Loading

Дзевяць чальцоў Каардынацыйнай рады патрабуюць роспуску цяперашняга складу протапарламента дэмакрытчных сіл. Адпаведная петыцыя размешчана на сайце change.org.

Як адзначаюць яе аўтары, у іх выклікаюць пытанні настрой паражэння і заклікі да пачатку перамоваў з Лукашэнкам аб вызваленні вязняў у абмен на прызнанне імі сваёй віны. Акрамя таго выказваецца занепакоенасць «распаўсюджваннем у КР карупцыйных практык, спробаў атрымаць дэлегатамі фінансавай выгады праз непразрыстыя схемы».

Аўтары заклікаюць іншых дэлегатаў другога складу КР датэрмінова скласці паўнамоцтвы, нацыянальнага лідэра Святлану Ціханоўскую, а таксама спікера КР Андрэя Ягорава, прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета стварыць групу з прафесіяналаў і экспертаў для фарміравання наступнага складу КР у выніку бяспечнага, простага і таемнага галасавання ўсіх грамадзян Беларусі.

Што стала падставай для стварэння петыцыі, чаму яна з’явілася за некалькі тыдняў да фактычнага спынення паўнамоцтваў цяперашняга складу Каардынацыйнай рады і чым канкрэтна незадаволены падпісанты, радыё Ўнэт спытала ў аднаго з аўтараў дакумента, сябра Каардынацыйнай Рады Міхаіла Рубіна.

— Рашэнне выказаць сваё меркаванне ў форме петыцыі мы прынялі за некалькі дзён да яе апублікавання. Падпісалі яе не толькі сябры нашай фракцыі, але і іншых, якія не бачылі свайго месца ў КР менавіта ў такім складзе. Гэтая група існуе ўжо пэўны час, мы вырашалі, як сваё меркаванне можна данесці да калег і вынесці ў медыйнае поле.

— А што стала ключавой, канчатковай кропкай?

— Для кожнага была свая кропка. «Чырвоныя лініі» мы абазначылі ў нашай петыцыі, акрамя петыцыі ёсць яшчэ адкрыты зварот да сябраў КР. Для мяне асабіста значную ролю ігралі не палітычныя моманты, а немагчымасць весці рэальны, прамы дыялог унутры КР. Абстаноўка, якая там склалася, не спрыяла працоўнай атмасферы – грубыя каментары, тролінг – цяжка было ў такой атмасферы працаваць.

Я хачу падкрэсліць, што былі дэлегаты і ёсць дэлегаты, з якімі прыемна кантактаваць, канструктыўна можна працаваць. Але, на жаль, тое, што гэты склад КР не абіраўся, а людзі туды дэлегаваліся арганізацыямі, часта гэта было самадэлегаванне, да такой сітуацыі і прывяло: сабраліся людзі, для якіх такія грубыя метады камунікацыі абсалютна нармальныя.

З іншага боку мы заяўляем, што такая арганізацыя як КР патрэбна, такая дыскусійная пляцоўка, абраная, неабходна. Мы ніяк не хочам разваліць КР нашай петыцыяй, мы хочам дапамагчы трэцяму складу пазбегнуць памылак другога. Я, калі ішоў у КР, адразу казаў, што наша праца накіравана на тое, каб стварыць інстытут дэмакратыі, але атрымалася тое, што атрымалася. Мы вымушаны былі пайсці на такі крок за 8 тыдняў да завяршэння паўнамоцтваў КР другога склікання. Мы бачым, што структуры мы не нашкодзім, а грамадскасці прадэманструем праблемы КР.

Зараз КР рыхтуецца да выбараў. І для нас важна, каб гэта былі выбары, і тады мы таксама гатовы ў іх удзельнічаць. Але калі гэта зноў будзе дэлегаванне, нават у невялікім працэнце, як зараз прапануецца, гэта фактычна будзе 15% самапрызначэння, і мы будзем мець рызыку, што застануцца тыя ж самыя людзі і структура будзе не зусім працоўнай.

— А Вы за які варыянт выбараў у КР?

