Беларускі расследавальніцкі цэнтр днямі апублікаваў сваё расследаванне пра тое, як працуе карупцыйная сістэма перапраўкі мігрантаў праз беларуска-польскую мяжу і далей у Нямеччыну. Расследаванне паказала, што на мігрантах многія прадстаўнікі сілавых структураў лукашэнкаўскай Беларусі зараблялі немалыя грошы. Падрабязнасці распавёў кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Стась Івашкевіч.
— Нам удалося даведацца, па-першае, тое, што мігранцкі крызіс усё яшчэ працягваецца. І сотні, а патэнцыйна і тысячы мігрантаў перакідваюцца праз беларускую мяжу ў Еўразвяз, адкуль яны зазвычай стараюцца патрапіць у Нямеччыну. У адной толькі групе нам удалося налічыць больш за тысячу людзей, на якіх выклікалі машыны для таго, каб іх перавезці ўжо пасля пераходу мяжы Беларусі з Еўразвязам.
Для арганізатараў гэтага нелегальнага пераходу даход ад вось гэтых мігрантаў прыблізна каля 12 мільёнаў даляраў альбо еўра. І з гэтага, чыстага прыбытку за выдаткам транспартавання – каля 10 мільёнаў. Але ж, вядома, самы галоўны выдатак – гэта не транспартаванне, а вось гэты незаконны пераход мяжы.
Нам удалося адкапаць справу, якая разглядалася ў Люблінскім судзе. Афіцэра памежных войскаў вінавацілі ў тым, што ён перакінуў 1300 мігрантаў з Кітая і В’етнама з Беларусі ў Польшчу. Было гэта ў 2011 годзе. Ён займаўся гэтым 8 гадоў. То бок, атрымліваецца, прынамсі, з 2003 года. У 2001 годзе, дарэчы, ён атрымаў ордэн ад Аляксандра Лукашэнкі за выдатную службу. І потым ён трапіў у Беларусь. Мы знайшлі, што ў яго былі тры пашпарты прыкрыцця. Два з іх адначасова на розныя імёны дзейнічалі да 2020 года. А ў 2021 годзе ён пайшоў на пенсію, і ў гэтым жа годзе ягоную фірму «Байлен-тур» беларускія ўлады зрабілі адным з 12 манапалістаў у разгар мігранцкага крызісу, каму было дазволена рабіць гэтым мігрантам запрашэнні, выпісваць іх у Беларусь.
Імя на ягоным асноўным пашпарце – Дзмітрый Паюкоў. Ён, паводле польскага пракурора атрымліваў за гэта па 500-600 даляраў за чалавека, пры тым, што агулам атрымліваў 5-6 тысяч даляраў – гэта прыблізна столькі ж, колькі мігранты плацяць і цяпер. Таксама, паводле польскага пракурора, ён прызнаўся, што пакідаў вось гэтую частку – 500-600 даляраў з чалавека, сабе, і яшчэ нейкую частку перадаваў вышэй.
У той частцы, у якой ён служыў, як нам удалося выявіць, базуецца АСАМ – гэта спецназ памежных войскаў. Там жа служыў і Віктар Лукашэнка. Яны, падобна, што перасякаліся па службе. Ну і ўвогуле з АСАМа, пасля таго саслужыўцы Віктара Лукашэнкі, многія з іх, сталі ў выніку высокапастаўленымі сілавікамі, якіх залічваюць у клан прыхільнікаў Віктара Лукашэнкі.
І гэта дазваляе рабіць даволі сур’ёзныя высновы для таго, каб меркаваць, што гэты мігранцкі крызіс ёсць не толькі палітычнай зброяй, але ёсць і сістэмным карупцыйным элементам, што патэнцыйна на гэтым зарабляюць сотні тысяч і мільёны даляраў высокапастаўленыя сілавікі з дазволу найвышэйшых уладаў.
І другі след, які нам удалося прасачыць вось па гэтых 12 манапалістах з 2021 году – гэта ў войска, ва Узброеныя Сілы. То бок, адзін пучок фірмаў – некалькі фірмаў з гэтых 12 фірмаў-манапалістаў, з 2021 года былі звязаныя з адной жанчынай, а брат яе мужа – памочнік міністра абароны Хрэніна, адказны за міжнароднае вайсковае супрацоўніцтва. Ну і яшчэ адзін, крыху больш ускосны след вядзе да начальніка штаба Узброеных Сілаў і начальніка зенітна-ракетных войскаў.
— Усё ж, галоўная мэта гэтага мігранцкага крызісу – гэта ціск на краіны Еўропы, ці банальны карупцыйны бізнэс?
