Loading

20 і 21 кастрычніка Святлана Ціханоўская наведала Малдову. Яна ўзяла ўдзел у міжнародным жаночым форуме Moldova Women Forum, які праходзіў пад Кішынёвам. Там Ціханоўская выступіла з прамовай. Таксама лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі сустрэлася з прэзідэнткай Малдовы Маяй Санду. Пра тое, як выступ Ціханоўскай быў успрыняты ўдзельнікамі міжнароднага жаночага форуму і як у Малдове адрэагавалі на візіт Святланы Ціханоўскай радыё Ўнэт распавеў палітычны аналітык, былы прадстаўнік Рэспублікі Малдова пры Еўрасаюзе і ААН і адзін з мадэратараў Moldova Women Forum Аляксей Тулбурэ.

— Гэта быў першы візіт спадарыні Ціханоўскай у Малдову. Яна ўдзельнічала ў міжнародным форуме жанчынаў Moldova Women Forum – 2023. Яна выступала на гэтым форуме. Я прысутнічаў падчас выступу. Гэта быў цудоўны выступ, у якім яна распавядала пра гераічны супраціў беларусаў дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі. Называла імёны, у тым ліку сваіх калег у змаганні, палітычных зняволеных, казала пра іх цяжкі лёс і пра тое, што дэмакратычная апазіцыя робіць для таго, каб наблізіць момант вызвалення Беларусі ад дыктатара Лукашэнкі.
Ну і з вельмі важнага: спадарыня Ціханоўская заявіла, што будучыню Беларусі яна бачыць толькі ў Еўрапейскім саюзе. Гэта гарантыя бяспекі і нармальнага развіцця ды дабрабыту краіны. Што тычыцца ўзаемадачыненняў паміж Беларуссю і Малдовай, то яна, адказваючы на пытанне, што можа дэмакратычны свабодны свет зрабіць яшчэ для таго, каб беларусы таксама набылі свабоду, як і Украіна, і Малдова, як іншыя краіны рэгіёна, заявіла пра тое, што нам трэба ведаць адно аднаго болей, разумець адно аднаго болей і тады нам будзе зразумела, як мы можам адно аднаму дапамагчы.

Распавяла пра тое, як яна са сваімі калегамі ствараюць, як яна іх называе, протаорганы дзяржаўныя за мяжой – варта разумець, урад і парламент на выгнанні, у якіх удзельнічаюць беларусы, беларуская апазіцыя. Увогуле, гэта дае спадзяванне на тое, што рана ці позна гэтыя протаорганы зробяцца дзяржаўнымі органамі Беларусі і будуць збірацца і дзейнічаць унутры краіны, а не за яе межамі.

У межах гэтага візіту спадарыня Ціханоўская сустракалася з прэзідэнткай Малдовы спадарыняй Санду, удзельнічала ў іншых мерапрыемствах.

Сустракалі яе захоплена. Гэта неабходна адзначыць – і на форуме, і прэса, і ўсе, з кім яна камунікавала ў Малдове выказвалі ёй сваё захапленне і падтрымку. Я гэта бачыў на ўласныя вочы. Насамрэч, яна мне глыбока сімпатычная, гэтая жанчына. Гаварыла вельмі добра і сапраўды яе прымалі авацыямі: усе ўзнімаліся, абдымалі яе, падтрымлівалі. Малдова надае падтрымку дэмакратычнай апазіцыі Беларусі.

Цяперашняя Малдова, праеўрапейская Малдова, не вызнае легітымнасць Лукашэнкі, легітымнасць дзяржаўных органаў цяперашняй «Белоруссии» і ўвогуле гатовая супрацоўнічаць са спадарыняй Ціханоўскай і з тымі структурамі, якія яна вакол сябе стварае.

Comments are closed.