Loading

Напярэдадні  дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі законапраект аб зменах у закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Згодна з дакументам улады змогуць пазбаўляць грамадзянства беларусаў па нараджэнні – пералічаны 55 артыкулаў Крымінальнага кодэксу па якіх гэта могуць зрабіць. Раней у Беларусі ўвялі завочныя суды, якія ўжо пачалі праводзіць над палітычнымі актывістамі, што з’ехалі з краіны. Чарговыя навэлы беларускага заканадаўства каментуе юрыст Міхась Кірылюк.

У прававой сферы Беларусі адбываецца прававы дэфолт, які пачаўся ў 2020 годзе. Восенню таго года дакладчык АБСЕ напісаў, што ў Беларусі ўжо няма rule of law, а ёсць спробы rule by Law. Што азначае, верхавенства права няма, а ёсць спробы кіравання з дапамогай права і ўтрымання з ягонай дапамогай незаконна захопленай улады.

Завочныя суды пачаліся раней. Я працаваў больш за паўгады з Паўлам Латушкам і памятаю, як у яго забіралі маёмасць, дом праз завочнае так званае грамадзянскае судовае разбіральніцтва. Мы тады напісалі ліст з просьбай дапусціць нас да ўдзелу ў справе. І спачатку нам нават далі такі дазвол. Але перад самым пасяджэннем адмовілі, сказалі, што няма тэхнічнай магчымасці. То бок, суддзя спужаўся нашага выступу ў судзе. Гэта значыць, што яны ацэньваюць сваю пазіцыю, як вельмі слабую настолькі, што яе можа падарваць выступ з Варшавы.

Тое ж самае мы зараз бачым у крымінальных справах. Калі актывістка папрасіла азнаёміцца са справай супраць яе. Ёй адмовілі. «Адвакат» не захацеў з ёй размаўляць, заблакаваў. Бо ніякі гэта не адвакат, а хаўруснік арганізаванай злачыннай групоўкі ГУБАЗік. Як яшчэ можна назваць чалавека, які адмаўляецца даваць інфармацыю таму, каго нібыта лічыць сваім кліентам.

Гэтыя суды нічым іншым, як палітычным пераследам не з’яўляюцца. Мэта гэтых судоў – застрашаць палітычных апанентаў. Дадатковай мэтай можа яшчэ быць канфіскацыя маёмасці на тэрыторыі Беларусі. І яшчэ адна мэта – паспрабаваць яшчэ раз кагосьці абвесціць у міжнародны вышук, стварыць чалавеку праблемы. Бо раней былі выпадкі, калі палітычных актывістаў абвяшчалі ў вышук па эканамічных справах і ў некаторых краінах, што не хутка рэагавалі на сітуацыю, людзей затрымлівалі і тыя пасля месяцамі вымушаныя былі тлумачыць, што іх справы палітычна матываваныя.

Пазбаўленне грамадзянства – чарговы крок палітычна пераследу апанентаў. Яго можна назваць сімвалічным, бо тым, хто з’ехаў гэта ніяк не нашкодзіць. Зараз беларускае грамадзянства хутчэй перашкода, чым падтрымка ці абарона. Бо што з сябе ўяўляе інстытут грамадзянства? Гэта прававая сувязь чалавека і дзяржавы. Калі я плачу падаткі, адбываю службу ў войску, а дзяржава мяне абараняе.

А зараз атрымліваецца, што я ўсіх грамадзянскіх правоў ужо пазбаўлены. Я не магу ўдзельнічаць ні ў мясцовых, ні ў прэзідэнцкіх выбарах. На мітынгі хадзіць не магу, як і свабодна выказвацца. Калі я буду ў Беларусі, мяне пасадзяць і будуць катаваць. У войску мяне могуць адправіць не краіну бараніць, а людзей збіваць, ці ваяваць супраць Украіны.

Мае адносіны з дзяржавай два гады як разарваныя дэ-факта. Таму, калі гэта адбудзецца і дэ-юрэ, гэта толькі спрасціць мне жыццё. Я і раней у беларускую амбасаду не хадзіў, а зараз будзе нагода паказваць польскім ці літоўскім службам факт пазбаўлення, каб яны не патрабавалі паперы, якія ніяк не атрымаеш.

Таму гэта такое застрашэнне і прыклад для хаўруснікаў рэжыму. А людзям у краіне будзе нагода паказаць, што іх кандыдаты і лідары нават ужо і не грамадзяне.

Пазбаўленне грамадзянства па юрыдычных нормах не можа быць падставай для канфіскацыі маёмасці. Але ёсць прыклад таго ж Паўла Латушкі, якога абвінавацілі ў закліках да беспарадкаў, пад час якіх здарыўся вялікі пажар. У Латушкі забралі дом і далі штраф на 4 мільёны рублёў. Вось вы памятаеце, каб Латушка на браневічку справакаваў пажар на амаль мільён даляраў? А беларускі міліцыянер памятае і нават даведку адпаведную мае. Яны разважаюць катэгорыямі вайны. Вось вораг, давайце забярэм у яго маёмасць. А падставу потым прыдумаем.

Спадзяюся, што з прыходам новай улады, калі тая будзе зацікаўлена ў развіцці краіны, усе лукашэнкаўскія палітычныя прысуды і рашэнні будуць адменены. Пацярпелых ад рэжыму амністуюць і выплацяць кампенсацыі.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.