Loading

Святлана Ціханоўская ў пятніцу ўручыла ў Вільні медалі «Гонар і годнасць» родным загінуўшых ва Украіне добраахвотнікаў. Узнагароду атрымалі прадстаўніца родных Міраслава Лазоўскага (Мыш) Ніна Шыдлоўская, а таксама ўдава Васіля Парфянкова (Сябро) Алена Гергель. Яшчэ некалькі медалёў Алена забрала з сабой ва Украіну, каб перадаць родным Івана Марчука (Брэст), Змітра Рубашэўскага (Ганс) і Паўла Суслава (Волат).

Ніна Шыдлоўская

— Дужа хацелася б, каб Міраслаў Лазоўскі мог узнагароду за ягоную мужнасць, за ягоныя таленты і розум камандзіра атрымаць сам. На жаль так не сталася. І я маю гонар атрымаць гэтую ўзнагароду, якая значыць вельмі шмат. Гэта – прызнанне яго як ваяра, як чалавека, які не шкадаваў сябе, гарантуючы бяспеку іншым. Гэта для мяне гонар.

— Вы напярэдадні пералі ў музей беларускіх ваяроў асабістыя рэчы Міраслава. Што гэта за рэчы?

— Калі я прыехала ў Кіеў, мне дазволілі быць на базе, дзе знаходзіліся асабістыя рэчы. Я перабірала тое, што можа прыдасца хлопцам. Бо там бываюць абставіны, калі кожная рэч на ўліку. Але ёсць тое, што каштоўнае для нас, блізкіх, але ўжо не можа паслужыць у гэтай барацьбе. Для мяне важна, каб імя Міраслава працягвала гучаць, бо ён насамрэч гэтага варты. Я перадала ягоныя пальчаткі, якія я яму набывала ў Вільні мінулым летам. Перадала балаклаву і шэўрон батальёна.

— Можна асабістае пытанне: а што вы пакінулі для сябе?

— Нікому не аддам вось гэтую нашыўку (нашыўка «Мыш» – рэд.), гэта тое, што было на ягоным плецаку. Ну і яшчэ пару рэчаў, якія засталіся.

Comments are closed.