Loading

Курсы беларускай мовы «Мова Нанова» адзначаюць 10-годдзе. Гэта адбываецца ў складаных умовах: многія выкладчыкі і шмат хто са слухачоў мусілі ўцякаць з краіны, а саму ўстанову ўлады ліквідавалі. Тым не менш, курсы «Мова Нанова» зараз сустракаюць беларусаў шмат у якіх гарадах і краінах і працягваюць карыстацца папулярнасцю. 

Суарганізатарка курсаў «Мова Нанова з Варшавы» Алеся Каролік:

Студзень 2024 года з’яўляецца важным месяцам, бо менавіта ў гэты месяц 10 гадоў таму ў Мінску пачаліся першыя заняткі па вывучэнні беларускай мовы «Мова Нанова». І, мне падаецца, што стартаваў новы перыяд, новая эпоха папулярызацыі беларускай мовы сярод насельніцтва. І сапраўды вельмі-вельмі ўражвала тады і ўражвае цяпер, таму што да Мінска далучыліся іншыя гарады. Усяго, па Беларусі было каля 20 гарадоў. І людзі прыходзілі. 

У Мінску гэта былі аншлагі, калі прыходзіла па некалькі соцень чалавек на заняткі. Я сама на заняткі «Мова Нанова» прыйшла акурат у Мінску. Было гэта напрыканцы 2015 года. Я была проста пад вялікім уражаннем, што нават магло не хапіць стуліка, каб сесці, людзі стаялі, абапіраліся аб сцены. 

І гэта не былі проста звычайныя заняткі, дзе ты вывучаеш правілы, граматыку, робіш нейкія практыкаванні. А гэта была яшчэ і вялікая асветніцкая дзейнасць. Таму што, дзякуючы гэтым курсам, на якія прыходзілі і знакамітыя музыкі, пісьменнікі, дзеячы культуры, людзі з навукі, якія размаўлялі па-беларуску, і такім чынам наведвальнікі, слухачы бачылі гэтых людзей. 

Вось такія прыемныя ўспаміны ў мяне асабіста, я думаю, шмат у каго. Не так даўно я чула інтэрв’ю з адным маладым беларускім блогерам, дзе ён казаў, што пачаў размаўляць па-беларуску менавіта, дзякуючы курсам «Мова Нанова». 

Гэты праект быў вельмі няўгодны цяперашнім уладам. І, на жаль, «Мова Нанова» як сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры была ліквідаваная ў 2021 годзе. Гэта, канешне, ударыла па нас усіх – арганізатарах і выкладчыках. Паўстала пытанне, што рабіць далей. Але, можна ліквідаваць юрыдычную асобу. Але, як мы ведаем, ідэю ліквідаваць немагчыма. Асабліва, калі гэта ў нашых сэрцах і мы лічым, што гэта наша місія – захаваць нашу родную мову, нягледзячы ні на якія перашкоды, якія ўзнікаюць. 

Асабіста я, пераехаўшы ў Варшаву, прайшоўшы этап адаптацыі, захацела аднавіць дзейнасць курсаў хаця б за мяжой, таму што прыбывала ўсё больш беларусаў і беларусак. Мы скантактаваліся з арганізатарамі з іншых гарадоў і стартанулі ў Варшаве. 

Пасля далучылася Вільня. Цяпер мы натхняемся заняткамі, якія адбываюцца ва Уроцлаве, і таксама збіраюць вялікія аншлагі. Ці, да прыкладу, у Грузіі таксама стартанулі. Ці ў Рызе. Беласток. У Труймясце ёсць заняткі. Торунь. Ці не так даўно пачаліся заняткі для дзетак у ЗША ў горадзе Шарлат. Нават адны заняткі адбыліся ў Кіеве перад 24 лютага 2022 года. 

Можа, нехта думае, што «Мова Нанова» мае нейкую вялікую фінансавую падтрымку. Але насамрэч гэта не так. Мы не маем аніякай фінансавай падтрымкі. Усё гэта існуе, дзякуючы валанцёрству арганізатараў. Ва Уроцлаве збіраюць, як кажуць, у капялюш. І гэта яшчэ больш натхняе.  

Можа, хтосьці задасць пытанне, чаму мы не падаваліся на гранты, каб атрымаць грантавую падтрымку. І скажу я вам, што мы падаваліся. На жаль, падзеі ва Украіне перабілі ўвесь парадак дня. Нас не падтрымалі. Такім адукацыйным курсам цяжка атрымаць фінансавую падтрымку, таму што патэнцыйныя грантадаўцы заўсёды хочуць бачыць вынік. А гэта адукацыйны працэс і даволі цяжка пабачыць гэтыя вынікі – ці больш, ці менш людзей пачалі размаўляць па-беларуску ці ўжываць беларускую мову ў сям’і, на працы, з сябрамі ці яшчэ дзе-кольвек. 

Дзякуй, канешне, што і простыя людзі падтрымліваюць. Да прыкладу у мінулым годзе ў нас узніклі тэрміновыя патрэбы ў закрыцці пэўных фінансавых пытанняў, і людзі літаральна за 24 гадзіны сабралі нават больш за тое, што мы прасілі. Таму ў гэтым годзе мы таксама звярнуліся да беларусаў і беларусак замежжа, у прыватнасці Польшчы. Таму што, дзякуючы польскай платформе zrzutka можна рабіць зборы дастаткова проста. 

І ў гэтым годзе мы таксама папрасілі беларусаў і беларусак падтрымаць нас у сувязі з дзесяцігоддзем. І вельмі цешыць і радуе, што людзі адгукаюцца. Напярэдадні я глядзела, што мы ўжо сабралі больш за 1000 злотых з пастаўленай сумы 1500. І я думаю, што, безумоўна, гэтая сума збярэцца. Я бачыла, што ёсць ахвяраванні ад 1 злотага і да 150 злотых. 

Заклікаем усіх больш ужываць беларускую мову. Мы бачым, што сапраўды ёсць зрухі – павялічылася колькасць кантэнту ў сацыяльных сетках. З’явіліся не толькі нейкія мэтанакіраваныя арганізацыі ці супольнасці па пашырэнні беларускай мовы, але і з’явіліся блогеры і блогеркі, якія сталі часцей ўжываць беларускую мову ў акаунтах, звязаных, напрыклад, з гатаваннем ежы, ці па фізіцы, па хіміі, па гісторыі. Гэта вельмі важна. Таму заклікаю ўсіх заставаца з роднай мовай.

Слухаць інтэрв’ю можна ў плэеры ніжэй

Comments are closed.