Loading

Вядомы беларускі «бізнес-анёл» і крытык Лукашэнкі Аляксандр Кныровіч 19 жніўня сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Варшаве. На сустрэчы ён расказаў пра вынікі свайго ўдзелу ў канферэнцыі дэмсіл «Новая Беларусь», якая раней адбылася ў Вільні.

Фота: Радыё Ўнэт
Фота: Радыё Ўнэт

Кныровіч загадзя прапанаваў сваім падпісчыкам прагаласаваць за шэраг пытанняў, каб задаць іх палітыкам на канферэнцыі. За 10 дзён да пачатку мерапрыемства ён накіраваў спіс з 12 пытанняў прадстаўнікам дэмсіл. Цягам канферэнцыі большасць пытанняў у бізнесоўца адпала. У выніку ён агучыў два пытанні з 12. Першае Кныровіч адрасаваў непасрэдна Святлане Ціханоўскай, запытаўшы, кім яна сябе адчувае — главой адной з дэмсіл ці народным лідарам. Ціханоўская адказала, што адчувае сябе лідарам беларускага народа, дадаючы, што не прэтэндавала на гэтую пазіцыю.

Другое пытанне Аляксандра Кныровіча было да Вольгі Кавальковай, ці бачыць яна ў будучым Каардынацыйны савет як выбарную структуру ці ў нейкім іншым выглядзе. Кавалькова адзначыла, што трэба будзе дасягнуць згоды наконт таго, як будуць праходзіць выбары ў гэтую структуру. 

Таксама сярод пытанняў былі датычныя аўдыту структур, звязаных з офісам Ціханоўскай. Вартымі такіх пытанняў бізнесовец лічыць тры самыя яскравыя з новых палітычных структур Беларусі — офіс Ціханоўскай, «Народное антикризисное управление» і Форум дэмакратычных сіл. Яшчэ Кныровіча цікавілі меркаванні трох асоб — Пазняка, Шчыгельскага і Пракоп’ева. Пазняк адмовіўся ад дыялогу, Форум адказаў, што паколькі яны не атрымлівалі ніякіх грантаў, то і справаздачы не будзе. Шчыгельскі даў публічную справаздачу ў эфіры Еўрарадыё. НАУ і офіс Ціханоўскай пазначылі гатоўнасць да аўдыту і намеры яго правесці.

«Я не ведаю фінансавай справаздачнасці офіса, але я прыблізна ўяўляю сабе ўзровень фінансавага забеспячэння іншых арганізацый аналагічнага профіля. Я бачу, што людзі абсалютна не жыруюць, жывуць на мінімальна магчымыя грошы… шчыра вераць у перамогу і ў тое, што яны могуць рабіць.»

Праблемы беларускіх уцекачоў, якія зараз знаходзяцца ў жахлівым становішчы, мусяць вырашаць не Ціханоўская ці Латушка, а беларуская дыяспара, мяркуе Аляксандр. Частка пытанняў, якія задаюць офісу Ціханоўскай, слушная, але часам з’яўляецца і грубая, нават абразлівая крытыка прадстаўнікоў дэмсіл. Гэта паходзіць ад адсутнасці адчувальных вынікаў, лічыць Кныровіч. Але агрэсіўнае выказванне свайго меркавання на вуліцы, на пікетах — гэта нармальна.

Фота: Радыё Ўнэт
Фота: Радыё Ўнэт

Апрача іншага, беларусам патрэбныя нацыянальныя святы, базавая нацыянальная ідэя і філасофія — нейкія апорныя кропкі, па якіх мы маглі б арыентавацца ва ўласнай гісторыі, культуры, рэчаіснасці, разумець, хто мы такія. Гэта дапаможа нашаму народу вытрываць цяжкія часы і выйсці на новы ўзровень развіцця, мяркуе бізнесовец.

Comments are closed.