Loading

Дзяніс Урбановіч з пазыўным «Ваўкалак» змагаецца ў складзе беларускага батальёна «Волат» палка імя Кастуся Каліноўскага. 6 студзеня пад Бахмутам ён атрымаў чарговае раненне. Зараз Дзяніс адчувае сябе добра і хутка ідзе на папраўку. Ён распавёў радыё Ўнэт пра бой, у якім быў паранены, тактыку рускіх, і пра тое, што зараз найбольш неабходна беларусам.

Гэта было выкананне чарговай баявой задачы, падчас якой мы павінны былі не дапусціць праход рускіх акупантаў у бок украінскіх пазіцый. Па даных выведкі было зразумела, што рускія будуць рухацца ў бок фермы з Бамута.

Мы выйшлі, занялі пазіцыі. Тры чалавекі са мной адправіліся на выведку, дзе наткнуліся на «вочы» – два маскалі акопваліся. Падышлі да іх усутыч, я пачаў дапытвацца пароль і з якой яны брыгады. Адразу завязаўся бой. Мы адкаціліся назад, занялі пазіцыю і сталі чакаць, пакуль да нас пачнуць падыходзіць.

За ноч зайшло больш маскалей. Потым даведаліся, што іх было каля 26 чалавек. А 8 раніцы пачаўся бой. Практычна на пачатку я атрымаў раненне і выйшаў сам. Мне аказалі першую дапамогу, а далей я ўжо нічога не памятаю. Ачуняў толькі ў шпіталі пасля аперацыі.

Апроч Дзяніса Урбановіча ў тым баю лёгкія кулявыя параненні атрымалі яшчэ некалькі беларусаў. Некаторыя ўжо вярнуліся ў строй. Бой быў сляпы лабавы, літаральна з адлегласці 15-20 метраў у лесапаласе з хмызняком. Ад братоў-украінцаў ужо потым даведаўся, што ў тым баю байцы батальёна «Волат» разам з украінцамі знішчылі каля 26 варожых салдата.

З мяне выцягнулі кулю, якая трапіла ў грудзіну. Думаю, адрэкашэціла ад брані. Прабіла грудную клетку, лёгкае, зламала два рабры, пашкодзіла дыяфрагму і спынілася каля пячонкі. Зараз пасля аперацыі адчуваю сябе добра. Ужо выходжу на вуліцу, п’ю каву, добра ем, аднаўляюся. Прыкладна месяц яшчэ працягнецца рэабілітацыя.

«Ваўкалак» на перадавой практычна ад пачатку вайны. Пасля вучэбкі адразу папаў у бой. Потым была сур’ёзная кантузія і месяц рэабілітацыі пасля яе. Затым зноў перадавая і лёгкае параненне. То бок, з ліпеня і дагэтуль Урбановіч увесь час на «перадку». Апошнія месяцы «Волат» змагаецца пад Бахмутам, дзе ідуць найбольш жорсткія баі.

Тактыка рускіх – пускаць спачатку на забой зэкаў

«Ваўкалак» кажа, што пускаць першымі ў бой зэкаў – звычайная практыка рускіх. Тое, што гэта зэкі з крымінальным мінулым адразу зразумела пад час агляду целаў. Бачна і па зброі і па амуніцыі, а таксама па рэлігійных атрыбутах. У іх звычайна з сабой іконкі і малітоўнікі, адпаведныя наколкі.

Такіх выпускаюць у бой першымі. Яны ідуць як «мяса». З іх дапамогай выяўляюць нашыя пазіцыі. Затым пасылаюць ужо больш дасведчаных салдат, і пачынаецца жорсткі бой. А які выбар у гэтых зэкаў? У іх што ззаду, што напрадзе – смерць.

Ёсць варыянт здацца ў палон. Але звычайна, калі ідзе шчыльны бой, немагчыма пачуць, як хтосьці крычыць, што хоча здацца. У асноўным у палон здаюцца параненыя. Калі працуе артылерыя, мінамёты ў палон ніяк не здацца. Яны пруць масай. Трупаў рускіх настолькі шмат, што не пералічыць. Ляжаць, гніюць, смярдзяць, змешаныя з зямлёй.

Рускія сваіх кідаюць

Я не бачыў ні воднага разу, каб яны забіралі загінуўшых. Каб вы разумелі, і ўкраінцы не заўсёды маюць магчымасць забраць сваіх. Але яны стараюцца гэта рабіць, выносіць двухсотых і трохсотых. А ў рускіх параненыя равуць, поўзаюць і ніхто іх не выносіць. Бо эліта іх стаіць далей. А калі пачынаюць накрываць артылерыяй, то ўжо і не магчыма. Ну а зэкаў «Вагнер» не шкадуе зусім. Яны ідуць на верную смерць нават параненыя.

Не магу сказаць, колькі дакладна іх можа быць у баі. На кожны ўчастак выдзяляюць па некалькі дзясяткаў. У залежнасці ад мясцовасці, на якой ідзе бой. У гарадскім баі яны стараюцца разбіваць танкамі, пасля чаго заходзяць больш дасведчаныя. А ў баі на пазіцыях ужо «мяса» гэтае піхаюць. Яны ж таксама не дурныя, ведаюць, як граматна падысці. Чалавечы рэсурс дазваляе ім рабіць гэта добра. Іх вельмі шмат.

Сыходзіць са службы Дзяніс Урбановіч не плануе. Збіраецца ваяваць да апошняга. Там ягоныя сябры, камандзіры. Маўляў, прызвычаіўся да гэтых людзей, якія сталі яму як сям’я.

Падтрымка і дапамога

Пакуль ты на перадавой, без інтэрнэту, то ніякіх навінаў і звестак не маеш. А пад час перадыху вельмі прыемна атрымліваць паведамленні, лісты, пасылкі. На фронце, кажа «Ваўкалак» кожны такі знак увагі вельмі прыемны. Нават, звычайныя малюнкі. Урбановіч кажа, што яго малявалі і з аўтаматам, і з касой.

Але галоўная дапамога, якая патрэбная зараз беларускім і ўкраінскім ваярам, гэта новыя добраахвотнікі. Вельмі пажадана, каб з дзясяткаў тысяч беларусаў, што з’ехалі з краіны, хаця б частка далучыліся да іх. Марна думаць, што пасля перамогі ўкраінцы будуць вызваляць Беларусь. Гэта павінны будуць рабіць самі беларусы. А на вайне зараз яны могуць атрымаць неабходны для гэтага досвед.

Тым, хто кажа, што гэта не наша вайна, Урбановіч адказвае, што тут вы можаце навучыцца, як вызваляць Беларусь. Бо Расія – наш агульны вораг. І нам неабходна, каб беларусы папаўнялі нашыя рады.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.