Танец – адзін з найстаражытнейшых відаў мастацтва. Чалавеку ён заўсёды дапамагаў выказваць эмоцыі, з’яўляўся часткай рытуалаў і сакральных абрадаў, а таксама суправаджаў амаль усе значныя падзеі ў жыцці. Свае танцавальныя традыцыі і асаблівасці былі ў кожнага народа. Беларусы – не выключэнне.
1. Танец круглы год
Як і ў многіх іншых культурах, беларускія народныя танцы былі трывала павязаныя з каляндарна-абрадавым цыклам. Нашыя продкі танчылі на дажынках і зажынках, на Масленіцу і Каляды (па шчырасці, беларусы і без нагоды былі не супраць паскакаць). Танцамі суправаджалася і галоўнае свята лета – Купалле, на якое нашыя продкі вадзілі карагоды. Гэта, дарэчы, найбольш старажытная танцавальная форма, якая меркавана з’явілася напрыканцы I тысячагоддзя нашай эры. Карагод – гэта амаль заўсёды сакральнае трыадзінства песні, абрадавага дзеяння і харэаграфічнага малюнку.
2. Пад што танцавалі? Ды пад усё!
Беларусы танчылі пад любыя інструменты, якія толькі былі пад рукой. Скрыпка, гармонік, цымбалы, а калі што – то проста бубен ці пішчык. Дапамагалі танцу і спевы. Спяваць больш за ўсё любілі прыпеўкі. Гэта надавала яшчэ больш гуллівасці танцам, і часам яны ператвараліся ў невялікія гумарныя спаборніцтвы.
3. У беларусаў амаль няма адзіночных танцаў. Усе – або парныя, або масавыя
Напрыклад, «Лявоніха». Адзін з самых папулярных танцаў і ён жа – адзін з самых масавых. Галоўныя героі харэаграфічнай дзеі – хрэстаматыйныя Лявон і Лявоніха. Харэаграфічная дзея адбываецца вакол іх, і колькасць удзельнікаў не абмежаваная: абы знайшлася пара. Танец вельмі дынамічны і імклівы, але не складаны. Што і прынесла яму папулярнасць.
4. Дзясяткі танцавальных бестселераў
Вядома больш за сотню беларускіх народных танцаў, сярод якіх «Юрачка», «Крыжачок», «Падыспань», «Базар», «Бульба», «Таўкачыкі», «Трасуха», «Верабей». Працягваць можна яшчэ доўга і кожны знаўца падкажа штосьці цікавае і адметнае.
5. На вялікай сцэне – дзякуючы Ігнату Буйніцкаму
На працягу стагоддзяў народы танец існаваў выключна на вёсцы, аднак з’явіўся чалавек, які паказаў нашу традыцыю са сцэны акадэмічнай. І гэта быў Ігнат Буйніцкі. Спачатку ён сабраў трупу, з якой раз’язджаў па ўсёй краіне, а пасля заснаваў беларускі народны тэатр, слава якога сягала самых розных гарадоў.
Напрыклад, 12 лютага 1910 года танцоры Буйніцкага былі запрошаныя на беларускую вечарынку ў Вільню, якую ладзіла рэдакцыя «Нашай нівы». Выступленне тэатру зрабіла фурор. «Трэба прызнацца, што яны ўдаліся на хвалу! – пісаў нашаніўскі карэспандэнт. – Публіка проста адурэла. Усе без канца крычалі: «Брава! Біс!«. Па тры-чатыры разы прыйшлося паказваць кожны танец».
Сёння танцавальная традыцыя працягваецца ў шматлікіх беларускіх калектывах – ад вялікіх акадэмічных, якія маюць прапіску, напрыклад, у філармоніі, да аматарскіх, самадзейных. Паўстаюць цікавыя асяродкі традыцыйнай танцавальнай культуры і за мяжой. Напрыклад, у Варшаве або Гданьску вы можаце далучыцца да аматараў беларускай танцавальнай традыцыі.
Comments are closed.