Loading

Тыдзень вялікай палітыкі дэмакратычных сіл завяршыўся канферэнцыяй «Новая Беларусь», якая прайшла ў Варшаве 5-6 жніўня. У першы дзень мерапрыемствы адбываліся ў закрытым фармаце, а ўжо ў нядзелю – усе прынятыя рашэнні публічна агучылі. Тры панэлі, на якіх абмяркоўвалі стратэгію дэмакратычных сіл, геапалітычную будучыню краіны і новую Беларусь, працягваліся амаль цэлы дзень. Але ўсе чакалі заключнага слова Святланы Ціханоўскай: яна павінна была агучыць кадравыя рашэнні ў Аб’яднаным пераходным Кабінеце па выніках слуханняў у Каардынацыйнай радзе.

Для беларускіх дэмакратычных сіл стала ўжо традыцыяй праводзіць вялікую канферэнцыю напярэдадні 9 жніўня – гадавіны беларускіх пратэстаў. Мінулы раз канферэнцыю «Новая Беларусь» прымала Вільня, у гэтым годзе яе вырашылі праводзіць у Варшаве. Падзеі папярэднічалі слуханні ў Каардыацыйнай Радзе. Год таму на канферэнцыі ў Вільні быў створаны Аб’яднаны пераходны кабінет. Па рэгламенце справаздачу чальцоў Кабінета, якіх прызначае Святлана Ціханоўская, прымае Каардынацыйная рада. Гэты протапарламент пасля выдае рэкамендацыі: пакідаць ці не мандат сябраў Кабінета на наступны перыяд. За год больш-менш удалося правесці рэформу Рады, і вось яе абноўлены склад амаль цэлы тыдзень заслухваў міністраў Кабінета Ціханоўскай. У выніку падтрыманы 5 кандытатур з 6. Аляксандру Азараву чальцы Рады даверу не далі. У выніку Святлана Ціханоўская яго паўнамоцтвы ў Кабінеце не працягнула.

«Я прыняла рашэнне вызваліць Аляксандра Азарава ад пасады прадстаўніка ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Разам з тым я б хацела, каб Аляксандр Азараў прыцягнуў працу пры Кабінеце па плане «Перамога» і каардынаваў супрацу з беларускім падполлем».

Для Каардынацыйнай Рады гэтыя слуханні таксама не прайшлі без наступстваў. Нягледзячы на нядаўнюю рэформу, яе склад выклікае пытанні ў прадстаўнікоў выканаўчай улады, якой называе сябе кабінет. Першым з адпаведнай прапановай выступіў Павел Латушка.

«Каб гэты інстытут прадстаўляў беларусаў, нам трэба ісці на выбары. Нам трэба выбраць Каардынацыйную Раду. І для мяне дэлегат, якія ставіць мне пытанні, я ведаю, што за яго прагаласавала 500 чалавек, а лепш тысяча, гэта ўжо ДЭЛЕГАТ. Бо я разумею, што ён прайшоў праз выбары, ён прадставіў сваю праграму, ён пераканаў сваіх паплечнікаў, за яго прагаласавалі. Ён мае права паставіць мне пытанні. Трэба не баяцца, што мы збярэм на выбарах 200 тысяч галасоў, 300 тысяч галасоў, але гэта будуць нашыя галасы. Я прапаную мажарытарна-прапарцыянальную сістэму. Калі партыі, якія ліквідаваны, выступяць 50%. І праз партыі, сябры якіх у Беларусі, мы атрымліваем непасрэдную сувязь з Беларуссю. І мы разумеем, што яны прадстаўляюць не толькі 500 галасоў, сабраных за мяжой, а яшчэ і тысячы сваіх паплечнікаў у Беларусі».

Гэтая ідэя была падтрымана Святланай Ціханоўскай. Выбары ў Раду прызначаны на наступны год.

«Узімку мы правядзем выбары ў Каардынацыйную Раду, каб яна стала сапраўдным прадстаўнічым органам, які мае аўтарытэт і прадстаўляе інтарэсы беларусаў. Так, як мы заслухалі справаздачу прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета перад беларусамі, гэтак дасць справаздачу і Каардынацыйная Рада».

Удзельнічаў у канферэнцыі Вольная Беларусь і прадстаўнік палка каліноўскага – Павел Кухта. Ён прапанаваў сваю канцэпцыю абʼяднання дэмакратычных сіл і анансаваў вялікую канферэнцыю палка з усімі зацікаўленымі ў Кіеве.

