25 сакавіка Уладзімір Пуцін аб’явіў, што Расія па просьбе Беларусі размесціць на тэрыторыі краіны сваю тактычную ядзерную зброю. Пры гэтым, Расія ўжо дапамагла пераабсталяваць 10 беларускіх ваенных самалётаў для прымянення тактычнай ядзернай зброі і перадала Мінску ракетныя комплексы «Іскандэр», якія могуць несці такія зарады. Прэзідэнт Расіі дадаў, што на тэрыторыі Беларусі да 1 ліпеня будзе завершана будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Падрыхтоўка экіпажаў «Іскандэраў» павінна пачацца 3 красавіка.
Па словах Пуціна, Расія не перадае Беларусі ядзерную зброю, а размяшчае сваю зброю на яе тэрыторыі. Але тут ацэнка сітуацыі з беларускім бокам разыходзіцца, бо Лукашэнка лічыць і заяўляе, што і ў яго будзе кнопка, на якую можна націснуць у выпадку неабходнасці.
Хто будзе кантраляваць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі?
Афіцыйная пазіцыя Расіі – яна не перадае Беларусі ядзерную зброю, а размяшчае сваю зброю на яе тэрыторыі. То бок і кантроль над ёй будзе з боку Расіі. Але такая пазіцыя і механізм не да канца зразумелы і самой Беларусі і іншым хаўруснікам. Першым непаразуменне ўнёс дзяржаўны Сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. Ён заявіў, што ўжо вядома, што будзе падвойная кнопка для рашэння аб прымяненні ядзернай зброі: будуць вырашаць і ў Расіі, і ў Беларусі. Пасля падчас паслання ў пятніцу і сам Лукашэнка загаварыў, што будзе кантраляваць ядзерную зброю. «Усё будзе паводле закону і па правілах. Бескантрольнай зброі ў Беларусі няма і быць не можа. Таму кіраваць усім тым, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут», – сказаў Лукашэнка.
Гэтую заяву прыйшлося абвяргаць прэс-сакратару Пуціна Дзмітрыю Пяскову, які заклікаў арыентавацца на заявы Пуціна ў інтэрвʼю журналісту Паўлу Зарубіну, а там ніякай размовы пра кнопкі для Беларусі не ішло.
Калі было прынята рашэнне аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі?
Як вынікае са слоў Пуціна, рашэнне размясціць ядзерную зброю ў Беларусі было канчаткова прынятае пасля таго, як Вялікабрытанія заявіла аб намеры падаць Украіне снарады з збедненым уранам. Такія снарады не адносяцца да ядзернай зброі, сама Расея іх такімі не лічыць. Сам Пуцін сказаў, што ў Расіі ёсць «сотні тысяч такіх снарадаў». Аднак Масква вельмі рэзка адрэагавала на намеры Брытаніі, абвінаваціўшы Лондан у ядзернай эскалацыі і паабяцаўшы меры ў адказ.
Пры гэтым з таго ж інтэрвʼю Пуціна вынікае, што ракетны комплекс «Іскандэр» быў перададзены Беларусі да брытанскай заявы, таксама як і пераабсталяваныя самалёты (пра гэта раней казаў і Лукашэнка). Будаўніцтва сховішча, відавочна, таксама пачалося раней, чым стала вядома аб планах пастаўкі боепрыпасаў з збедненым уранам Украіне.
Але аналіз падзей апошніх гадоў дазваляе казаць, што падрыхтоўка да такога кроку пачалося значна раней: бо пункт аб скасаванні без’ядзернага статуса Беларусі быў унесены ў новую канстытуцыю, якая была прынята падчас рэферэндума 27 лютага 2022 года.
Па версіі Пуціна будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі павінна завяршыцца да 1 ліпеня, а вось сам Лукашэнка ў мінулую пятніцу заявіў, што ўся інфраструктура ўжо створана і гатова.
Слухайце поўны выпуск падкаста з тлумачэннямі палітычнага аглядальніка Валерыя Карбалевіча, як можа выглядаць кантроль на ядзернай зброяй у Беларусі, а таксама аповед колішняга кіраўніка дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на перамовах аб ядзерным раззбраенні Андрэя Саннікава пра тое, як праходзілі перамовы пра вывад ядзернай зброі з Беларусі ў 90-ыя гады.
Comments are closed.