Loading

Прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ падчас міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць рэжыма Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя» у Вільні заявіла, што яе краіна працягне збор доказаў злачынстваў Лукашэнкі і Пуціна, і давядзе справу да вердыктаў суда.

Шыманітэ таксама паведаміла, што ўжо ёсць сведчанні, якія пацвярджаюць удзел рэжыму Лукашэнкі ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь. Паводле яе слоў, збор доказаў працягваецца, а міжнародны крымінальны суд мусіць выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі, як раней гэта было зроблена на адрас Пуціна.

— Гаага чакае цябе. У жніўні 2020 года гэта было адным з пасланняў, якія пакінулі грамадзяне Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Чалавеку, які ўзурпаваў прэзідэнцкую пасаду ў Беларусі на 6 тэрмінаў, не перамогшы ні на адных выбарах сумленна. Заўсёды праз фальсіфікацыі, перапісванне Канстытуцыі, пераслед палітычнай апазіцыі і незалежных медыяў, заключэнні ў турму па палітычных матывах, гвалтоўныя знікненні і выгнанне. Нават забойствы. Шостыя выбары запар, скрадзеныя нахабней, чым калі-небудзь дагэтуль, сталі апошняй кропляй цярпення беларускага народа. Гэта прывяло да беспрэцэдэнтных мірных пратэстаў і да агрэсіі рэжыму супраць людзей, СМІ і грамадскай супольнасці, часта таксама на беспрэцэдэнтным узроўні. Рэпрэсіі працягваюцца. Яны ніколі не сканчваліся падчас нелігітымнай улады Лукашэнкі. Аднак адна рэч змянілася ў апошнія два гады.

Лукашэнка адмовіўся ад сваіх ілжывых завярэнняў у беларускай нейтральнасці. Беларускі дыктатар вырашыў перайсці на ўзровень вышэй, з унутранага тэрору да тэрору міжнароднага. Спачатку праз прымусовую пасадку рэйса Ryanair, калі ён узяў у закладнікі больш за сотню грамадзян Еўрасаюза. Толькі дзеля таго, каб схапіць і зламаць Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу. Потым – мэтанакіравана спрабуючы стварыць нелагічны, штучны, нелегальны міграцыйны шлях у Еўропу, падштурхоўваючы мігрантаў да перамяшчэння ў ЕС праз літоўскую, латвійскую ці польскую мяжу, ствараючы з людзей зброю. Людзей, якія заплацілі рэжыму каб дасягнуць абяцаных ім земляў, якімі ніколі не былі Літва, Латвія ці Польшча. І ў рэшце рэшт, Лукашэнка стаў саўдзельнікам у расійскім злачынстве і безлічы ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых ва Украіне.

Працягваюць збірацца доказы таго, што рэжым Лукашэнкі і кампаніі, якія ён кантралюе, могуць таксама быць датычныя да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі – элемент расійскіх этнічных чыстак на тэрыторыі Украіны. Злачынства, у здзяйсненні якога ўжо быў абвінавачаны Пуцін, за што і атрымаў ордэр на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда. Я спадзяюся, што Лукашэнка так сама атрымае такі ордэр.

Я ганаруся тым, што Літва была першай краінай-сябрам, якая даслала афіцыйны запыт у Міжнародны крымінальны суд пачаць расследаванне злачынстваў Расіі і Беларусі, якія былі ўжо здзейсненыя і працягваюць здзяйсняцца.

Літва таксама падасць у суд на Беларусь пад Лукашэнкам, за мэтанакіраваную кантрабанду нелегальных мігрантаў. Мы намагаемся, каб гэтая справа была разгледжана арбітражным судом альбо міжнародным судом. У нас дастаткова доказаў, і мы будзем патрабаваць пакрыцця ўрону, у тым ліку за тое, што ў 21 стагоддзі прыйшлося будаваць сцяну ў цэнтры Еўропы. Сцяну, якую мы з задавальненнем разбурым, калі людзі Беларусі змогуць вызваліць сваю краіну і вярнуць яе да дэмакратыі. І людзі ў Беларусі патрабуюць нашай дапамогі і нашай увагі.

Мірная рэвалюцыя 2020 года яшчэ пакуль не перамагла. Гнеў, які мы адчувалі падчас жорсткага падаўлення пратэстаў, магчыма, меркне, у параўнанні з той бесчалавечнасцю, якую мы ўбачылі ва Украіне. Але варта памятаць, што першай ахвярай рэжыму Лукашэнкі, як і любога рэжыму, звычайна з’яўляецца ўласны народ. Гэтыя людзі заслугоўваюць правасуддзя і мы павінны ім яго даць.

Я ганаруся тым, што Літва была адной з першых краін, якія пачалі справы ў межах універсальнай юрысдыкцыі. Шмат доказаў было сабрана і праца працягваецца. Мы павінны давесці гэта да прысудаў.

Comments are closed.