яднанне ці на кансалідацыю палітычных сіл гэтая канферэнцыя не накіравана, бо ўмовы, пры якіх можна было гэта зрабіць, былі створаны ў мінулым годзе, але ніхто іх не рэалізаваў і фактычна пашырыўся ўнутраны раскол, сыйшлі шэраг структур, былі ўнутраныя канфлікты, скандалы і гэтак далей. Таму нейкага прарыву ў палітычнай рэчаіснасці, якая склалася ў дэмакратычнай супольнасці, не будзе.

— Значыць, нічога цікавага менавіта для беларускай дыяспары, беларускай дэмакратычнай грамадскасці ад гэтай канферэнцыі чакаць не варта?

— Асноўным было рашэнне аб утварэнні Кабінету. Ён быў утвораны, але развіцця гэта канцэпцыя не атрымала і нейкіх рэальных сур’ёзных вынікаў не было дасягнута… Ключавая праблема – адсутнасць празрыстасці і адказнасці за тыя рашэнні і дзеянні, якія былі прынятыя. Быў скандал з Таццянай Зарэцкай, якую прызначылі на пасаду прадстаўніка па эканамічных пытаннях. Потым былі скандалы з NDA, гэтым дакументам аб неразгалошанні, што зачыняла ўвогуле палітычныя структуры на сабе і рабіла з іх нейкія таталітарныя секты. Ну і некалькі праектаў, звязаных з парамілітарнай дзейнасцю, дамоўленасці Сахашчыка з Міністэрствам абароны, з Генеральным штабам Украіны па стварэнні нацыянальнай структуры, якая таксама правалілася. Ну і апошняя – канфрантацыя ўнутры BYPOL што паказвае даволі сур’ёзны крызіс у гэтай структуры, і ніхто гэты крызіс не бярэ на сябе адказнасці вырашыць, і гэта значыць, што гэты крызіс будзе глыбей і глыбей пашырацца, бо калі прынцыпы дзейнасці не змяняюцца, то чакаць нейкіх іншых вынікаў немагчыма.

Comments are closed.