«Вайна, куды сёння ўцягнута Беларусь, выводзіць на першы план кампанент сілавы. Палітычна-дыпламатычны кампанент павінен узаемадзейнічаць як мага больш шчыльна з вайсковым. Не ў фармаце кожны займаецца сваімі справамі, час ад часу каардынуемся, як гэта адбываецца зараз. Мы не патрабуем, каб вайсковы і дыпламатычны кампаненты сталі чымсьці адзіным, але трэба, каб яны былі прадстаўлены ў агульнай структуры і супольна рухаліся да дасягнення адзінай мэты. На дадзены момант такой вайсковай і палітычнай звязкі не існуе. Калі вашай мэтай зʼяўляецца вызваленне Беларусі, вяртанне на радзіму і пабудова сапраўднай дэмакратычнай краіны, то трэба яднацца. Полк Каліноўскага разумее сваю адказнасць перад народам Беларусі. Разумее, што выключна вайсковы складнік без палітычнага і рэсурснага абсалютна беспаспяховы. Полк Каліноўскага гатовы спрыяць фарміраванню нацыяльна-вызвольнага руху і быць яго вайсковым цэнтрам. Мы адкрытыя да перамоў з прадстаўнікамі абсалютна ўсіх дэмакратычных сіл, якія падзяляюць стратэгію вызвалення краіны. Для дасягнення гэтай мэты полк анансуе шырокую канферэнцыю ў Кіеве ўжо гэтай восенню. І запрашае ўсіх зацікаўленых прыняць у ёй удзел».

Прадстаўнік АПК Валерый Кавалеўскі на канферэнцыі прадставіў прысутным узор пашпарту новай Беларусі. Праўда, юрыдычныя працэдуры яго прызнання пакуль пад вялікім пытаннем.

«Распачынаюцца перамовы з нацыяльнымі ўрадамі краін ЕС аб прызнанні дакумента. Гэта будзе няпросты працэс. Такі праект робіцца ўпершыню, ніколі раней нацыянальная суполка без прывязкі да нацыянальнай дзяржавы не рабіла падобнага. Таму мы будзем звяртацца да беларусаў за мяжой. Патрэбна будзе кампанія на еўрапейскім узроўні і ў асобных дзяржавах. Мы падкрэсліваем, што гэта не праект Аб’яднанага пераходнага кабінета, гэта праект усіх беларусаў, гэта наш агульны інтарэс, таму дзеянні кожнага з нас, воля кожнага з нас, энергія кожнага беларуса будзе крытычнай, каб дасягнуць вынікаў гэтага праекта».

Па выніках канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» лідары беларускіх дэмакратычных сіл апублікавалі чатыры ключавыя дакументы і заклікалі беларусаў далучыцца да гэтых заяў.

«Дэкларацыя аб сяброўстве Беларусі ў Еўрапейскім саюзе» вызначае еўрапейскі выбар Беларусі, вітае супрацоўніцтва палітычных структур Еўрапейскага саюза з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і заклікае да пашырэння гэтага супрацоўніцтва.

«Дэкларацыя дэмакратычных сіл Беларусі пра салідарнасць з народам Украіны» выказвае падтрымку ўкраінскаму народу ў барацьбе з агрэсіяй РФ і асуджае дзеянні рэжыму Лукашэнкі – саўдзельніка агрэсіі. Дакумент дэкларуе адмоўнае стаўленне беларусаў да ўдзелу краіны ў расійскай агрэсіі і заклікае беларускі народ падтрымліваць добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. Таксама ў дэкларацыі выказваецца падтрымка намаганняў Украіны і міжнароднай супольнасці па стварэнні Спецыяльнага міжнароднага крымінальнага трыбунала, які мусіць асудзіць за злачынствы агрэсіі ў тым ліку вышэйшае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі.

«Палітычная дэкларацыя дэмакратычных сіл Беларусі» выказвае падтрымку легітымным прадстаўнікам беларускага народа: нацыянальнай лідарцы Святлане Ціханоўскай, яе выканаўчаму органу Аб’яднанаму Пераходнаму Кабінету, Каардынацыйнай Радзе як прадстаўнічаму органу грамадзянскай супольнасці, дэмакратычным палітычным партыям, рухам і грамадскім арганізацыям.

«Заява аб выбарах 2024 года» называе запланаваныя рэжымам выбары імітацыяй і падманам, заклікае выбаршчыкаў не прымаць у іх удзел, а грамадскія арганізацыі і партыі правесці інфармацыйную кампанію аб несапраўднасці гэтых выбараў. Дакумент змяшчае заклік да міжнароднай супольнасці не прызнаваць вынікі выбараў рэжыму і абвяшчае правядзенне «альтэрнатыўнай абʼяднанай кампаніі дэмакратычных сіл».

Comments are closed.