Loading

Запрашэннем назіральнікаў з Польшчы на вучэнні Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы «Баявое братэрства-2023», якія завяршаюцца 6 верасня Аляксандр Лукашэнка спрабаваў прадэманстраваць нейкія свае неіснуючыя міралюбівыя памкненні, аднак намаганні аказаліся марнымі. Такую выснову можна зрабіць з меркаванняў палітолагаў Дзмітрыя Балкунца і Валера Карбалевіча, з якімі пагаварыла радыё Ўнэт.

Інфармацыя аб запрашэнні польскіх прадстаўнікоў паназіраць за вучэннямі краін АДКБ упершыню прагучала з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі 31 жніўня. У сваю чаргу ў Варшаве яго заклік расцанілі як прапагандысцкую гульню ў міратворца, праз якую правіцель у Мінску спрабуе набраць сябе балаў на фоне пастаянных правакацыйных дзеянняў у адносінах да Польшчы, у прыватнасці размяшчэннем ядзернай зброі, запрашэннем наёмнікаў-вагнераўцаў і міграцыйным крызісам. Так можна трактаваць словы ў адказе з польскага МЗС на адпаведны запыт журналістаў «Белсату».

«Польскі бок не бачыць у Аляксандры Лукашэнку прэзідэнта Беларусі, таму яго зварот да афіцыйнай Варшавы не мог мець для нелегітымнага правіцеля станоўчага водгука», – адзначае Дзмітры Балкунец.

«Палітыка польскага боку, і зараз абсалютна відавочна, – яны не хочуць прызнаваць Лукашэнка прэзідэнтам і Лукашэнка ў гэтым плане для іх з’яўляецца ізгоем. І яны не бачаць абсалютна ніякіх падстаў, каб удзельнічаць у яго вучэннях, якія ён праводзіць разам з іншымі краінамі АДКБ. Улічваючы, што дзве краіны з Арганізацыі з’яўляюцца агрэсарамі ў адносінах да Украіны, у гэтай сітуацыі выглядала б вельмі дзіўна, што Польшча і можа быць іншыя краіны НАТА прыймалі бы ўдзел у мерапрыемстве, якое арганізуецца на тэрыторыі Беларусі, і гэта выглядала не вельмі лагічна ў адносінах да Украіны».

«Беларускі бок зараз не хоча ісці на эскалацыю адносін з Польшчай і павышэння градусу супрацьстаяння», –лічыць Валер Карбалевіч. Такую выснову ён робіць, аналізуючы сам факт запрашэння, а таксама заяву міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна, пра тое, што нядаўні інцыдэнт з нібыта перасячэннем беларускай мяжы польскім верталётам быў выпадковай памылкай пілотаў, а не нейкай наўмыснай правакацыяй.

«Ну і беларускія дзяржаўныя медыя не моцна нагнятаюць напружанасць. Былі пэўныя заявы Лукашэнкі, што мы гатовы да дыялогу, да нармалізацыі адносін. Але ўсё гэта выглядае даволі супярэчліва, таму што калі казаць пра гэтае запрашэнне, то тут такая дзіўная сітуацыя. Пра гэтае запрашэнне мы даведаліся з публічнай заявы Лукашэнкі на пасяджэнні Рады бяспекі 31 жніўня. Польскі бок пацвердзіў, што такое запрашэнне прыйшло. Аднак я гляджу паведамленне БелТА ад 28 жніўня, дзе сказана, што на вучэнні АДКБ, якія пройдуць у Беларусі, запрошаны назіральнікі з Кітая, Ірана, Саўдаўскай Аравіі і Манголіі. Польшчы ў гэтым пераліку няма. То бок 28-га запрашэння яшчэ не было, як я разумею. Атрымліваецца, што яно з’явілася толькі 31 жніўня, калі заявіў Лукашэнка. А вучэнні пачаліся 1 верасня. То бок за дзень да вучэнняў запрашаюць назіральнікаў. Ну так ніхто не робіць, за дзень ніхто не запрашае. Таму гэта такое запрашэнне дзіўнае. Варшава адмовіла, прычым адмовіла з фармуліроўкай, што такога тыпу запрашэнні трэба трактаваць як прапагандыстскія дзеянні. Ну і дадала, што на фоне гэтага запрашэння мы маем дзеянні недружалюбныя. Там і атака мігрантамі, і «вагнераўцы» ў Беларусі, пра якіх Лукашэнка казаў, што яны рвуцца на экскурсію ў Польшчу, і там нейкія мілітарысцкія дзеянні, і міністр унутраных спраў Польшчы разглядае гэтыя вучэнні як нейкую правакацыю».

Варта азначыць, што ў вучэннях «Баявое братэрства – 2023», што праводзяцца з 1 па 6 верасня, прымаюць удзел вайскоўцы краін АДКБ з Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, Расіі і Таджыкістана. Арменія, якая таксама ўваходзіць у арганізацыю, у гэтых манеўрах не ўдзельнічае. Раней армянскі прэм’ер-міністр Нікол Пашынян крытыкаваў АДКБ за тое, што не яна дала адэкватны, на яго думку, адказ адносна дзеянняў Азербайджана ў Нагорным Карабаху. Таксама Пашынян выказаў меркаванне, што залежнасць Арменіі ад Расіі ў сферы бяспекі была памылкай. Ці не знаходзіцца АДКБ у крызісе і што можа чакаць арганізацыю? З гэтым пытаннем мы звярнуўся да палітолагаў.

«Ну можна гэта назваць і крызісам. Крызіс выяўляецца не столькі ў заяве Арменіі, колькі ў рэакцыі краін АДКБ на вайну Расіі супраць Украіны. То бок саюзнікі, акрамя Беларусі, не падтрымалі Расію ў гэтым канфлікце і гэта вельмі важны паказнік таго, наколькі зараз Беларусь і Расія апынуліся ў ізаляцыі», – тлумачыць Валерый Карбалевіч.

Адказваючы на пытанне аб сітуацыі ў АДКБ, Дзмітрый Балкунец нагадаў гісторыю стварэння гэтага мілітарнага аб’яднання постсавецкіх краін.

«Трэба ўзгадаць як АДКБ была створана. Яна з’явілася на руінах Савецкага Саюза, і мэта там таксама была аб’яднаць узброеныя сілы і мець нейкае агульнае ўяўленне і можа быць агульнае камандаванне, нейкую сінхранізацыю рабіць у абарончых справах. АДКБ у Казахстане мы бачылі ў студзені 2021 года займалася палітычным урэгуляваннем абстаноўкі ў краіне. Таму ў гэтым плане АДКБ варта разглядаць як нейкую арганізацыю, якая для краін-удзельніц пэўную ролю грае. Відавочна, што галоўнае ядро ў АДКБ гэта Расійская Федэрацыя, і калі нават нейкія краіны захочуць адтуль выйсці, то гэта будзе не так проста, улічваючы пэўны ўплыў, які Крэмль аказвае на гэтыя краіны вышэйназваныя – і Казахстан, і нават Арменію. Таму яны могуць заявіць аб сваім жаданні выйсці, але пытанне, як яны гэта зробяць практычна? Таму што ў гэтым выпадку будуць узнікаць прэтэнзіі да іх. А перспектывы АДКБ? Відавочна, што арганізацыя ў нейкім выглядзе будзе існаваць, але яе ролю і ўплыў на сённяшні дзень складана прадказаць і ацаніць».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.