Loading

У нядзелю палякі выбіралі прадстаўнікоў Сейму і Сенату, а таксама галасавалі на рэферэндуме. Яўка на парламенцкія выбары была рэкорднай – прыйшло амаль 73% выбаршчыкаў, стаялі вялізныя чэргі, а некаторыя ўчасткі былі вымушаны працягнуць працу пасля 21 гадзіны, каб даць магчымасць прагаласаваць усім жадаючым. Рэферэндуму пашанцавала менш – не ўсе пагаджаліся браць бюлетэні з пытаннямі, таму там яўка каля 40% і гэта азначае, што плебісцыт не адбыўся, бо не перакрочыў неабходную мяжу ў 50% выбаршчыкаў.

Зараз вынікі галасавання яшчэ падлічваюцца – іх публікуе Цэнтральная выбарчая камісія. Папярэдні расклад палітычных сіл можна зрабіць па выніках экзітполаў, першы з’явіўся ў нядзелю а 21 гадзіне, адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў. Згодна з імі кіруючая кансерватыўная Партыя «PiS», да якой належыць прэзідэнт Анджэй Дуда, набрала 36,8% галасоў. Найбуйнейшая апазіцыйная «Płatforma Obywatelska» на чале з колішнім прэм’ерам Польшчы Дональдам Тускам – 31,6% галасоў.

«Trzecia Droga» – аб’яднанне шэрагу даволі розных палітычных сіл, асноўнай з якіх з’яўляецца цэнтрысцкая «Polska 2050» Шымона Галоўні – набрала 13%. Аб’яднанне левых «Lewica» – 8,6%. А радыкальная правая партыя «Konfederacja», якую эксперты адносяць да так званых еўраскептыкаў і прадстаўнікі якой былі заўважаныя ў сімпатыях да Расіі, атрымала 6,2% галасоў.

З экзітполаў вынікае, што польская апазіцыя можа заняць большасць месцаў у польскім парламенце. Лідар партыі «Płatforma Obywatelska» Дональд Туск у сваёй прамове ўжо адзначыў, што гэта перамога апазіцыі і што ён ніколі яшчэ не быў так задаволены другім месцам. А лідар партыі «Polska 2050» Шымон Галоўня заявіў, што пасля 15 кастрычніка панаванне партыі PiS у Польшчы скончыцца.

На думку палітолага Алеся Лагвінца, польская апазіцыя, нягледзячы на сваю разнароднасць, дэманструе рашучасць у пытанні стварэння кааліцыі ў процівагу кіруючай партыі.

«Праўда, што там разнародныя сілы і складана прагназаваць. Але я думаю, што тыя, хто называе сябе апазіцыяй у Польшчы, у іх ёсць вялікая воля, каб аб’яднацца, стварыць супольны ўрад і не дапусціць, каб зноў урад фарміраваў «PiS».

Што тычыцца адносін да Беларусі, то па словах Алеся Лагвінца, «вялікіх зменаў у адносінах да рэжыму Лукашэнкі чакаць не варта, наўрад ці штосьці радыкальна зменіцца і ў адносінах да тых беларусаў, якія зараз жывуць у Польшчы».

Палітолаг Павел Усаў адзначае, што цяперашняя выбарчая кампанія характарызавалася папулізмам з усіх бакоў. На яго думку, у гэтых выбарах першачарговае пытанне стаяла не ў тым, хто прапануе Польшчы лепшыя перспектывы, а хутчэй у тым, хто больш эфектыўна мабілізуе свой электарат.

«Сыходзячы з вынікаў – так, апазіцыя змагла мабілізаваць, скажам так, пратэстны электарат, тых людзей, якія крытычна ставіліся да ўнутранай палітыкі «PiS». У апошні час «PiS» зрабіў шмат сур’ёзных памылак, якія паўплывалі на сітуацыю. І відавочна, што для людзей прынцып дэмакратыі, прынцып празрыстасці, прынцып адказнасці больш важныя, чым нават матэрыяльныя нейкія аспекты. І гэта вельмі важнае сведчанне таго, наколькі саспела польскае грамадства: электарат немагчыма перакупіць абяцаннямі нейкага таннага жытла, абяцаннем павышэння пенсій ці дадатковых пенсій, дадатковымі выплатамі для дзяцей ці для пенсіянераў. Гэта ўсё сведчыць пра тое, што Польшча і польскія грамадзяне гатовыя адстойваць свае правы, калі яны адчуваюць, што ўлада іх нейкім чынам намагаецца абмежаваць».

Пэўная «антыбеларускасць», па словах Паўла Усава, сярод апазіцыйных партый можа быць у Канфедэрацыі.

«Яна і ў мінулыя гады была больш прарасійскай і як кіраўнік неаднаразова выказваўся станоўча ў дачыненні да Пуціна, вось гэта можа быць небяспечна прыход такіх крайніх правых груп, якія ў Еўропе чамусьці прарасійскія».

Таксама экзітполы сведчаць, што рэферэндум у Польшчы не адбыўся. На пытанні пра пенсійны ўзрост, мігрантаў і мур на мяжы з Беларуссю пагадзілася адказваць толькі 40% палякаў, пры неабходным парогу ў 50%.

Comments are closed.