Loading

Пагранслужба Латвіі прапануе закрыць пункт пропуску «Сілене» на граніцы з Беларуссю. З беларускага боку гэта пункт «Урбаны». Прапанова звязана з наплывам нелегальных мігрантаў. Паводле слоў начальніка пагранслужбы Латвіі Гунціса Пуятса, на мінулым тыдні сітуацыя была, «напэўна, самай напружанай за ўсе тры гады ». За той тыдзень у краіну не ўпусцілі 892 чалавекі. Згодна з распрацаванымі інструкцыямі, нагадаў Пуятс, калі сітуацыя з нелегальнай міграцыяй на беларуска-латвійскай мяжы не палепшыцца, «наступным крокам стане поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю».

З чым можа быць звязана пераарыентацыя патокаў нелегальных мігрантаў з польскага і літоўскага накірункаў да Латвіі – радыё Ўнэт спытала ў сацыёлага, старшага эксперта Цэнтра новых ідэй Генадзя Коршунава, які адпаведнай тэме прысвяціў свой нядаўні артыкул «Міграцыйны крызіс – усё?».

— Зразумела, што міграцыйны крызіс так хутка не скончыцца і падзеі мінулага тыдня гэта дадаткова пацвярджаюць. Прынамсі, я і скончыў свой артыкул словамі пра тое, што пакуль ва ўладзе такія аўтарытарныя персанажы як Лукашэнка і Пуцін, чакаць канчатковага вырашэння крызісу не выпадае. Я мэтанакіравана ўзгадаў іх разам, таму што зараз у Беларусь мігранты прыбываюць праз так званы «расійскі маршрут», пра што пісалі розныя журналісты. Мы бачым, што мінулы тыдзень стаў выключэннем, таму што два з трох трэндаў, якія я вызначаў у артыкуле, то бок зніжэнне ціску на беларуска-польскую мяжу і захаванне такога мінімальнага плато на беларуска-літоўскай мяжы, яны захаваліся. І па лічбах мы бачым мінімальную колькасць спроб нелегальнага перасячэння. Найменшае па Літве – там як было менш за сто спроб з канца ліпеня, так і захавалася, да прыкладу, на мінулым тыдні было ўсяго 13. На польскай мяжы было невялікае павышэнне, але невялікае. А вось тое, што мы бачым на беларуска-латвійскай мяжы, там сапраўдны выбух адбыўся.

— А з чым Вы гэта звязваеце? У Вас ёсць тлумачэнні?

— Тлумачэнні ў мяне могуць быць толькі на ўзроўні гіпотэз, таму што я гляжу выключна на лічбы і на тое, што ёсць у адкрытых крыніцах, таму што інсайдаў нейкіх, на жаль, у мяне няма. І мне падаецца, што беларускія ўлады крыху спужаліся таго ўльтыматыму, які быў высунуты 28 жніўня. Яны разглядаюць у якасці асноўных сваіх візаві Польшчу і Літву. Адносна Польшчы там хутчэй каляваенныя падставы могуць быць, таму што ў Польшчы і вучэнні праводзяцца і яна моцна павялічыла прысутнасць сваіх вайсковых на мяжы, там складана нешта рабіць. Адносна Літвы, я падазраю, што не хочуць вельмі моцна турбаваць, бо могуць быць перакрыты каналы кантрабанды. Літва і так намагаецца змагацца, у прыватнасці з тытунёвай кантрабандай, але выглядае на тое, што не ўсе каналы яшчэ перакрытыя, таму не хочуць іх напружваць, каб не перакрылі ўсе. Магчыма, што застаюцца яшчэ нейкія спадзевы ў беларускай улады на тое, што Літва калі-небудзь пагодзіцца адкрыць магчымасці транзіту беларускай калійкі. Наколькі такі варыянт магчымы, не зразумела, пакуль ён гіпатэтычны, але беларускія ўлады не хочуць яго канчаткова пахаваць. А вось адносна Латвіі, тут ні ваенны, ні эканамічны, ні лагістычны – ніякія іншыя чыннікі не працуюць, і, калі назапашваецца вялікая колькасць мігрантаў, то іх трэба накіраваць што называецца «хоць куды». А куды? На Польшчу нельга, на Літву не пажадана, на Украіну не пагоніш, бо там міны.

— Латвія ўжо прыгразіла закрыць пункт пропуску на мяжы з Беларуссю. Наколькі такая мера можа быць эфектыўнай?

— Для беларускіх уладаў гэта не вельмі моцны аргумент, таму што яны не ездзяць праз мяжу, ездзяць простыя людзі. Калі б была пагроза, што зачыняцца нейкія транзітныя каналы, то гэта было б адчувальна, а тое, што людзі ездзяць, тое, што людзям будзе горш, гэта ўладам не цікава, для іх гэта не працуе.

Поўную размову з Генадзем Коршунавым слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.