Loading

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы заклікае рэжым Аляксандра Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць усіх палітвязняў. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, якую ПАРЕ прыняла 25 студзеня на сесіі ў Страсбургу.  

У Беларусі фактычна цэлы тыдзень праходзілі масавыя затрыманні і ператрусы ў сваякоў палітвязняў. І якраз у гэты самы час прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл працуюць у Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. У склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць сябры партыі “Народная грамада”, кіраўнік якой  Мікалай Статкевіч ужо больш за 3 гады ўтрымліваецца рэжымам Лукашэнкі за кратамі. А ў аўторак затрымалі і яго жонку Марыну Адамовіч. У Страсбургу “Народную грамаду” прадстаўляе часовая выканаўца абавязкаў генеральнага сакратара партыі Хэлен Мінская.

“Наша галоўная мэта – гэта давесці інфармацыю па Беларусі, таму што відавочна, што ў краінах Еўропы гэта не проста ніяк не адчуваецца, гэта нават не ўспрымаецца як інфармацыя, паколькі ўзровень рэпрэсіяў настолькі моцны, што звычайны чалавек у вольнай краіне не можа ўявіць сабе, у якім стане зараз знаходзяцца беларусы. Адпаведна, мы працуем зараз на еўрапейскіх пляцоўках з мэтай не толькі агучыць пытанні нашых палітвязняў, не толькі пытанні рэпрэсіяў, але і наступствы таго, што адбывацца ў Беларусі.  Напрыклад, учора абмяркоўвалі на адной з панэляў вынішчэнне беларускай літаратуры з крамаў, зачыненне рознага кшталту друкарняў.

Канешне, на нас глядзяць шалёнымі вачыма, не разумеюць, як такое ў XXI стагоддзі можа адбывацца. Але, на жаль, без такіх прыкладаў, якія мы зараз маем, разумення таго, што зараз у Беларусі, няма. Таму мы прывозім з сабой фота і відэаматэрыялы, прывозім з сабой пастановы судоў і наглядна паказваем, як гэта адбываецца ў Беларусі. 

Ёсць пытанне вайны ва Украіне. Яно прыярытэтнае, адпаведна, мы спрабуем прабіцца праз вайсковыя дзеянні з нашай інфармацыяй. Нам пашчасціла – у гэтых панэлях мы прысутнічаем разам з украінскім пытаннем. Адпаведна, усе дэлегаты на пасяджэннях,  маюць магчымасць паслухаць інфармацыю па Украіне і па Беларусі. 

Канешне, мы ехалі з адным дакладам, але літаральна за некалькі гадзін мы цалкам  перапісалі нашыя звароты, таму што стала вядома, што затрымана Марына Адамовіч. Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў сітуацыі інкамунікада ўжо амаль год – 9 лютага будзе. Адпаведна, канешне, мы працуем па гэтым пытанні. Я ў Еўрапарламенце парушаю, напэўна, рэгламент і ў спартовай такой вопратцы хаджу з партрэтам Мікалая Статкевіча, такім чынам хаця б спрабую прыцягнуць увагу да таго, што адбываецца ў нас зараз у камандзе. 

На сённяшні дзень, як мне падаецца, мала ўвагі надаецца менавіта пытанню палітвязняў. Гэта ўсё забіваецца нейкімі больш культурнымі і асветніцкімі праграмамі і, на жаль, на сёняшні дзень я вымушана канстатаваць, што пытанне палітвязняў не прыярытэтнае. Для нас асабіста гэта балюча. І на кожнай пляцоўцы, дзе б я ні з’яўлялася, канешне, першачарговае, што мы агучваем – гэта “давайце звернем увагу на нашых людзей”. 

Вось зараз былі маразы і мы спрабавалі давесці, што людзі літаральна ў стане, калі іх жыццю нясе пагрозу само надвор’е. Таму што камеры не ацяпляюцца, як патрэбна. Адзінае, што вельмі шкада, што рэакцыі няма. Мы ціснем – зараз “Народная грамада” піша звароты да кіраўнікоў дзяржаў. Таму што ў нас сітуацыя крытычная. У нас і смерці ў камандзе, і шмат людзей за кратамі. Адпаведна, мы спрабуем у гэтым полі працаваць максімальна якасна і не звяртаць увагі на пытанні, скажам, асветніцкія, якія зараз ну ніяк не могуць паспрыяць вызваленню палітвязняў”. 

Comments are closed.