Loading

Вынікі галасавання на парламенцкіх выбарах у Польшчы апублікавала Цэнтральная выбарчая камісія і яны нязначна адрозніваюцца ад экзітполаў. Кансерватыўная кіруючая партыя «PiS» набірае каля 36% галасоў. Лідар апазіцыі і найбуйнейшая апазіцыйная кааліцыя «Koalicja Obywatelska», аснову якой склала партыя «PO» на чале з колішнім прэм’ерам Польшчы Дональдам Тускам – каля 30%. «Trzecia Droga» – аб’яднанне шэрагу палітычных партый, асноўнай з якіх з’яўляецца цэнтрысцкая «Polska 2050» Шымона Галоўні, – больш за 14%. Аб’яднанне левых «Lewica» – амаль 8,5%. А радыкальная правая партыя «Konfederacja», атрымала больш за 7% галасоў.

На думку палітолага Дзмітрыя Балкунца, у цэлым гэтыя выбары сталі вельмі добрым паказчыкам палітычнай самасвядомасці польскага грамадства, якое аб’ядналася не вакол нейкай персаналіі, а вакол агульнай ідэі і імкнення да змен у краіне і ў грамадстве.

«Мне здаецца, што па выніках гэтых выбараў вельмі важны паказчык – гэта магчымасць людзей абраць свой урад і не адчуваць нейкай недасканаласці, калі сыйдзе кіруючая партыя. І тое, што грамадзяне Польшчы так масава прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, гэта быў, мне падаецца, паказчык якраз пратэстнага галасавання. Бо, відаць, калі людзі хочуць нейкіх змен, яны ідуць галасаваць. І таму я мяркую, што маршы, якія праводзіліся ў Варшаве, арганізаваныя партыяй, якая зараз, верагодна, будзе фармаваць кааліцыю, партыяй Туска, яны паказвалі наколькі ёсць запыт у польскім грамадстве на перамены».

Пры гэтым, палітолаг адзначае, што змены ў польскім кіраўніцтве кардынальна не зменяць стаўлення Польшчы да Беларусі і Украіны.

«У любым выпадку, незалежна ад сітуацыі, я мяркую, што палітычны курс Польшчы, у тым ліку ў знешняй палітыцы, у дачыненні да Беларусі не зведае нейкіх радыкальных змен. І ў адносінах да Украіны ў тым ліку, як бы там беларуская прапаганда пра гэта не пісала. Нейкія, можа быць, карэкціроўкі і будуць адбывацца, але глабальна, вядома, Польшча ўсё ж такі галасавала тут за свае ўнутраныя праблемы. Я думаю, што для беларускай улады ніякага добрага раскладу няма. Але я выкажу тут пазіцыю, мне здаецца, што для беларускай улады выгадна было б, каб ва ўладзе апынулася кіруючая партыя PiS, каб яна захоўвала сваю ўладу. Чаму? Таму што, паколькі партыя ўжо працяглы час знаходзілася ў кіраўніцтве дзяржавы, то, я мяркую, што склаліся пэўныя адносіны нібыта зразумелыя для беларускага боку. У тым ліку ў эканамічнай частцы. Калі мы паглядзім на гандаль Польшчы і Беларусі, то мы ўбачым там пэўныя гандлёвыя ланцужкі, якія ўжо склаліся. У тым ліку нейкія, можа быць, асаблівыя каналы пастаўкі тавараў, якія ехалі з Еўрапейскага Саюза ў Беларусь і ехалі даволі нядрэнна. Калі паглядзім на гандаль у Беларусі і Польшчы, то ўбачым, што, напрыклад, пасля лютага 2022 года там не адбылося ніякага падзення экспарту з Польшчы ў напрамку Беларусі. Гэта таксама паказвае цікавы такі феномен. Калі мы паглядзім на перыяд са студзеня па чэрвень 2023 года, параўнаем з аналагічным перыядам мінулага года, то экспарт з Польшчы ў напрамку Беларусі павялічыўся ў два разы. Таму для Лукашэнкі, магчыма, нават выгадна было б, каб цяперашняя партыя захавала ўладу».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.