Місія дэмакратычнай Беларусі ва Украіне працуе ад пачатку жніўня. Зараз яна працягвае наладжваць кантакты з украінскай уладай і спрабуе вырашыць праблемы беларусаў, якія, нягледзячы на вайну, застаюцца ва Украіне: валанцёраць, ваююць за яе ды імкнуцца наблізіць перамогу разам з украінцамі. Пра тое, як украінская ўлада бачыць кантакты і з дэмакратычнай Беларуссю і на што скіраваныя цяпер асноўныя высілкі радыё Ўнэт распавёў кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне Генадзь Манько.
Асноўнае з размовы:
Пра галоўныя задачы дзейнасці Місіі:
— Лічу самым важным усталяваць добрыя кантакты з украінскай уладай і ўкраінскай супольнасцю. Самае галоўнае: данесці да ўкраінскага народа, што мы – тая Беларусь, якая адрозніваецца ад Беларусі лукашэнкаўскага рэжыму. Іх дзве на сённяшні дзень існуе. Каб разумелі і ўкраінская супольнасць і ўлада, што ёсць людзі, якія змагаліся і да 2020 года з гэтай уладай і тыя, хто выехаў і працягвае змагацца. І гэта зусім не тыя людзі, якія падтрымліваюць агрэсію.
— Ці ёсць разуменне ўкраінскімі ўладамі беларускага парадку дня і праблемаў беларусаў ва Украіне?
— Сітуацыя складаная. Уяўлення дакладнага няма, яно рознае і не вызначанае дакладна. Падчас гэтай вайны былі прынятыя захады, якія забаранілі беларусам мець рахункі – былі заблакаваныя рахункі беларусаў, узніклі праблемы са знаходжаннем на тэрыторыі Украіны, атрымання дазволаў на жыхарства, абароны.
На сённяшні дзень мы не можам пахваліцца тым, што ў нас ёсць дамоўленасць з прэзідэнтам Зяленскім пра сустрэчу з Ціханоўскай ці прадстаўнікамі ад дэмакратычнай Беларусі. Таму працуем, каб улада разумела і ад улады былі пасланыя нейкія сігналы.
Я лічу, што ідзе разварот і ідзе разуменне. На сённяшні дзень вельмі шмат пытанняў і цікавасці ўзнікае ад украінскага боку. На сённяшні дзень ёсць вось гэтая неадрэгуляванасць гэтай пастановы 18-й, якая блакуе рахункі і прыраўноўвае нас да расіян. Я бачу, што найбліжэйшым часам нас чакаюць змены. Таму што ёсць зацікаўленасць.
Пра зніклыя і сапсаваныя помнікі беларусам:
— Я лічу, што гэта была праца фээсбэшна-кагэбэшнай агентуры, якая магла працаваць наўпрост, а магла і выкарыстоўваць карысных ідыётаў. Гэта прыкладна такая ж тэма, якая зараз вельмі актыўна развівалася ў Літве, з нагоды «літвінізму». Калі тры нейкія чалавекі ў камуфляжнай форме, у балаклавах, без твараў зняліся і пачалі там нейкія грэблівыя рэчы казаць у бок Літвы і літоўскай гісторыі.
Мы 8 верасня правялі ў Лаўры (імпрэзу) прысвечаную бітве каля Оршы 8 верасня 1514 года і адкрылі барэльеф князю Астрожскаму.
Пра ўдзел ва ўкраінскіх медыях:
— Да мяне рэгулярна звяртаюцца. Я лічу, што праблемы няма ніякай. У нас ёсць кантакты з украінскімі журналістамі. Яны гатовыя нас запрашаць. Трэба больш прасоўваць гэта, але трэба прадумаць, каб быў прадмет размовы заўжды. Я быў і на 1-м канале, і на Апострафе, і на ІСТV, даваў інтэрв’ю на Заходнім інфамацыйным цэнтры, на Укрінфарм быў.
— Ці ўсталяваўся кантакт з усімі беларускімі арганізацыямі, якія працуюць ва Украіне?
— Пакуль не. Я сабе пазначыў і дыяспары – я хачу праехаць і наведаць і ў Харкаве, і ў Адэсе. Ну і ўсе арганізацыі, якія ёсць на тэрыторыі Украіны – я хачу з імі ўсімі, прынамсі, сустрэцца, наладзіць кантакт, каб мы маглі абменьвацца інфармацыяй і быць карыснымі адно аднаму.
— Ці ёсць бачанне таго, што канкрэтна трэба змяніць у нарматыўных актах, каб развязаць праблемы беларусаў, што можна прапанаваць украінскай уладзе?
— Я дакладна ўяўляю, што ёсць заканадаўства. Згодна з законам чалавек любой нацыянальнасці, які атрымаў дазвол на жыхарства, карыстаецца такімі правамі, як і грамадзянін краіны знаходжання, за выключэннем выбарчых правоў. Мы сустракаліся з кіраўніком аддзела ў СБУ, які курыруе пытанні верыфікацыі беларусаў для Нацыянальнага банка Украіны ў адкрыцці рахункаў ці блакаванні. Ён нам распавёў, што гэта пастанова № 18 – гэта ўнутраны дакумент НБУ. Падчас нашай львоўскай сустрэчы нам жанчыны, якія ўваходзяць у праваабарончую арганізацыю, надалі вельмі добры, ужо сфармаваны, дакумент, у якім быў шэраг прапановаў, асноўных праблемаў, якія трэба вырашаць.
Зараз мы плануем падаць гэты дапрацаваны дакумент прадстаўнікам вось гэтай нашай сяброўскай групе «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе і паспрабуем перадаць на разгляд Міхаілу Падаляку, каб было ўзмацненне сігналу.
Цалкам размову з Генадзем Манько слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.