Loading

Неўзабаве мінае тэрмін паўнамоцтваў цяперашняга складу Каардынацыйнай Рады і сярод фракцый ужо ідзе падрыхтоўка да будучай выбарчай кампаніі. Ужо бачна, што па выніках праведзенай працы, некаторыя фракцыі могуць перафарматавацца. Так, напрыклад, аб магчымым сыходзе з моладзевай фракцыі радыё Ўнэт распавёў яе сябра Ян Рудзік. Цяпер ён плануе ствараць новую фракцыю ў КР – фракцыю беларускіх нацыяналістаў, арыентаваных на ідэі так званага «Міжмор’я» – палітычнага саюза дзяржаў балта-чарнаморскага рэгіёну.

«Мне падаецца, што для мяне асабіста цяперашні фармат не падыходзіць, таму што калі гэтыя фракцыі ствараліся у першы раз, пасля рэфармавання, яны былі даволі абстрактныя: «за ўсё добрае супраць усяго кепскага». Але ж мы зараз ужо бачым, што стварылася фемінісцкая фракцыя, якая ўжо больш ідэялагізавана. І, я мяркую, што калі буду вылучацца надалей, на наступны тэрмін у Каардынацыйную Раду, то мы будзем намагацца стварыць больш палітызаваную фракцыю, а менавіта – «міжморскую». Такую кансерватыўную».

Пакуль што ідуць перамовы. Спадар Рудзік адзначае зацікаўленасць некаторых арганізацый, але пакуль казаць ад іх імя рана. Тым не менш, па словах Яна Рудзіка, зараз ужо плануецца прыцягнуць да выбараў у КР каля 20 дэлегатаў ад розных арганізацый, у тым ліку ад «Руху беларускіх нацыяналістаў». Асноўнай мэтай на наступную кадэнцыю фракцыя ставіць распаўсюд сваіх ідэй сярод беларусаў замежжа, а менавіта – ідэй беларускага нацыяналізма і «Міжмор’я», бо сёння беларускім дэмакратычным сілам не дастае менавіта ідэалагічнай базы. Гэты прабел новае палітычнае аб’яднанне і паспрабуе запоўніць.

«Мы бачым, што за гэтыя гады, якія прайшлі з 20-га года, нейкай ідэалагічнай базы ў беларускага пратэста, так казаць, і не з’явілася. І мне падаецца, што менавіта праз гэта многія людзі і сышлі. Таму што не было сэнсаў. І зараз мы плануем у наступным годзе менавіта гэтым і займацца – прасоўваннем палітычных сэнсаў, распаўсюдам нашых ідэй. Таму што, насамрэч, у беларускага нацыяналізма і, тым больш, у «міжморскай» канцэпцыі, у яе вельмі крутая база, яна развівалася ўвесь гэты час. І нават калі не на беларускім полі, гэтым працягвалі займацца нашыя польскія, украінскія калегі. І таму я мяркую, нашыя прапановы будуць нечым новым для многіх і таксама прыцягнуць да нашага руху новых людзей. Ну і гэта надась новы сэнсу ўсяму таму, што ў нас зараз адбываецца».

Асноўны разлік у сваёй перадвыбарчай кампаніі і наступнай магчымай працы ў складзе Каардынацыйнай Рады, па словах Яна Рудзіка, фракцыя робіць менавіта на беларусаў замежжа, бо, на яго думку, хто б што ні казаў, але правесці сёння бяспечныя выбары сярод жыхароў Беларусі немагчыма.

«Я мяркую, што ўвогуле гэтыя выбары будуць у першую чаргу на дыяспару арыентаваныя. Таму што, як бы многія не казалі папулістычна, што трэба каб людзі з Беларусі галасавалі, я, напрыклад, не ўяўляю сабе як гэта зрабіць, каб гэта было для людзей бяспечна, каб зацікавіць людзей у Беларусі. Мы зараз бачым вялікі крызіс беларускіх дэмакратычных сілаў. Гэта бачна па медыям беларускім незалежным, колькі людзей іх чытаюць. Таму гэта ў першую чаргу будуць выбары для дыяспары».

У цэлым, застаецца шмат невядомага наконт маючых адбыцца выбараў. На думку спадара Яна, адной з галоўных інтрыгаў таксама застаецца ўдзел прадстаўнікоў АПК ў гэтых выбарах. Як мяркуе спадар Рудзік, нягледзячы на складаныя адносіны паміж Каардынацыйнай Радай і Аб«яднаным Пераходным Кабінетам, менаіта прадстаўнікі Кабінета – адныя з найбольш зацікаўленых бакоў у прамых выбарах, бо для далейшай легітымізацыі сваёй працы ім трэба прадэманстраваць падтрымку не адной толькі Святланы Ціханоўскай, але і пэўнай колькасці простых беларусаў. Тым не менш, па словах палітыка, гэта стварае і пэўную небяспеку для іншых кандыдатаў у КР ад менш медыйна прадстаўленых фракцый.

«Я мяркую, галоўная ўвогуле інтрыга гэтых выбараў – гэта адносіны з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам. Таму што чальцы АПК – гэта галоўныя бенефіцыяры менавіта прамых выбараў. З аднаго боку, яны ўвесь гэты час выказвалі пэўны скепсіс да Каардынацыйнай Рады, з іншага боку – Каардынацыйная Рада гэта, усё ж, прызнаны прадстаўнічы орган беларусаў на Захадзе. Так як яны самі, можна казаць, не самазванцы, яны прызначаныя Ціханоўскай. І яны зацікаўлены, каб удзельнічаць у выбарах, каб гэта былі прамыя выбары. Каб яны сабралі некалькі тысяч сваіх галасоў і казалі, што не толькі «Святлана Ціханоўская нас прызначыла, але нас падтрымлівае яшчэ і пэўная частка беларусаў». Для іх, як для медыйных асобаў, я мяркую, гэта не будзе ствараць нейкіх праблемаў, але ж праз той жа недахоп інфармацыі пра іншых дэлегатаў, магчыма гэта створыць праблемы для палітычных сіл, якія па нейкіх прычынах не настолькі медыйна прадстаўленыя. У гэтым галоўная інтрыга: ці здолеюць яны «прапіхнуць» гэтую ідэю ці не. Ну і ад гэтага залежыць далейшы лёс Каардынацыйнай Рады. Калі здолеюць – то яна ператворыцца ў такі лагічны працяг Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, то бок фактычна знікне, як самастойны суб’ект. Ну а калі не, то яно надалей будзе неяк працягвацца».

Comments are closed.