Loading

Еўрапейскі саюз працягнуў яшчэ на год, да 28 лютага 2024 года, санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, ягонага атачэння і некаторых беларускіх арганізацый. Адпаведнае рашэнне Еўрарады 27 лютага апублікавана ў Афіцыйным часопісе ЕС.

«Улічваючы цяжар сітуацыі ў Беларусі, які захоўваецца, і дачыненне Беларусі да незаконнай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, мэтазгодна захаваць у сіле ўсе меры, прынятыя саюзам. Рашэнне павінна быць працягнута да 28 лютага 2024 года», – гаворыцца ў цяперашнім дакуменце.

Размова ідзе аб замарожаных актывах і забароне на выдачу віз у ЕС. Рашэнне ЕС таксама ўдакладняе напісанне даных аб 21 фізічнай і дзвюх юрыдычных асобах. Сярод іх – гендырэктар «Беларуськалія» Іван Галаваты, якога абвінавачваюць у датычнасці да рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Ён па-ранейшаму застаецца ў санкцыйным пераліку ЕС, як і расійскі бізнесмен, сябар Лукашэнкі Міхаіл Гуцырыеў, які таксама звязаны з беларускай калійнай галіной.

Дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Пятрас Ауштравічус лічыць, што санкцыі на сёння самы эфектыўны механізм ціску на рэжым Лукашэнкі.

«Яны (афіцыйны Мінск-рэд.) разумеюць гэта, хоць адвяргаюць і кажуць, што могуць абысці санкцыі. Але трэба цалкам увасабляць гэтыя санкцыі ў жыццё, закрываць усе мажлівасці іх абыходу. Я думаю, што толькі санкцыямі на Лукашэнку можна надавіць, каб ён зразумеў, што штосьці трэба рабіць. Калі мы зробім крок назад, то гэта слабасць. І рэжым Лукашэнкі гэта можа ацаніць так: зноў пачалі з намі заігрываць. Захад рабіў такія памылкі пастаянна. І калі зараз хто-небудзь выйдзе з небяспечнымі прапановамі ісці на дыялог з афіцыйным Мінскам, гэта будзе правал і мы страцім любы інструмент ціску на рэжым».

Пятрас Ауштравічус на мітынгу ў Вільні ў падтрымку беларускіх палітвязней.

Больш слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.