Loading

У Варшаве 2-3 снежня Каардынацыйная Рада праводзіла слуханні па пытаннях палітвязняў. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі палітычнай і грамадскай супольнасці дэмакратычных сіл, былі і непасрэдна былыя палітзняволеныя. Адна з мэт слуханняў – збліжэнне пазіцый дэмакратычных сіл па гэтым пытанні і выпрацоўка стратэгіі па вызваленні палітзняволеных.

Як адзначыў спікер Каардынацыйнай Рады Андрэй Ягораў, сітуацыя з абмеркаваннямі праблемы занадта зацягнулася. Трэба як мага хутчэй кансалідаваць сілы ўсім дэмакратычным рухам і ініцыятывам і пачынаць рабіць практычныя крокі.

«Мне падаецца, што мы ўжо зацягваем сітуацыю з абмеркаваннем гэтага надзвычай важнага пытання. Каардынацыйная Рада пачала рабіць такога кшталту падзеі і анлайн-слуханні яшчэ ў пачатку лета гэтага года. Гэта такі працяг, калі мы арганізуем афлайн-слуханні. І тут важна выйсці на нейкія канкрэтныя рашэнні і дакументы. Няхай яны не будуць цалкам узгоднены, але, прынамсі, яны будуць прадстаўляць палітру рашэнняў, якія магчымыя ў гэтай сітуацыі».

Гучалі думкі аб абмене палітзняволеных на санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, што падаецца некаторым прадстаўнікам дэмсілаў эфектыўным спосабам вызваліць прынамсі нейкую колькасць людзей. Але, як высветлілася, гэты інструмент зараз абмежаваны. Як патлумачыў кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка, маштабы санкцый не адпавядаюць маштабам рэпрэсій у Беларусі, але фактычна, большасць гэтых санкцый была ўведзеная з іншай нагоды і да палітзняволеных не мае непасрэднага дачынення.

«Мы стымулюем, каб гэты ціск быў даволі моцным. Ён не адпавядае таму маштабу рэпрэсій, якія ажыццяўляе рэжым Лукашэнкі ў адносінах да беларускага народу. І тут размова ўжо ідзе не толькі пра рэпрэсіі ўнутры Беларусі і не толькі пра палітзняволеных, што кожнаму з нас вельмі баліць, але пра больш глабальную праблему, бо зараз ідзе вайна. Вайна Расіі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі з’яўляецца саўдзельнікам. Гэтая комплексная праблема ўключае і міграцыйны крызіс і захоп самалёта, які дагэтуль не расследаваны, злачынцы не пакараныя. Таму тут нашмат больш праблем, якія звязаныя ў адну».

Па выніках слуханняў было адзначана, што ва ўмовах вайны ва Украіне палітвязні могуць разглядацца як закладнікі рэжыму, а ў выпадку арышту ці зняволення з прычыны антываеннай пазіцыі быць трактаванымі як ваеннапалонныя. Таксама адзначана, што мусіць быць запушчаны працэс маніторынгу, збору даных і аналізу сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі.
У выніковай рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да дзяржаў, што падпісалі міжнародныя праваабарончыя канвенцыі і дамовы, патрабаваць ад рэжыму Лукашэнкі вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій, у прыватнасці правесці перамовы з прадстаўнікамі краін, якія маглі б аказаць значны палітыка-эканамічны ціск на рэжым з мэтай спыніць рэпрэсіі, арганізаваць экспертную групу з удзелам зацікаўленых ініцыятыў і арганізацый па распрацоўцы стратэгій спынення палітычных рэпрэсій. У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік і да палітычных структур устрымацца ад крытыкі любых спроб вызвалення палітвязняў ці выкарыстання пытання палітвязняў у перадвыбарных і персанальных піяркампаніях.

Comments are closed.