Loading

Уладам Беларусі пакуль удаецца спраўляецца з экспартным шокам, галоўным чынам за кошт павышанай канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі, але гэты фактар кан’юнктурны і ў любы момант можа знікнуць. Па ацэнцы старшага навуковага супрацоўніка цэнтра Beroc Дзмітрыя Крука, беларуская эканоміка набліжаецца да дна і сярэднетэрміновыя перспектывы для яе вельмі змрочныя.

Якія прыкметы дазваляюць Вам казаць, што дно ўжо блізка?

Я базуюся хутчэй на статыстыцы. Калі паглядзець на даследаванні, як адчуваюць сябе хатнія гаспадаркі, то відаць, што спажывецкі попыт плюс-мінус стабілізаваўся. Пасля такога абвалу інвестыцыйнага попыту, дзесьці дно павінна быць намацана, мы ўжо паглыбіліся настолькі, што павінны дасягнуць дна. І галоўная рэч наконт экспарту: лічбы кажуць, што экспартны шок удалося часткова купіраваць. І вось гэтыя фактары дазваляюць казаць, што дно, хутчэй за ўсё блізка, але не трэба казаць, што гэта такая выснова на 100%. Хісткасць і нявызначанасць будучыні экспарту – гэта міна запаволенага дзеяння, і калі зараз можа здавацца, што дно намацана, фактараў і прычын, якія могуць гэтае дно паглыбіць, вельмі шмат.

Што тычыцца экспарту, яго ў гэтым годзе выцягнула кан’юнктура?

Часткова гэта аднаўленне нафтапрадуктаў. Гэта першая па значнасці прычына. І па-другое, так, кан’юнктура і магчымасць у другім-трэцім кварталах шмат якія тавары прадаваць у Расію. Таму што ў Расіі цэны адаптаваліся значна хутчэй і цэнавы гэп, розніца паміж цэнамі на расійскім рынку і ўнутраным беларускім, ён вельмі павялічыўся. У перыяд з красавіка па жнівень розніца была агромністай, нават даводзілася чуць ад бізнесменаў, што прадаць любы тавар на расійскі рынак можна было не падымаючыся з канапы.

А якія рызыкі для канкурэнтаздольнасці ў наступным годзе могуць з’явіцца?

Гэта не тое, што рызыкі. Тая павышаная цэнавая канкурэнтаздольнасць, якая склалася, гэта такая шчаслівая выпадковасць для бізнесаў і для ўсёй эканомікі. І як для любой выпадковасці ўзнікае пытанне: калі яна знікне. Гэта не нешта ўстойлівае, не тое, што было мэтанакіравана дасягнута. Тое самае адбудзецца з гэтай павышанай канкурэнтаздольнасцю.

Можна сказаць, што беларускім уладам шанцуе, таму што ў 2021 годзе склалася сітуацыя, калі здолелі выцягнуць экспарт, зараз зноў выпадковасці…

У пэўнай ступені так. Але сёння сітуацыя адрозніваецца ад 2021 года, яны ў пэўнай ступені вялізную частку рынку страцілі, я маю на ўвазе магчымасць экспартаваць у ЕС. І далёка не ўсе страты кампенсаваны, толькі частка. Тое, што пашчасціла, дазволіла гэтую кампенсацыю атрымаць. Калі б мы экспарце апынуліся на ўзроўні красавіка-траўня, то была б зусім іншая макраэканамічная карціна.

А што паказвае статыстыка, санкцыі працуюць?

Безумоўна. Санкцыі дзейнічаюць. І калі мы паглядзім на двухбаковы гандаль паміж Беларуссю і ЕС, там проста каардынальнае падзенне па ўсім. Фактычна экспарцёры былі вымушаны шукаць ці новыя рынкі ці механізмы лагістыкі праз іншыя краіны. Але нават з улікам гэтай адаптацыі, у параўнанні з перадваенным узроўнем экспарт вельмі значна прасеў.

Апроч экспартнай рызыкі, якія яшчэ выклікі перад беларускай эканомікай стаяць у наступным годзе?

Калі казаць пра кароткатэрміновы перыяд, то рызыка – тая ліквіднасць, якая зараз назапасілася ў банкаўскім сектары. Калі яна выплеснецца ў эканоміку, то вельмі верагодны інфляцыйны усплеск. Наколькі я разумею, улады зараз паставілі мэту прастымуляваць аднаўленчы рост, пра які казаў Галоўчанка, і яны мэтанакіравана спрабуюць гэта рабіць. Сітуацыя падобная да 2010-2011 гадоў, і можа быць так, што на нейкі кароткі перыяд удасца гэты рост падштурхнуць, але, калі ў 2011 годзе макраэканімічная стабілізацыя пасля адбывалася праз курс, то зараз гэта хутчэй за ўсе будзе праз цэны. Гэта на кароткім прамежку галоўная рызыка. І таксама сітуацыя з экспартам: ён настолькі хісткі, настолькі няўстойлівы, што, калі знікае заўтра частка экспарту, то сітуацыя вяртаецца да перыяду красавіка-траўня.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.