«У любым выпадку працягнем нашую працу, незалежна ад таго, які ў нас будзе статус». Лідары партый рыхтуюцца да горшага
Да 4 чэрвеня палітычныя партыі ў Беларусі павінны былі падаць у Мінюст дакументы на перарэгістрацыю. Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй закона «Аб палітычных партыях» ад 14 лютага 2023 года. У камплекце дакументаў павінен быць спіс сябраў партыі з усімі данымі. Зразумела, што ва ўмовах сённяшняй Беларусі такая інфармацыя ў руках дзяржавы – гэта дадатковы ціск на чалавека. Апазіцыйныя партыі па-рознаму падыйшлі да адпаведнага патрабавання. Некаторыя падалі дакументы аб перарэгістрацыі без пераліку сябраў партыі, іншыя – увогуле адмовіліся ўдзельнічаць у гэтым «балагане». У панядзелак лідары чатырох дэмакратычных партый Беларусі сабралі журналістаў, каб патлумачыць сваю пазіцыю.
Вадзім Саранчукоў, выконваючы абавязкі старшыні ПБНФ
«Матывы гэтай зачысткі зразумелыя: зрабіць працу ў беларускім палітычным полі стэрыльнай, зрабіць працу любых палітычных арганізацыяў немагчымай. Дадзеныя змены ў заканадаўства аб палітычных партыях парушаюць некалькі артыкулаў Канстытуцыі.
Мы вырашылі не падаваць дакументы на рэгістрацыю партыі і не падаваць спісы па прычыне бяспекі».
Уладзімір Шанцаў, выконваючы абавязкі старшыні АГП
«Умовы дзейнасці партый пасля ўступлення ў сілу гэтага закона значна пагоршыліся. Мінімальная колькасць сябраў, неабходных для рэгістрацыі, павялічылася з тысячы да пяці тысяч. У цяперашніх умовах апазіцыйнай партыі сабраць пяць тысяч чалавек нерэальна, але мы і самі не хочам падстаўляць людзей. Павялічваецца колькасць зарэгістраваных аддзяленняў для функцыянавання партыі, раней дастаткова было партыі ўтрымліваць толькі пяць абласных офісаў, зараз яны павінны быць яшчэ ў раёнах. Кожны дадатковы офіс – гэта дадатковы штат супрацоўнікаў.
АГП таксама не падае дакументы на рэгістрацыю, мы гэтае пытанне доўга разглядалі, але вырашылі, што ўсе гэта незаконна і мы ў гэтым балагане не ўдзельнічаем».
Ігар Барысаў, старшыня БСДП «Грамада»
«Гэты закон хіба можна назваць толькі што драконаўскім, каб зачысціць палітычнае поле. Чаму гэтага раней не адбылося? Маё меркаванне, што ў нейкай ступені спыніўся ўвод санкцый, і таму пытанне з партыямі падвісла ў паветры, пасля таго як быў вынішчаны сектар медыя і НДА. Улада не хоча стрэсу напярэдадні 2024 года, у лютым запланаваны выбары ў парламент і мясцовыя Саветы дэпутатаў. Па выбарчым заканадаўстве палітычныя партыі маюць доступ да дзяржаўных СМІ, гэта тэлеэфір, гэта ўдзел у тэледэбатах, і ад усяго гэтага напярэдадні выбараў улада вырашыла пазбавіцца. Але я лічу, што гэтыя крокі не спыняць той настрой у грамадстве, якія пануе пасля 2020 года. На маю думку, адбудзецца яшчэ большая радыкалізацыя, таму што ў грамадзян не будзе легальных механізмаў удзелу ў выбарах.
БСДП «Грамада», пасля абмеркавання на пасяджэнні цэнтральнага камітэта, падала дакументы на перарэгістрацыю, але мы падалі дакументы без спісаў нашых сяброў. І мы падалі пратакол, што не прымаем праўкі ў Статут, якія зараз прапануюцца ў сувязі з новым заканадаўствам».
Зміцер Кучук, старшыня БП «Зяленыя»
«Ліквідацыя дэмакратычных партый не здымае палітычнага напружання ў грамадстве. Грамадзян фактычна пазбаўляюць магчымасці ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях, кантраляваць выбары, быць прадстаўленымі ў выбарчых камісіях.
