15 лістапада падчас самай масаванай ракетнай атакі Расіі па мірных тылавых рэгіёнах Украіны адбылося падзенне ракеты падлізу польскага сяла Пшэводуў, размешчанага за некалькі кіламетраў ад украінска-польскай мяжы ў Грубешаўскім павеце Люблінскага ваяводства. Паведамляецца пра гібель у выніку інцыдэнту дваіх чалавек.
Пасля паведамленняў пра падзенне ракеты ў Пшэводуве прэм’ер Польшчы Матэуш Маравецкі тэрмінова склікаў пасяджэнне Рады міністраў у пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны. У той жа час агенцтва АР паведаміла пра тое, што яно мае інфармацыю ад амерыканскай выведкі пра перасячэнне расійскім ракетамі ўкраінска-польскай мяжы. Але ў Пентагоне афіцыйна гэтую інфармацыю не пацьвердзілі.
Міністэрства абароны Расіі позна ўвечары ў сваім тэлеграм-канале заявіла, што яно «не мае аніякага адачынення да нібыта падзення ракет у Польшчы» і назвала заявы польскіх СМІ і афіцыйных асобаў «наўмыснай правакацыяй з мэтай эскалацыі сітуацыі». Пры гэтым падчас ракетнай атакі расійскімі ракетамі былі пашкоджаныя аб’екты энергетычнай інфраструктуры ў Львоўскай вобласці, якая ўшчыльную прымыкае да мяжы з Польшчай. Кіраўнік Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў, што на тэрыторыю вобласці патрапілі 10 расійскіх ракет, якімі пашкоджаныя аб’екты крытычнай інфраструктуры і маецца адзін пацярпелы.
Урад Польшчы прыняў рашэнне падвысіць боегатоўнасць некаторых вайсковых падраздзяленняў Польшчы і разгледзець магчымасць задзейнічання 4-га артыкулу Дамовы пра НАТА, які прадугледжвае абаронныя дзеянні ўсіх чальцоў альянсу супраць дзяржавы, якая здзейсніла акт агрэсіі супраць аднаго з іх.
Прадстаўнік НАТА паведаміў, што яны вывучаюць сітуацыю, звязаную з выбухам у Польшчы і шчыльна каардынуюць свае дзеянні з саюзнікам – Польшчай.
Ужо ўночы паводле цантральнаеўрапейскага часу прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда правёў тэлефонныя размовы з генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам і сваім калегам са ЗША Джо Байдэнам. Па выніках размовы з генсекам НАТА канцэлярыя польскага прэзідэнта зазначыла, што там вывучаюць абгрунтаванасць ужывання 4 артыкула Дамовы пра НАТА. Таксама на 12 гадзін Анджэй Дуда склікаў пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі.
Позна ўночы Міністэрства замежных справаў Польшчы паведаміла, што каля сяла Пшэводуў упала ракета расійскай вытворчасці. У гэтай сувязі міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Рау выклікаў у МЗС амбасадара Расіі для таго, каб той даў свае тлумачэнні інцыдэнта.
Праз некалькі гадзін прэзідэнт ЗША Джо Байдэн склікаў тэрміновую сустрэчу са светавымі лідарамі. У ёй узялі ўдзел прэзідэнты ЗША, Нямеччыны, Канады, Нідэрландаў, Японіі, Іспаніі, Італіі, Францыі і Вялікай Брытаніі. Па выніках сустрэчы Байдэн сказаў, што хоча спачатку высветліць, што адбылося, а пасля вызначыцца з наступным крокам. Ён таксама паведаміў, што ёсць папярэдняя інфармацыя, якая кажа, што паводле траекторыяў палёту ракет малаімаверна, што яны былі выпушчаныя з Расіі. «Але, мы пабачым», – дадаў амерыканскі прэзідэнт.
Пад раніцу 16 лістапада вайсковы прадстаўнік НАТА паведаміў, што ваенны самалёт альянсу адсачыў ракету, якая ўпала ў Пшэводуве. Але адкуль яна была выпушчаная ён не згадаў.
Яшчэ пазней агнцтва АР са спасылкай на двух ананімных крыніц у Мінабароны ЗША паведаміла, што ракета, якая ўпала ў Пшэводуве, магла быць ракетай супрацьпаветранай абароны Украіны, якую ўкраінская СПА выпусціла, каб збіць расійскую ракету.
Раніцай 16 лістапада польскае выданне Polsat News неафіцыйна са спасылкай на вайсковага эксперта паведаміла, што абломкі ракеты, якая ўпала на сяло Пшэводуў нагадваюць расійскую ракету Х-101. Падобныя элементы абломкаў былі раней зафіксаваныя на месцах ракетных абстрэлаў гэтымі мадэлямі ракет у Кіеве. Гэтыя ракеты апошнім часам даволі часта выкарыстоўваюцца Расіяй для нанясення ўдараў па цывільных аб’ектах ва Украіне.
Comments are closed.