Loading

5-6 жніўня ў Варшаве адбудзецца канферэнцыя «Новая Беларусь». Яна стане завяршэннем цэлага шэрагу палітычных мерапрыемстваў, якія пачаліся са слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Як адзначыў у каментары радыё Ўнэт сябра Каардынацыйнай Рады, выконваючы абавязкі кіраўніка апарату Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Валерый Мацкевіч, літаральна ў гэтыя дні беларуская апазіцыя атрымала ўнікальны досвед, калі «прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл заслухаў прадстаўнікоў выканаўчага органа». Па яго словах, гэта – вынік рэалізацыі тых пагадненняў, якія былі дасягнуты год таму на Форуме дэмакратычных сіл у Вільні.

5 жніўня канферэнцыя пачнецца закрытай сустрэчай. Па словах спадара Мацкевіча, адбудзецца дыскусія шырокага кола дэмакратычных палітычных суб’ектаў Беларусі па пытанні далейшага супрацоўніцтва. Ён не ўдакладніў, хто будзе прымаць удзел і якія менавіта пытанні будуць абмяркоўвацца, але сказаў, што хутка мы пра гэта даведаемся, а пакуль захоўваецца інтрыга.

«У нас атрымалася заангажаваць туды ўсе найбольш чаканыя грамадскасцю, найбольш актыўныя суб’екты, якія сёння вымяральна робяць усё, каб мы наблізіліся да нашай перамогі».

Пленарная частка канферэнцыі будзе складацца з трох панэляў. На першай абмяркуюць стратэгію дэмакратычных сіл, а таксама пытанне палітзняволеных.

Другая панэль будзе прысвечаная пытанню еўрапейскай будучыні для Беларусі, а таксама магчымым крокам па супрацьдзеянні паглынання Беларусі Расеяй.

Трэцяя панэль будзе складацца з абмеркавання шляхоў па культурным адраджэнні, захаванні беларускай ідэнтычнасці, таксама будзе абмеркавана бачанне дэмакратычнымі сіламі будучага Беларусі.

«Гэта серыя мерапрыемстваў, якая вядзе нас да таго, каб беларуская дэмакратычная супольнасць максімальна абмеркавала самыя вострыя пытанні якія стаяць сёння на парадку дня і максімальна зблізілася ў сваіх падыходах, у сваёй стратэгіі на будучы год. Усё гэта, я думаю, прывядзе да большай увагі міжнароднай супольнасці і, найперш, я думаю, што гэта будзе ў нейкай новай хвалі матывацыя для беларусаў, якія найперш знаходзяцца ўнутры краіны, працягваць разам змагацца».

Comments are closed.