Камітэт па міжнародных справах Еўрапарламента прыняў справаздачу пра стасункі ЕС і Беларусі. Сярод іншага ў дакуменце маецца заклік да Міжнароднага крымінальнага суда разгледзець магчымасць выдачы ордэру на арышт Аляксандра Лукашэнкі. Прыняцце ў Еўрапарламенце гэтай справаздачы ды імавернасць арышту Лукашэнкі каментуе дарадца па прававых пытаннях Офісу Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.
— Што вынікае з прэс-рэлізу, размешчаным на сайце Еўрапарламента? Па-першае, там узгаданая ўвогуле сітуацыя, якая адбываецца ў Беларусі, калі так абагульніць, з правамі чалавека. Гэта тое, што ёсць палітзняволеныя, іх колькасць, увогуле пералічана тое, якія людзі становяцца палітзняволенымі, што гэта і лідары партый, прафсаюзаў, праваабарончых арганізацыяў і гэтак далей. Па-другое, акрэслена сітуацыя сузалежнасці Беларусі ад Расіі, а таксама падкрэслены ўдзел Беларусі ў злачынствах, якія адбыліся на тэрыторыі Украіны.
І з гэтага вынікае адзін з галоўных пасылаў, што зараз еўрадэпутаты звяртаюцца да Міжнароднага крымінальнага суда, менавіта да пракурора, каб ён разглядаў пытанне аб выдачы ордэра ў дачыненні Лукашэнкі. Тут трэба разумець, што еўрадэпутаты не тое, каб маюць прамы ўплыў на пракурора МКС і не тое, што іх заклік адразу робіцца падставай, каб пракурор разглядаў менавіта гэтае пытанне. Але гэта падстава для таго, каб адвакатаваць з партнёрскімі краінамі, чальцамі Рымскага статуту – гэта такі дакумент, які рэгулюе дзейнасць Міжнароднага крымінальнага суда.
З улікам таго, што Беларусь не з’яўляецца краінай-чальцом Рымскага статуту, то тут ёсць праблема, што толькі пракурор прымае гэтае рашэнне заводзіць справу. І гэта можа быць паводле нейкай грамадскай ініцыятывы, як, напрыклад, ініцыятыва справаздачы НАУ, дзе змешчаныя доказы перамяшчэння дзяцей з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Беларусі. Гэта з’яўляецца злачынствам, таму што гэта адбылося падчас ваенных дзеянняў. Гэта парушае міжнародныя абавязальніцтвы. На падставе такіх справаздачаў і зваротаў, камунікацыі з пракурорам МКС, і, калі гэта ўзмацняецца зваротамі дзяржаваў, то тады пракурор можа прыняць рашэнне разгледзець гэта і выдаць ордэр у дачыненні да Лукашэнкі. Так, як ён зрабіў у дачыненні да Пуціна і да Львовай-Бяловай з Расіі.
— Наколькі імаверна прыняцце такога рашэння і выдачы такога ордэра датычна Лукашэнкі? Бо, як тлумачылі многія эксперты пасля выдачы ордэра на Пуцна і Львову-Бялову, яны, можна сказаць, самі сабе назбіралі доказаў на гэтае злачынства. Таму што мы ведаем яшчэ шмат ваенных злачынстваў, якія ўчыніла Расія, і па гэтых фактах пакуль яшчэ вядзецца расследаванне і ордэра няма. Наколькі дакументы, якія прадставіла НАУ, гэтыя просьбы краін Еўропы, могуць паўплываць на рашэнне МКС?
— Калі паглядзець на гэтую ініцыятыву ордэра ў дачыненні Пуціна і Львовай-Бяловай, то адразу зразумела, чаму менавіта гэтыя дзве персоны (сталі падазраванымі). Ну Пуцін – зразумела, а чаму Львова-Бялова? Таму што яны таргетавана ўзялі менавіта вось гэты кавалак злачынстваў, якія здзейсніла Расія на тэрыторыі Украіны – па гэтых дзецях. Проста з прававога пункту гледжання гэтая стратэгія была самая лёгкая. І яна спрацавала – гэты ордэр у дачыненні да Пуціна ёсць.
Калі казаць пра злачынствы Лукашэнкі і рэжыму, то бок, я тут кажу не толькі пра Лукашэнку, але і пра ўсіх ягоных паплечнікаў, то, напрыклад, на тэрыторыі Беларусі здзейсненыя і злачынствы супраць чалавечнасці. Гэта тое, што рэгулюецца Рымскім статутам, гэта тыя справы, якія разглядаюцца менавіта ў Міжнародным крымінальным судзе. Але гэта ўжо не пытанне доказаў, гэта пытанне прававой стратэгіі.
Зараз значна прасцей, праз розныя фактары, пайсці вось гэтай сцежкай перамяшчэння дзяцей з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Беларусі. І ў дакладзе НАУ ёсць гэтыя доказы, вельмі прымальныя доказы таго, што гэтае злачынства адбылося.
Таму, калі казаць нейкія прадказанні, то мне падаецца, што гэта вельмі добры знак – што зараз Камітэт у сваім дакладзе робіць такія заклікі да таго, каб быў выдадзены ордэр на Лукашэнку. Але толькі адной справаздачы недастаткова для таго, каб гэта адбылося. Гэта вялікі працэс адвакатавання, якім займаюцца розныя арганізацыі – і Аб’яднаны пераходны кабінет, і Офіс Святланы Ціханоўскай, і НАУ. То бок, грамадская супольнасць таксама гэтым займаецца. З майго пункту гледжання выглядае такім чынам, што сёння з гэтай навіной такая магчымасць павялічылася.
— Калі Міжнародным крымінальным судом гэты ордэр нават будзе выдадзены, наколькі ёсць імавернасць арышту Лукашэнкі і прыцягнення яго да адказнасці?
— Тут той жа самы адказ, што і быў у дачыненні ордэра на Пуціна. Гэты ордэр не працуе такім чынам, што хтосьці прыляціць на блакітным верталёце ў Беларусь і арыштуе Лукашэнку ці арыштуе Пуціна. Канешне, мая вялікая мара, што грамадскі арышт адбудзецца на тэрыторыі, напрыклад Расіі ў дачыненні да Пуціна. Гэта таксама можа быць, калі там нейкі раскол эліт адбудзецца і яго, выконваючы гэтае рашэнне пракурора МКС, арыштуюць. Такі варыянт у нейкіх фантазіях магчымы.
Але, калі казаць пра рэальную сітуацыю, то, канешне, ніхто не можа прыехаць у Беларусь і арыштаваць. Але, напрыклад, калі чалавек, на якога маецца такі ордэр, прыязджае на тэрыторыю краіны, якая з’яўляецца чальцом Рымскага статуту, то гэтая краіна абавязаная выканаць гэтае рашэнне і арыштаваць.
Відавочна, што ні Пуцін, ні Лукашэнка не лётаюць у гэтыя краіны, дзе дзейнічае Рымскі статут і дзе іх могуць арыштаваць. Але, па-першае, гэта такі пэўны ціск. Па-другое, ордэр пракурора Міжнароднага крымінальнага суда – гэта, па-сутнасці, найвышэйшы ордэр на арышт, які можа быць увогуле ў свеце. Таму, калі так простымі словамі – гэта тое, што нельга будзе вярнуць назад і зрабіць выгляд, што гэтага няма. Калі сітуацыя змяняецца, то, відавочна, што першае, што будзе зроблена, гэта выкананы гэты ордэр зараз у дачыненні да Пуціна. І маю надзею на тое, што і ў дачыненні да Лукашэнкі таксама такі ордэр будзе.
Comments are closed.