— Для мяне асабіста можа быць адна канцэпцыя, гэта рэальныя выбары. Ці будуць яны па спісах, з адным ці трыма галасамі – гэта ўжо дэталі, але гэта павінны быць выбары без усялякага дэлегавання. Калі такія выбары будуць па нейкіх прычынах немагчымымі ці інтарэс да іх будзе мінімальны, а мы гэта бачым, бо наша петыцыя за суткі сабрала толькі 50 галасоў, хоць крытыкі было вельмі шмат у апошні час. Калі такога інтарэса не будзе на саміх выбарах, то можна аб’явіць, што яны не адбыліся і прыйсці да ідэі дэлегавання, але гэта не будзе КР, а будзе пэўны савет экспертаў, дзе можна абмяркоўваць пытанні. А для легітымнага прадстаўніцтва беларусаў у нас ёсць Святлана Ціханоўская, якая легітымнасць атрымала падчас апошніх выбараў, і спраўляецца цудоўна са сваёй працай – нясе гэтую легітымнасць далей па свеце.

— Я чула, што Ваша група была нязгодна з магчымымі перамовамі з Лукашэнкам, каб вызваліць палітвязняў. Што не падабаецца Вам такі настрой паражэння. Было такое?

— Так. Вельмі рэзала вуха на слуханнях па палітвязнях, калі гучала ад калег, што трэба прызнаць паражэнне і часткова прызнаць рэжым, каб з ім можна было весці перамовы. Але для мяне, маіх калег па фракцыі і тых, хто падпісаў петыцыю, такі варыянт проста непрымальны. Тут можна сказаць, што мы ўсе жывем вельмі даўно за межамі Беларусі, у краінах з даўняй дэмакратычнай гісторыяй. Я асабіста жыву ў Германіі ўжо 28 гадоў, шмат гадоў быў актыўным у нямецкай палітыцы, і мне цяжка пагадзіцца з паражэннем пасля трох гадоў жыцця, адданых на дапамогу маёй радзіме, на тое, каб змяніць сітуацыю. І тым больш прызнаць рэжым. І вось наш праект «Народныя амбасады» апошнія тры гады займаецца тым, што тлумачыць урадам краін, дзе мы жывем, парламентарыям, нелегетымнасць самапрызначанага прэзідэнта Беларусі, і раптам пра гэта заяўляе арганізацыя, у склад якой я ўваходжу, фактычна заяўляе гэта маім голасам.

— А што адносна заяў пра карупцыю ў КР? У Вашай петыцыі ёсць такі пункт. А ці ёсць нейкія доказы?

— Мы не абвінавачваем нікога канкрэтна. У цэлым гэта не прамая карупцыя, а гэта прыход у КР арганізацый і структур, каб пасля знайсці і атрымаць фінансы на сваю дзейнасць. Такога таксама не павінна быць у новым складзе КР.

— За суткі, якія прайшлі пасля з’яўлення петыцыі, якую рэакцыю вы атрымалі: словы падтрымкі, хейт?

— Ад і да. Такіх эмоцый у мяне ўжо даўно не было. З аднаго боку нас абражалі, абвінавачвалі ў тым, што мы агенты Крамля, агенты КДБ, а з іншага – шмат было падтрымкі, слоў салідарнасці, прапаноў дапамогі. І гэта рэальна паказвае зрэз беларускай грамадзянскай супольнасці. Зараз мы збіраем рэакцыю. І калі не будзе ніякіх адэкватных рашэнняў з боку КР і гэты хейт унутры супраць нас будзе працягваецца, то мы пакідаем за сабой права датэрміновага выхаду з КР.

— А ці могуць Вас выключыць?

— Дарэчы ўжо гучаць галасы аб выключэнні нас. І, дарэчы, адна з «чырвоных ліній» для нас была траўля Сцяпана Сцепаненкі, спроба яго выключэння, у выніку яму прыйшлося пакінуць КР якраз за крытыку. Я не вельмі быў згодны з формай яго крытыкі, я бы не публікаваў гэта на сайце парламента іншай еўрапейскай краіны. Тым не менш там было шмат крытыкі, пасля якой былі галасы аб яго выключэнні, зараз гучаць галасы аб нашым выключэнні. Я спадзяюся на розум калег, якія на такі крок не пойдуць. Калі чытаць нашую петыцыю, то яна накіравана не супраць КР, а для яе і за яе.

Comments are closed.