Мы падалі дакументы на перарэгістрацыю без спісаў, ніякіх змен у Статут не ўносілі. Я хачу сказаць, што падалі-не падалі дакументы, гэта нічога не вырашае. У любым выпадку будзе рашэнне аб закрыцці палітычных партый, прынятае Вярхоўным судом, і мы не маем ілюзій, што палітычныя партыі будуць захаваны».
Па працэдуры рашэнне аб ліквідацыі партыі прымае Вярхоўны суд, пасля яго можна яшчэ аспрэчыць у Канстытуцыйным судзе. З улікам таго, як мэтанакіравана ўлада знішчае сёння апанентаў, гэтыя працэдуры могуць быць праведзены вельмі хутка. Але ніводная з чатырох дэмакратычных партый пасля ліквідацыі спыняць працу не збіраецца.
Вадзім Саранчукоў, выконваючы абавязкі старшыні ПБНФ
«Партыйная арганізацыя – гэта не партызанскі атрад, таму дзейнасць, якой займаліся палітычныя партыі, яна базуецца на фармуляванні ідэалагічнага пасылу, на гуртаванні людзей вакол гэтага бачання. І гэтая праца не можа спыніцца ні межамі, ні прымусамі, ні рашэннямі. Для нас вельмі важным з’яўляецца прадстаўляць Беларусь на замежным полі і трымаць беларускае пытанне на парадку дня».
Уладзімір Шанцаў, выконваючы абавязкі старшыні АГП
«У тых, хто хоча ліквідаваць партыі, нічога не атрымаецца. Аб’яднаная грамадзянская партыя была, ёсць і будзе. Безумоўна, троху зменяцца формы працы, але не буду раскрываць падрабязнасці».
Зміцер Кучук, старшыня БП «Зяленыя»
«Сярод сябраў нашай партыі значная частка знаходзіцца ў Беларусі і мы ў любым выпадку працягнем нашую працу, незалежна ад таго, які ў нас будзе статус. Мы таксама кансультаваліся з міжнароднымі партнёрамі, для іх нічога не зменіцца, яны будуць з намі працаваць які раней».
Ігар Барысаў, старшыня БСДП «Грамада»
«Пытанне далейшага існавання яшчэ востра не стаіць, таму што сёння нас не ліквідуюць. Я спадзяюся, што ў бліжэйшыя дні таксама. Калі гэта здарыцца, мы выкажамся, у якім фармаце будзем працягваць сваю дзейнасць».
Як партыя можа функцыянаваць нелегальна на тэрыторыі Беларусі – прыклад ёсць. «Народная грамада» была ліквідавана яшчэ ў 2005 годзе, але да гэтага часу працягвае працаваць, прыцягваць сябраў, з’яўляецца ўдзельніцай міжнародных партыйных аб’яднанняў – кажа выконваючы абавязкі старшыні партыі Яўген Вільскі.
Фота: Радыё Рацыя.
«Наш лідар заўсёды казаў, што партызаны не павінны ісці ў гестапа і прасіць дазволу, каб падарваць цягнік. Таму мы ніколі ніякіх спісаў не падавалі. Мы праводзілі з’езд партыі і кожны раз гучала пытанне: ці будзем рэгістравацца. І ўсе адказвалі, навошта нам гэта патрэбна. Мы за гэта галасавалі і спакойна працавалі да наступнага з’езда ў статусе аргкамітэта. У 2020 годзе гэта выратавала нашую партыю, бо мы ніякіх спісаў не падавалі і ніхто не ведаў нашых сябраў, таму ў нас арыштаваных зараз 6 ці 7 чалавек. Наша партыя прызнана экстрэмісцкай і мы выратавалі шмат людзей толькі тым, што не падавалі спісаў».
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб забяспечыць вам найлепшы вопыт на нашым сайце. Калі вы працягнеце выкарыстоўваць гэты сайт, мы будзем лічыць, што вы ім задаволены.OkПалітыка прыватнасці
Comments are closed.