Loading

Актыўнасць баевікоў ПВК «Вагнер» на Беларусі працягвае расці. Увесь мінулы тыдзень назіралася нарошчванне іх колькасці. З Расіі прыбывалі ўсё новыя калоны аўтатранспарту, а апошнія спадарожнікавыя фотаздымкі, апублікаваныя ў інтэрнэце, паказваюць, што лагер баевікоў каля вёскі Цэль павялічваецца ў памерах. Баевікі не проста заязджаюць у Беларусь, яны паціху актывізуюцца ў ёй. Ужо ідуць заняткі з беларускімі вайскоўцамі, «вагнераўцы» сталі і гасцямі беларускіх прапагандыстаў тыпу Азаронка, з імі нават сустракаюцца на ўзроўні міністраў.

— Пакуль мы назіраем эфект хутчэй медыйны эфект іх прысутнасці. А што з практычным вайсковым складнікам? Сваім меркаваннем, наколькі эфектыўным можа быць абмен досведам з расійскімі баевікамі для ўзброеных сіл РБ, а таксама аб пагрозах з боку вагнэраўцаў для суседніх з Беларуссю краін, з радыё Ўнэт падзяліўся былы кадравы афіцэр беларускага войска, а цяпер камандзір беластоцкай грэнадзёрскай харугвы Паспалітага Рушэння, з пазыўным «Шляхціч».

Як я стаўлюся да заходу зэкаў у Беларусь? Ну давайце паразважаем трошкі. Што такое «Вагнер»? Гэта найміты-галаварэзы, якія ваююць толькі за грошы. Тое, што яны там гавораць аб вялікай Расіі, і гэтак далей, і таму падобнае – ваенны мяцеж паказаў, што іх цікавяць, толькі грошы. Як толькі рэсурсы ў іх пачалі забіраць на гэтай вайне, яны адразу ж паўсталі. Вагнер на 90%, можа нават на 95%, сфарміраваны з былых зэкаў. То бок, гэта злачынцы, забойцы, гвалтаўнікі. Яны патрапілі ў прыватную ваенную кампанію, якая займаецца тэрорам насельніцтва. І вось зараз уся гэтая каларытная шушара зайшла ў нашу спакойную краіну. Самі разумееце, чаго можна чакаць. Як я стаўлюся да сумесных трэніровак з беларускім войскам? Ну давайце па фактах. «Вагнер» мае баявую падрыхтоўку і мае досвед ваенных дзеянняў. Вопыт ваенных дзеянняў – мясныя штурмы. Але ўсё ж гэта досвед. Яны могуць спакойна перадаваць веды па тактыцы сувязі, кіраванні войскамі, узаемадзеянні паміж відамі і родамі войскаў. Таму што ў іх была як авіяцыя, артылерыя, так і іншыя віды войскаў. Таму ў іх досвед ёсць, але яны дастаткова неэфектыўнае падраздзяленне на гэтай вайне. Гэта значыць, на дадзены момант, калі браць дэ-факта, «Вагнер» з’яўляўся ў расійска-ўкраінскай вайне самым неэфектыўным падраздзяленнем, бо нёс значныя страты пры нязначных выніках. Цяжка адказаць на тое, колькі і чаго ён можа даць, таму што пакуль мы не маем дакладных даных, чаму менавіта будзе «Вагнер» навучаць беларускае войска. Вы зразумейце, сам факт таго, што беларускае кадравае войска вучыцца ў зэкаў, кажа нам пра тое, што беларускае кадравае войска цалкам няздольнае. Гэта значыць, хлопцы не ў стане былі самі прааналізаваць досвед вайны ва Украіне. Яны паклікалі зэкаў, якія іх зараз будуць трэніраваць. Гэта першае. Другое – не забываем, што беларускае войска гэта войска тэрміновай службы. То бок, нават калі яны зараз прыйдуць і падрыхтуюць нейкую пэўную колькасць людзей, праз паўгода гэтыя людзі пойдуць на «грамадзянку», разʼедуцца па працах, можа нехта пакіне краіну. Гэта значыць эфектыўнасць іх падрыхтоўкі будзе дастаткова мінімальнай. Праца з афіцэрамі, зноў жа, зэкі будуць вучыць, кадравых беларускіх афіцэраў? Ніхто пра гэта нават падумаць раней не мог. Але зноў жа, так, будзе перадавацца нейкі досвед. Але вяртаемся да досведу Украіны. Як «Вагнер» сябе паказаў у баі за Бахмут? Гэта дастаткова спрэчны вопыт.

— Зараз расійскія баевікі фактычна без зброі, іх усё яшчэ менш, чым беларускай арміі, але, тым не менш, на тваю думку, ці могуць яны ўяўляць рэальную пагрозу для рэжыма Лукашэнкі і ў выпадку паўторнага мецяжу, ці здолее беларускае войска іх спыніць?

