Loading

На 54-й сесіі Рады па правах чалавека ААН 22 верасня абмеркавалі даклад «Беларусь напярэдадні выбараў 2020 года і пасля іх». Гэтае абмеркаванне перарасло ў дыскусію пра сітуацыю ў сферы правоў чалавека ў нашай краіне. Сярод удзельнікаў сесіі была і дарадца офісу Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтар.

— Сапраўды, зараз ідзе 54-я сесія Рады ў правах чалавека. Увогуле сесіі гэтага органа ААН адбываюцца ўвосень і ўвесну. Сёлета ўвесну быў прадстаўлены даклад. На цяперашняй сесіі прадстаўніца Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека прадставіла яшчэ дадаткі да дакумента. Таму што на наступнай, вясновай, сесіі ўжо будзе прымацца наступны даклад.

І вось гэтая намесніца Вярхоўнага камісара па правах чалавека адзначыла пэўныя адметныя абнаўленні таго, што адбываецца ў Беларусі. Напрыклад, тое, што зараз павялічылася колькасць людзей, змешчаных у «экстрэмісцкія» спісы, тое, што ўвогуле гэтае азначэнне экстрэмістаў выкарыстоўваецца, як рэпрэсіўная практыка. Адзначыла змены ў заканадаўства – гэта тое, што тычыцца і заканадаўства аб грамадзянстве, і тое, што тычыцца выдачы пашпартоў, якія рызыкі гэта нясе і, што гэта з’яўляецца парушэннем правоў чалавека.
Таксама для мяне было цікава, я нават не ведала, што зараз магчыма адбудуцца змены ў заканадаўства наконт рэлігійных груп і фармаванняў. Гэтыя змены ў заканадаўства, калі яны будуць прынятыя, накладуць пэўныя абмежаванні. Казалі, як заўсёды, і пра міграцыйную сітуацыю. Гэта тое, што людзі дагэтуль вымушаныя пакідаць межы краіны.

Што для мяне, як для юрыста, было важна, гэта тое, што прадстаўніца Вярхоўнага камісара адзначыла, што трэба выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі прававой абароны. І, адпаведна, узгадалі прынцып універсальнай юрысдыкцыі. І быў такі заклік да таго, каб краіны пачыналі разгляд такіх справаў.

Канешне, як заўсёды рэакцыя дэлегацый Еўрапейкага саюза была агульная. Адзначаўся стан сітуацыі з правамі чалавека і пераследы. Былі рэакцыі і асобных краінаў ЕС. Магу ўзгадаць, што дакладна была асуджана дэпартацыя дзяцей з Украіны ў Беларусь. Шмат краін казалі яшчэ раз пра абмежаванне выдачы пашпартоў. Частка краін звяртала ўвагу на змены ў крымінальнае заканадаўства адносна таго, што за «тэрарыстычныя» артыкулы зараз пагражае смяротнае пакаранне. І ад шмат якіх краінаў гучаў заклік мараторыя на смяротнае пакаранне. Многа было пра бесчалавечныя ўмовы змяшчэння людзей, пра інкамунікада.

Сесія пабудавана такім чынам, што спачатку ідзе вось гэты даклад, і потым краіны выказваюцца. Было шмат падтрымкі палітзняволеных. Прагучалі і некаторыя імёны. Напрыклад, некалькі разоў ад розных краінаў гучала імя Алеся Пушкіна, не так даўно забітага ў Беларусі. Было бачна, што гэта не проста заклікі ці асуджэнне рэпрэсіяў, але ёсць разуменне кантэксту таго, што адбываецца ў Беларусі.

Падчас гэтага выступу краінаў першае слова даецца той краіне, пра якую ідзе гаворка. Прадстаўніца рэжыму сказала, што гэта напад «калектыўнага Захаду», што гэты даклад пабудаваны на непраўдзівых звестках, што яны сфальсіфікаваныя, што такога насамрэч не адбываецца ў краіне.

Так, ёсць яшчэ пэўны блок краінаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Калі паглядзець, то гэта, напрыклад, Азербайджан, Камбоджа, Эрытрэя, Нікарагуа, Судан, Сірыя, Іран. І гэта на месцы выглядае як пэўная барацьба дабра са злом, ці краінамі, якія прытрымліваюцца правоў чалавека і асуджаюць тое, што адбываецца зараз у Беларусі, і тымі, хто яшчэ не дайшоў да ўзроўню павагі гэтага канцэпта. Таму гэтыя краіны быццам бы абараняюць адна адну.

Comments are closed.