Loading

У Чарнігаўскім абласным мастацкім музеі імя Р. Галагана адкрылася фотавыстава «З Украінай у сэрцы». Яна распавядае пра беларусаў, якія загінулі ў расійска-ўкраінскай вайне за свабоду Украіны і Беларусі. 

Адкрываючы выставу, яе ініцыятар, кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч адзначыў, што для яго вельмі важна паказаць унёсак беларусаў у змаганне супраць расійскай агрэсіі менавіта ў Чарнігаве – рэгіёне, куды ў лютым 2022 года з тэрыторыі Беларусі ўвайшлі расійскія захопнікі. У самім Чарнігаве дагэтуль захаваліся сведчанні таго нападу – разбураныя будынкі і цэлыя раёны. 

Намеснік начальніка Чарнігаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Вашчанка заўваўжыў, што беларусы Чарнігаўскай вобласці падзяляюць беларусаў на сапраўдных беларусаў і на тых, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Тым не менш тут не забываюць, адкуль было нападзенне ў лютым 2022 года.   

“Насамрэч, Чарнігаўская вобласць, як і ўся Украіна, зазнала падступны ўдар у спіну, калі расійцы паехалі з тэрыторыі Беларусі. Зараз у вобласці налічваецца болей за 10 тысяч толькі зарэгістраваных разбураных і пашкоджаных аб’ектаў нерухомасці. Вядома ж, мы ўсе памятаем, як гэта ўсё было, і мы памятаем, што вайна на ўсёй тэрыторыі Украіны працягваецца. З нагоды Беларусі ўвесь час у інфармацыйнай прасторы лунаюць паведамленні інфармацыйна-псіхалагічных падраздзяленняў Расійскай Федэрацыі пра тое, што будзе чарговы наступ з тэрыторыі Беларусі, як гэта было ў лютым-сакавіку 2022 года. Але грамадства ўжо больш стрымана да гэтага ставіцца, таму што мы пастаянна назіраем і тлумачым, што там няма ніякіх ударных падраздзяленняў. Праз амаль два гады паўнамаштабнага ўварвання мы спакайней ставімся да пагрозы з тэрыторыі Беларусі. Але мы не забываем, што адтуль ехалі танкі, ляцелі ракеты і забівалі нашых людзей».

Падчас адкрыцця выставы набажэнства на беларускай мове правёў святар Праваслаўнай царквы Украіны Яўген Орда. Ён, дарэчы, з’яўляецца этнічным беларусам. Па словах айца Яўгена, у Чарнігаўскай вобласці жыве найбольшая беларуская дыяспара ва Украіне: 

«Найбольшая беларуская дыяспара, якая існуе ва Украіне – у Чарнігаве. У Гомелі і вобласці жыве 40 тысяч украінцаў. Тут жыве 22 тысячы беларусаў. І гэтыя людзі ёсць сапраўднымі грамадзянамі сваёй дзяржавы. Я ведаю дзевецярых беларусаў, які паклалі сваё жыццё ў барацьбе за нашу ўкраінскую дзяржаву, за нашу Радзіму. Яны заўжды былі ўкраінцамі і заўжды застаюцца беларусамі».

Першая намесніца старшыні Чарнігаўскай абласной рады Ніна Лемеш адзначыла, што падчас акупацыі многія ўкраінцы атрымалі дапамогу ад сапраўдных беларусаў: 

«Ёсць факты, і яны не адзінкавыя, калі ў лютым-сакавіку 2022 года жыхары Чарнігаўшчыны, акупаваных тэрыторыяў – іх было вельмі шмат, і вялікая колькасць людзей літаральна за лічаныя гадзіны трапіла ў атачэнне, яны атрымалі нечаканую для сябе дапамогу з боку беларусаў. Я ведаю людзей, якія выязджалі з акупаванай тэрыторыі на тэрыторыю Беларусі і атрымлівалі там лекі, хлеб, прадукты харчавання. Яны камунікавалі са сваімі родзічамі, камунікавалі з незнаёмымі людзьмі і чулі пазіцыю беларусаў. Што беларусы гэта не падтрымлівалі. Сам рэжым беларускі прыняў такое рашэнне і такія падзеі і дзеянні адбыліся, а цывільнае насельніцтва падтрымлівала менавіта ўкраінцаў. І сёння падтрымлівае барацьбу ўкраінцаў за сваю свабоду і незалежнасць”. 

На адкрыцці выставы была і прадстаўніца ранейшай афіцыйнай беларускай дыяспары Ніна Камінская. Яна кажа, што не адчула змянення стаўлення з боку ўкраінцаў пасля ўварвання расійскіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі: 

«Беларусы, якія жывуць ва Украіне, у гэтым выпадку – чарнігаўскія, мы за Украіну і за Беларусь. Мы супраць вайны, супраць нейкіх ваенных дзеянняў. Мы за сяброўства Беларусі з Украінай. Нашы продкі таксама сябравалі з Украінай. Гэта я магу з упэўненасцю сказаць па сваіх бацьках, як яны ставіліся да Украіны, калі я яшчэ была ў школьных гадах. Яны распавядалі пра Украіну, цікавіліся Украінай. І ўкраінцы прыязджалі. І зараз шмат украінцаў жыве ў Беларусі, а беларусаў ва Украіне. Мы як браты і сёстры. Паміж беларусамі і ўкраінскім народам я нічога негатыўнага не адчула”

Рэпартаж з адкрыцця выставы можна слухаць у плэеры ніжэй

Comments are closed.