27 чэрвеня Аляксей Францкевіч, кіраўнік Дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» правёў у Кіеве сустрэчу з дарадцам кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны Міхаілам Падалякам. Раней гэты ўкраінскі чыноўнік адзначаўся не самымі прыемнымі выказваннямі на адрас беларусаў, але апошнім часам ягоная рыторыка змянілася. Пра сустрэчу і яе вынікі Аляксей Францкевіч расказаў радыё Ўнэт.
— Мэта сустрэчы – пазнаёміцца, распавесці пра сваю працу, пра свае планы, абмеркаваць сумесныя нейкія мерапрыемствы, ну і самае галоўнае – расказаць аб праблематыцы беларусаў і пра беларусаў, якія тут ва Украіне робяць усё, каб наблізіць нашу агульную перамогу.
Я сам быў здзіўлены, паразмаўляўшы з Міхаілам Падалякам, тым, што ён вельмі добра арыентуецца ў беларускай сітуацыі. Чалавек, які цвяроза ўсё бачыць. Усе гэтыя заявы, на маю думку, – гэта было дзесьці вырвана з кантэксту і трошкі было транслявана не тое, што мелася на ўвазе.
Мы абмеркавалі і візіт (Паўла) Латушкі, яго сустрэчу. То бок, ён задаволены сустрэчай з Латушкам, тымі паперамі, тымі доказамі ваенных злачынстваў, якія былі перададзеныя. Падаляк іх перадаў у пракуратуру, і ў пракуратуры ўжо іх разбіраюць. Таксама пазітыўна ён ставіцца да візіту (Валера) Кавалеўскага.
Што таксама хацелася б адзначыць – што сёння яшчэ канчатковага рашэння па Беларусі ў Офісе Прэзідэнта Украіны няма. Яно зараз у працэсе абмеркавання, але канчатковага, наколькі я разумею, у іх яшчэ няма. Апошнія заявы Ціхноўскай патроху знаходзяць разуменне ў Офісе (Прэзідэнта Украіны). Робіцца зразумелаю пазіцыя Офіса Ціханоўскай адносна расійскай імперыі і расійскага агрэсара.
Таксама я быў здзіўлены стаўленнем Падаляка да беларусаў. Ён з разуменнем ставіцца да ўсіх тых беларусаў, якія вымушаныя былі з’ехаць з Украіны, тых беларусаў, якія сёння знаходзяцца ў Еўропе, і іх становішча. Ён разумее абмежаваныя магчымасці беларусаў. Ён добра разумее, што не ўсе пра вайну, ён разумее, што такое вайна.
Сваімі заявамі ён меў на ўвазе, гэта нейкія пікетаванні, гэта выказванне сваёй пазіцыі: каб была зразумелая пазіцыя гэтых беларусаў, каб беларусы дакладна вызначыліся, хто для іх вораг, і каб яны дакладна разумелі, што патрэбна рабіць. То бок, дакладна зразумелі, што пакуль існуе гэтая Расійская імперыя, нічога не зменіцца.
Тое, што ёсць нейкае непаразуменне, што тут адмаўляюцца зусім камунікаваць з прадстаўнікамі беларускіх дэмсіл – гэта не адпавядае рэчаіснасці. То бок, тут гатовыя размаўляць з усімі тымі, чыя пазіцыя зразумелая, і, самае галоўнае, усімі тымі, хто робіць усё, каб дапамагчы Украіне перамагаць расійскіх акупантаў.
— Нядаўна Вы прэзентавалі ў Вільні сайт «Трыбунал», ініцыятарам стварэння якога выступіў фонд «Вільна Білорусь». Ці распавядалі Вы гэтым украінскім чыноўнікам пра гэты сайт? І ці можаце Вы распавесці падрабязней, што гэта за рэсурс, што там за інфармацыя будзе збірацца?
— Так, у тым ліку мы распавялі і пра праект «Трыбунал» і мы прынеслі з сабой і перадалі Падаляку некалькі кейсаў, каб яны разумелі, што гэта будзе. Гэтыя кейсы – гэта юрыдычны аналіз злачынстваў, якія здзейснілі беларускія чыноўнікі, якія прымалі ўдзел у ваенных злачынствах, у тым ліку і Лукашэнка. То бок, мы гэты юрыдычны аналіз перадалі, каб (яны) азнаёміліся, паглядзелі і разумелі ў чым сэнс гэтага партала і чым будзем займацца.
— А ці можаце Вы і нашым слухачам распавесці структуру партала, асноўныя напрамкі дзейнасці, асноўная інфамацыя, якая там ёсць і якая яшчэ можа з’явіцца?
— Галоўнае, у чым адрозненне гэтага сайта ад тых, якія ёсць, былі – у тым, што каманда юрыстаў, якіх мы сабралі, будзе даваць юрыдычную ацэнку гэтым злачынствам. Усе тыя, хто прадаставіў тэрыторыю Беларусі, з якой быў ажыццёўлены паўнамаштабны наступ на Украіну, усе гэтыя бамбаванні, якія неслі за сабой смерці мірных грамадзян Украіны, незаконны вываз украінскіх дзяцей і гэтак далей. То бок, будзе дадзеная ўсім гэтым дзеянням юрыдычная ацэнка на падставе дзейнага беларускага заканадаўства, а таксама міжнароднага права.
Таксама на гэтым сайце будуць падраздзелы «Рускі мір» – гэта калабаранты, і саўдзельнікі гэтых злачынстваў. Таксама гэты сайт спатрэбіцца і будзе актуальны для пабудовы вольнай і незалежнай Беларусі, для люстрацыі ў Беларусі, каб усе гэтыя калабаранты не маглі ў свабоднай і незалежнай Беларусі займаць пасады і займацца нейкімі палітычнымі працэсамі. А тыя, асобы, склад злачынства якіх, будзе даказаны, – гэтыя матэрыялы будуць выкарыстаны для судовых працэсаў як унутры Беларусі, так і міжнародных.
Дакладная пазіцыя Офіса Прэзідэнта Украіны ў тым, што з Лукашэнкам не будуць весціся ніякія перамовы, не будуць з ім рабіцца нейкія пагадненні. Гэта дакладна дэкларавана, гэта абмеркавалі і сказалі, што Офіс Прэзідэнта Украіны з Лукашэнкам ніякіх справаў не вядзе і весці не збіраецца.
Цалкам размову з Аляксеем Францкевічам слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.