— Цалкам не. Калі не змагло расійскае войска спыніць, а расійскае войска, прабачце мяне, ужо паўтара гады вядзе баявыя дзеянні з прафесійным украінскім войскам. Калі расійскае войска не змагло іх спыніць, то «Вагнер» нават арганізуецца і возьме палкі, дойдзе спакойна да Мінска і зрыне гэты рэжым. Армія Беларусі – гэта на дадзены момант ад 30 да 40 тысяч агульнай колькасці людзей. То бок, калі прыбраць цывільных, то гэта будзе ў раёне 30 тысяч. З іх, тэрміновай службы, якія практычна нічога не ўмеюць, акрамя падраздзяленняў спецназа, калі іх адсеяць, то па факце застанецца 5-7 тысяч штыкоў, на якія Лукашэнка можа спадзявацца. 5-7 тысяч штыкоў, якія не мелі досведу баявых дзеянняў. У «Вагнера» будзе, колькі там яны прагназуюць, 10-15 тысяч. У Беларусі гэта тая сіла, якая проста змяце рэжым. Я думаю, Пуцін на гэта і разлічвае, кантралюючы такім чынам Лукашэнку. У Лукашэнкі проста няма сіл, каб супрацьстаяць дадзенай колькасці вагнераўцаў, таму, асабіста мая думка, што Лукашэнка проста не дапусціць такога вялізнага засяроджвання «Вагнера» ў Беларусі.

— З боку расійскіх палітыкаў, у прыватнасці сенатара Картаполава гучала думка, ці нават пагроза, што вагнэраўцы могуць быць выкарыстаныя дзеля прарыву сувалкскага калідора. Наколькі гэтыя пагрозы могуць быць рэальнымі?

— Я думаю, любы кадравы вайсковец разумее, што гэта глупства. Па-першае, у «Вагнера», наколькі мы ведаем, як дакладвае наша выведка, сапраўды няма цяжкага ўзбраення. Нават, калі ўявіць, што Лукашэнка дасць ім цяжкае ўзбраенне, сам забярэ ў сваёй арміі цяжкае ўзбраенне, перадасць і адправіць іх нібыта браць Сувалкскі калідор, гэта ўсё яшчэ занадта маленькая сіла. Мы выдатна ведаем з афіцыйных крыніц, што ў краіны Балтыі і ў Польшчу перакінуты дадатковыя падраздзяленні НАТА. І гэта не звычайныя падраздзяленні, а сілы спецыяльнага рэагавання. То бок, гэта спецназ. Нават шырыня Сувалкскага калідора дапускае колькасць 10 тысяч чалавек. Для яго прарыву неабходна будзе ў тры-чатыры разы больш. Гэта мінімум.

— А вось калі казаць усёж-такі пра ўзбраенні. Мы ведаем, што Беларусь і так ужо перадала і частку тэхнікі і боепрыпасаў Расіі. Якая ўвогуле сітуацыя ў войску Беларускім з узбраеннем і рыштункам. Ці пацягне беларускае войска ўзбраенне яшчэ і расійскіх баевікоў?

— З узбраеннем у беларускім войску на момант маёй службы было ўжо ўсё вельмі дрэнна. Той тэхніцы, якая стаяла на ўзбраенні, на той момант ужо было 30 год. Гэта значыць зараз тэхніцы і ўзбраенню, якія стаяць ва ўзброеных сілах Беларусі больш за 40 гадоў. Яна ламаецца кожны дзень. На момант маёй службы з трох-чатырох батальёнаў працаздольны батальён быў адзін і тое толькі таму, што з 3-4 батальёнаў збіралася ў першы батальён уся рабочая тэхніка. Калі ўявіць, што гэта ўсё будзе перадавацца «Вагнеру», то беларускае войска, проста ператворыцца ў апалчэнне з аўтаматамі. Але зноў жа, паўтару, я далёкі ад меркавання, што Лукашэнка дасць цяжкае ўзбраенне Вагнеру на ўласнай тэрыторыі. Так, гэтыя хлопцы будуць бегаць з аўтаматамі. Тое, што нам паказалі на відэа. Будуць рыхтаваць тэрабарону, расказваць, як карыстацца дронам. Не больш.

— Як байцы-добраахвотнікі ў харугвах успрынялі навіны аб пераездзе вагнэраўцаў у Беларусі і іх трэніроўкі там?

— Мы не робім раптоўных нейкіх заяў, таму што мы вайскоўцы. Так, зʼяўляюцца новыя выведвальныя даныя. Мы да гэтага падыходзім спакойна. Непрыемна, што такая колькасць галаварэзаў прыбыла ў Беларусь. Значыць для нас стаіць задача маштабавання, якое мы зараз праходзім. Неабходна набіраць большую колькасць добраахвотнікаў. Трэба лепш рыхтавацца, трэба вывучаць больш шчыльна зараз тактыку вядзення баявых дзеянняў групоўкай «Вагнер». Вывучаць узбраенне, якое ў іх зараз будзе і маральна-псіхалагічны стан. Мы спакойна рыхтуемся ў звычайным рэжыме.

Comments are closed.