Loading

«Польшча можа ўвесці новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі, калі рэжым Лукашэнкі не выпусціць на волю журналіста Анджэя Пачобута», – заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік у інтэрв’ю pap.pl. Ён удакладніў, што Польшча не пагодзіцца «ні з якім пераследам польскіх актывістаў». Намеснік кіраўніка МУС назваў ужо ўведзеныя абмежаванні «рашучым адказам Польшчы» і не выключыў увядзення новых санкцый супраць Беларусі.

Пасля вынясення прысуду ў 8 гадоў калоніі журналісту, актывісту Саюза палякаў Анджэю Пачобуту Польшча прыпыніла працу памежнага пераходу «Баброўнікі». Пасля таго, як у канцы траўня апеляцыю Пачобута не задаволілі, Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да 365 беларусаў, якіх лічыць адказнымі за рэпрэсіі, а з 1 чэрвеня закрывае мяжу для грузавікоў, цягачоў і прычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі і Расіі.

Як гэта адабʼецца на працы перавозчыкаў, што працуюць у Польшчы, нам патлумачыў уладальнік кансалтынгавай фірмы, якая працуе з беларускімі лагістычнымі кампаніямі.

— Чакаецца, што будуць нейкія дадатковыя выдаткі для перагрузкі з польскіх прычэпаў у беларускія прычэпы на мяжы. Дагэтуль гэта працавала так: польскі перавозчык мог цягнуць прычэп да Беларусі, у Беларусі яго перачапляў беларускі альбо расійскі перавозчык і выконваў перавозку. Зараз жа, напэўна, беларускія ўлады прыдумаюць схему, па якой яны будуць браць нейкую аплату за тое, што ты выгружаеш тавар на тэрыторыі ТЛЦ і потым беларускі альбо расійскі перавозчык яго сабе загружае на машыну. Гэта значыць дадатковыя выдаткі.
А ці былі ўжо праверкі фірм з беларускім капіталам, якія польскі бок анансаваў раней?
Праверкі прайшлі ў даволі вялікай колькасці кампаній. Самы вялікі штраф быў 20.000 злотых. Але ні ў адной з кампаній ліцэнзіі не адклікалі, ніякіх грубых парушэнняў не было. Звычайна, тыя беларусы, якія тут адкрываюць транспартныя фірмы, яны вядуць бізнес больш адказна і выконваюць усе законы польскай транспартнай галіны.

— Магчыма, ёсць інфармацыя, за якія парушэнні штрафавалі гэтыя фірмы?

— Гэта былі такія штрафы, якія, скажам, атрымае любы перавозчык ці з Беларусі, ці з Еўрапейскай нейкай краіны. Гэта такія нюансы, якія трэба ведаць, і няма, напрыклад, такіх законаў, патрабаванняў у іншых краінах адносна транспартнай галіны. У Польшчы адзін з прыкладаў, гэта «Польскі лад». З 2021 года ў Польшчы ўсе транспартныя кампаніі павінны разлічваць заробак кіроўцаў, зыходзячы не з кантракта, не з магчымасцяў працаўніка ці фірмы, а трэба аплачваць заробак у адпаведнасці з тым, у якой краіне працаўнік выконвае перавозку. Таму многія фірмы, якія адкрыліся, яны проста не мелі досведу не ведалі, як гэта адбываецца ў Польшчы, наколькі гэта сурʼёзнае парушэнне. Такія парушэнні ёсць, я думаю, і ў палякаў, і іншых тут рэзідэнтаў, якія займаюцца транспартам.

— Рашэнне аб гэтых санкцыях чыста палітычнае, тым не менш, як Вы думаеце, ці могуць гэтыя абмежаванні мець нейкі станоўчы эфект для польскай эканомікі? Магчыма, гэта палепшыць становішча менавіта польскіх перавозчыкаў?

— Ад іх можа быць толькі горш. Калі ў адказ Расія забароніць уезд на сваю тэрыторыю польскіх цягачоў, польскіх фур, то тады ўсе польскія машыны, якія зараз знаходзяцца ў Казахстане, увесь час выконваюць перавозкі ў Казахстан, яны будуць вымушаныя вярнуцца ў Польшчу на тэрыторыю Еўрасаюза і ў іх тут, насамрэч, працы не будзе. І гэта сапраўды будзе праблема для польскай эканомікі, для польскай транспартнай галіны. Таму, як я лічу, можа быць больш негатыву, больш адмоўнага эфекту ад гэтых абмежаванняў, чым нейкага рэальнага ціску. Калі б гэта быў санкцыйны пакет, які падпісалі б Літва, Латвія, то тады гэтыя машыны і грузы ўсё роўна ніяк не трапілі б на тэрыторыю «Мытнага саюза». Але калі гэтае абмежаванне адной краіны, а Літва, Латвія працягваюць пускаць гэтыя прычэпы расійскія і беларускія, то губляецца сэнс ад гэтых абмежавальных мер.

— Раней, калі мы ўжо рабілі матэрыял пра пратэсты польскіх кампаній-перавозчыкаў, некалькі суразмоўцаў нам паведамлялі, што палякі не ездзяць далей на ўсход, і таму казалі, што інтарэсы польскіх і беларускіх перавозчыкаў нібыта не перасякаюцца. Цяпер вы кажаце, што ў Казахстане шмат польскіх цягачоў.

— Так, вельмі шмат аўтамабіляў з польскай рэгістрацыяй у Казахстане. У нас, напрыклад, кіроўца едзе па Казахстане і ён кажа, што проста кожная другая-трэцяя фура на дарозе, гэта фура з польскімі нумарамі. Калі на аўтабане едуць менавіта ў руху, у патоку фур, суадносіны там адна польская машына і дзве-тры мясцовыя.

— Гэтыя праверкі і абмежаванні, яны могуць неяк негатыўна адбіцца на працы фірм, якія ўжо існуюць, з беларускім капіталам у Польшчы?

— Не. Абсалютна ўсе беларусы, якія ўжо адкрылі транспартная кампаніі, якія пераважна ажыццяўлялі перавозку расійскіх і беларускіх прычэпаў, яны сказалі: «Ну добра, мы паедзем і купім пяць прычэпаў сабе, напрыклад, польскіх і будуць нашыя польскія прычэпы ездзіць па Расіі, па Беларусі». Ніякіх негатыўных наступстваў для сябе яны асабліва не адчуюць.

— На вашу думку, ці доўга працягнуцца новыя абмежаванні?

Я думаю, што гэта чыста палітычнае пытанне. І я думаю, што пакуль Варшава і Мінск не пачнуць дамаўляцца наконт пытання з Анджэям Пачобутам, я думаю, гэта не скасуецца.

Comments are closed.