Loading

Прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз пагражае Польшчы наступствамі ў выпадку агрэсіі на тэрыторыі краіны. Такую заяву ён зрабіў у каментары расійскаму выданню «Камерсант» падчас сустрэчы міністраў замежных спраў краін АДКБ.

Глаз у чарговы раз падкрэсліў, што па меркаванні беларускіх уладаў, Польшча садзейнічае баявой і іншай падрыхтоўцы беларускіх патрыятычных сіл на сваёй тэрыторыі, нібыта для выкарыстання іх у агрэсіўных мэтах на тэрыторыі РБ.

Па словах Глаза, Мінск спрабаваў весці з Варшавай дыялог па гэтым пытанні, але, нібыта «не ўбачыў разумення» з польскага боку.

Заявы прадстаўніка беларускага МЗС, а так сама сітуацыю з размяшчэннем у Беларусі расійскай ядзернай зброі радыё Ўнэт пракаментаваў былы выконваючы абавязкі міністра абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў.

Фота: Konrad Tomaszewski, Radio Wnet.

— Польскія ўлады маюць пэўныя праблемы з тым, як ставіцца да паводзін беларускіх улад. Гэта адбываецца, насамрэч, па даволі простай прычыне. Польшча вельмі дапамагае беларусам. Мы ставімся да Беларусі як да краіны, якая, як мы спадзяемся, будзе незалежнай і не патрапіць у кіпцюры Пуціна, а таксама, будзе добрым суседам і мы будзем супрацоўнічаць. Калі казаць пра Лукашэнку – ён, праз сваё ўласнае глупства, улез у залежнасць ад Пуціна. Ён не ведае, што з гэтым рабіць і ва ўсіх гэтых сувязях з Расіяй працягвае рабіць глупствы. Калі ж казаць пра стасункі з Польшчай, тое, што зрабіў рэжым Лукашэнкі – пераслед палякаў на Беларусі і вось тая апошняя справа, вельмі балючая справа Анджэя Пачобута – усё гэта разам стварае сітуацыю, у якой Польшча мусіць адказаць. І галоўная праблема тут, якую мы маем, як ударыць па рэжыме, але не ўдарыць па Беларусі і беларусах. Вось гэта і ёсць тая праблема, якую трэба неяк вырашыць, але Польшча мусіць адказаць, бо ў гэтай сітуацыі Лукашэнка з’яўляецца агрэсарам.

— На Вашу думку, ці можа такая агрэсіўная рыторыка ўлад у Мінску быць таксама следствам размяшчэння першых расійскіх ядзерных боегаловак на тэрыторыі Беларусі?

— Расія перанесла сваю ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі, але я не ўпэўнены, што Лукашэнка ў сувязі з гэтым адчувае сябе лепш. Па-першае таму, што гэтая зброя не знаходзіцца ў распараджэнні Беларусі. Яна нават не знаходзіцца ў распараджэнні беларускага рэжыму. Яна застаецца пад расійскім кантролем і гэта расейцы, у выпадку чаго, будуць прымаць рашэнне – ужываць яе ці не. Хаця, канешне, магчыма ён там сабе нешта такое і думае, узмацняе сваю ўпэўненасць толькі з прычыны таго, што яму там прывезлі некалькі гэтых баегаловак.

— А калі казаць аб пазіцыі Захаду, а менавіта НАТА, у мінулую пятніцу спадар Енс Столтэнберг паведаміў, што альянс не збіраецца змяняць сваю палітыку ў дачыненні да ядзернай зброі з прычыны размяшчэння яе ў Беларусі. Ці з’яўляецца такая пазіцыя адэкватнай пагрозам?

— Гэтая зброя застаецца зброяй расійскай. Таму толькі той факт, што Расія змяніла месца захавання гэтых боегаловак яшчэ не змяняе характару гэтай пагрозы. Яшчэ раз, што тычыцца прымянення гэтай зброі – гэтае пытанне, як і раней, застаецца за Расіяй. Таму, на маю думку, такое стаўленне альянса НАТА да гэтага пытання з’яўляецца відавочным.

Comments are closed.