— Гэта, безумоўна, і тое і другое. Шмат гадоў існаваў нелегальны бізнэс. Калі мы пачалі паглыбляцца ў сістэмную карупцыю Беларусі з 2019 года, то ў нас склалася карціна такой цэнтралізавана-размеркаванай карупцыйнай рэнты, як стратэгічнай часткі беларускай палітычнай сістэмы. То бок, сілавікі, міністры зарабляюць вельмі мала. Але пры гэтым ім, калі яны дасягаюць пэўнага ўзроўню высокапастаўленасці і лаяльнасці ўладам, выдзяляецца дазвол на тое, каб займацца тым, супраць чаго яны афіцыйна пастаўленыя змагацца, і, адпаведна, зарабляць на гэтым карупцыйны прыбытак. І, з аднаго боку, добра жыць і быць удзячным за гэта асабіста Лукашэнку.
Ну і з другога боку быць пастаянна пад дамоклавым мячом, таму што гэты карупцыйны даход з’яўляецца нелегальным. І я так сабе ўяўляю, што Лукашэнка рэзервуе за сабой права ў любы момант здзівіцца: «як гэта так, як пасмелі?»
Ну і зразумела, што такія дзейныя схемы яны перыядычна ператвараюць і выкарыстоўваюць, як мы зараз бачым, у палітычных мэтах, каб настолькі эскалаваць сітуацыю, каб потым дээскалаваць яе патэнцыйна з Захадам на ўмовах, якія не будуць у сябе ўключаць страшныя для беларускіх уладаў палітычныя саступкі.
— Дык чаму адбыліся тыя падзеі ўвосень 21-га года, калі да мяжы рынуліся адразу натоўпы гэтых мігрантаў, а не ўсё так прыгожа арганізавана, як гэта доўгія гады адбывался?
— Калі вярнуцца ў той крызіс, то ён відавочна арганізоваўся. Менавіта цэліліся яны на чэрвень-ліпень 21-га года. І ўжо з пачатку траўня яны мэтанакірвана запусцілі гэты рэйс Fly Baghdad. З праслухоўвання, якое нам далі Кіберпартызаны, нам удалося высветліць, як там былы супрацоўнік аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю такі Дзмітрый Корабаў (праўда, мы не ведаем, наколькі ён прадстаўляў сваё ведамства, таму што ён там працаваў за 12 гадоў да крызісу) – мы яго праслухалі і бачым па ягоных размовах, як яны пачалі масава завозіць мігрантаў, але ім забаранялі іх выпускаць да мяжы.
А яны разбягаліся, а яны іх лавілі. І бачым, што была ўстаноўка іх масава завозіць, але стрымліваць, не даваць ім да пары да часу спрабаваць перасякаць мяжу. І такім чынам яны назапасілі за травень і першую палову чэрвеня вось такую крытычную масу. І потым, калі Лукашэнка даў адмашку і абвясціў вось гэтую мігранцкую вайну Еўразвязу, то іх усіх разам гэтай масай і выпусцілі.
А закончыўся той крызіс, нагадаю, у лістападзе 21-га года па-першае, калі Польшча прыгразіла прыкрыць чыгуначны транзіт з Беларусі. А другое – таксама прыгразілі накласці санкцыі супраць Турэцкіх авіялініяў і Аэрафлота. Таму не выключана, што і з Расіі таксама быў тады на Аляксандра Лукашэнку пэўны ціск, каб дээскалаваць сітуацыю.
Пасля гэтага яны спынілі прамыя рэйсы гэтых мігрантаў у Беларусь. І нават вось гэты былы «абэпавец» Дмітрый Корабаў на пачатку гэтага года патрапіў у СІЗА КДБ за нелегальную міграцыю – гэта нас сярод іншага наводзіць на думку, што ён не ведамства прадстаўляў, а проста быў такі актыўны былы сілавік з сувязямі, які паспрабаваў самастойна палавіць рыбку ў мутнай вадзе, карыстаючыся нейкімі тактычнымі сувязямі.
Падобна, што наўпроставая міграцыя праз Беларусь спынілася, але з таго, што мы паразмаўлялі з мігрантамі, якія знаходзяцца ў лагеры ў Літве, і з тымі, якія паспяхова дабраліся да Нямеччыны, яны кажуць, што поўная і абсалютная супраца працягваецца з боку беларускіх памежнікаў у дапамозе ім у перасячэнні мяжы.
Паводле словаў тых, з кім мы размаўлялі, яны не бачылі, каб памежнікі самі там рэзалі плот, але, маўляў, перагаворваліся з куратарамі, штосьці там паказвалі ў бок Польшчы. Яны там сядзяць па 3-4 дні ў лесе ў Беларусі на гэтай прасторы ад Белавежскай пушчы на поўдзень, чакаючы сігналу пра тое, што няма польскіх патрулёў. Магчыма, у гэтым ім дапамагаюць беларускія памежнікі. Хаця, мы бачылі таксама відэа з польскага боку, дзе памежнік ім таксама дапамагаў.
Цалкам размову са Стасем Івашкевічам слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.