Кантактная група, створаная Радай Еўропы сумесна з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю, правядзе сваё першае пасяджэнне 7 лістапада. Работу групы адкрыюць Генеральны сакратар Савета Еўропы Марыя Пейчыновіч Бурыч і Лідэр дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская.
У кантактную групу ўваходзяць прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі, а таксама адпаведныя органы Рады Еўропы. Група засяродзіцца на распрацоўцы, арганізацыі і кантролі праграм і праектаў на карысць народа Беларусі.
„Стварэнне Кантактнай групы Рады Еўропы па Беларусі – гэта беспрэцэдэнтная падзея, якая дасць магчымасць народу Беларусі скарыстацца вялікім вопытам і ведамі ў сферы стварэння дэмакратычных інстытутаў і развіцця грамадзянскай супольнасці”, – сказала Святлана Ціханоўская. „Наша стратэгічная мэта – уступленне Беларусі ў Раду Еўропы ў якасці паўнапраўнага члена, і гэта першы крок у гэтым напрамку”.
Кантактная група была створана Генеральным сакратаром Рады Еўропы на падставе рашэння, прынятага Камітэтам міністраў 7 верасня. Раней у 2022 годзе Камітэт міністраў прыняў рашэнне прыпыніць усе адносіны з рэжымам Лукашэнкі.
Comments are closed.