Loading

Паўтары тыдні прайшло з моманту, калі на адрас аднаго з прадстаўнікоў арганізацыі былых беларускіх сілавікоў ByPol былі агучаны абвінавачанні ў фінансавых махінацыях і нават супрацоўніцтве з выведкай Беларусі. З таго моманту ўжо шмат хто выказаўся, але, у асноўным, гэта былі каментары людзей пры высокіх пасадах. Што пра гэтую сітуацыю кажуць звычайныя, цяпер ужо былыя, чальцы арганізацыі? Аб сваім бачанні сітуацыі распавёў былы сержант ByPol і былы сябра атрада АТАМ з пазыўным «Гром».

— Да вас хто-небудзь звяртаўся з Аб’яднанага пераходнага кабінету ці офісу Святланы Ціханоўскай, каб вы патлумачылі сітуацыю?

— Шчыра – не ведаю. Мяне трымалі ў няведанні. Можа і выходзілі на камандзіра нашага. Магчыма выходзілі. На мяне асабіста ніхто не выходзіў.

— Распавядзі сваё бачанне сітуацыі ў ByPol. Ці ўсё там было так, як кажуць бакі гэтага канфлікту?

— Пра гэта пачаў, у прынцыпе, казаць яшчэ Алег Талерчык. Задаваць такія пытанні. Але ўсіх усё задавальняла. То бок атрымлівалі заробак стабільна штомесяц, усіх усё задавальняла. Сумесна яны «з’елі» Алега Талерчыка. А зараз закранула непасрэдна, як я разумею, іх. То бок затрымка, колькі там, тры ці чатыры месяцы, заробку і, адпаведна, ім ужо гэта вельмі не падабаецца. Пачалі задаваць пытанні, дзе грошы. Атрымалася так, што, натуральна, як я зразумеў, Азараў прыцягнуў, таму што яму трэба было неяк апраўдвацца, прыцягнуў гэты паліграф. Потым, на што я звярнуў увагу, што той чалавек, які разам застаўся з Азаравым, яны вырашылі яго выцягнуць ужо ў медыяпрастору. Хаця ён раней ніколі не выходзіў у СМІ. Ну, я разумею навошта. Для таго, каб неяк узмацніць сваю пазіцыю.

— Ці сапраўды меў месца дэмарш з паліграфам, аб якім казаў Азараў і сябры ByPol байкатавалі паліграф нібыта з-за недаверу яго пытанням?

— Байцы, натуральна, праходзілі. Я праходзіў, усе праходзілі. Не ведаю калектыў, менавіта кабінетны, ці праходзілі яны. Хутчэй за ўсё праходзілі. У каго трымалася гэтая інфармацыя? У Азарава, я так разумею. Ну менавіта па кожным чалавеку, хутчэй за ўсё ў Азарава. Не магу шмат сказаць, бо я не ведаю. Але так – праходзілі ўсе байцы. Кожны новы баец, які далучаўся да арганізацыі. Непасрэдна ў кабінеце, колькі там, сем чалавек было ці колькі, вось менавіта яны адмовіліся, як я разумею, ад праходжання паліграфа. Зноў жа, гэта са слоў Азарава. А так, мы праходзілі ўсе. Я не ведаю, у чым сутнасць, але проста яму патрэбныя былі, як я разумею, нейкія аргументы на тыя пытанні. Ён спрабаваў перавесці стрэлкі на нейкі прыдуманы паліграф. Не было ўвогуле такой размовы ніколі ў асяроддзі таго калектыву.

— То бок большасць паліграф праходзіла і ўсё было добра. А вось у цябе быў нейкі недавер да спадара Азарава?

— Я там не знаходзіўся ўвесь час у тых кабінетах. Але разумеў тое, што я сам асабіста чуў. Як Азараў хлусіў, даючы інтэрвʼю. Калі, зноў жа, задаваліся яшчэ даўным-даўно пытанні пра фонды. Новыя фонды адкрытыя. І калі ён проста адмаўляўся адказваць на гэтыя пытанні. Праз нейкі час, зноў жа задавалася тое ж самае пытанне, ён прыцягнуў жонку. Ужо знайшоў як і што адказваць на гэта, прыцягнуў ужо да таго, што гэты фонд адкрывала жонка, гэта ўсё спецыяльна для беларусаў. Узнікае пытанне: шляхетная справа, для беларусаў, а чаго мы адразу адмовіліся адказваць пра гэтыя фонды? Ну і робіш высновы, што насамрэч хапае там нейкіх махінацый у фінансавым плане. І зараз я бачу як развіваецца сітуацыя. Святлане Георгіеўне, вядома, вельмі невыгодна гэта ўсё. Ну, яно ўжо ўсё роўна ўсё здарылася, і яна робіць вялікую памылку, што яна спрабуе гэта ўсё згладзіць, пакінуць як ёсць і не рабіць, як трэба. Гэта значыць сапраўды правесці расследаванне абʼектыўнае, падняць усю дакументацыю, пра ўсё дазнацца. Але яна вырашыла проста гэта схаваць. Маё, зноў жа, бачанне: ну, вось, што за тры гады насамрэч змянілася? Пачалі выпускаць палітвязняў? Ці ім стала лягчэй жыць? Не. Як ламалі, так і ламаюць людзей кожны дзень. Як саджалі, так саджаюць. Проста выгадна сядзець на гэтых данатах, нармальныя грошы атрымліваць. Вось цяпер на Азараве, калі спыніцца і падняць гэта ўсё і разабрацца ва ўсім, потым захочацца кагосьці іншага праверыць, фінансавую празрыстасць усю. Глядзіш, так можа быць і Святлане Георгіеўне хто-небудзь захоча, таксама так пазадаваць непрыемныя пытанні, і таксама не будзе адказаў. Але яна робіць, зноў жа паўтаруся, вялікую памылку. Таму што, рана ці позна ўсё роўна будуць пытацца пра гэта..

— У чым прычына гэтых скандалаў? На тваю думку, гэта сапраўды праца нейкай агентуры ці гэта проста нейкі ўнутраны разлад з іншых прычынаў?

— Я думаў пра гэта. Я думаў пра гэта недзе тыдзень таму. Па вялікім рахунку, вось ва ўсіх гэтых сілах, якія тут за мяжой, ім асабліва і працаваць не трэба, таму што ва ўсіх гэтых сілах, хто стаіць на чале, ёсць асабістыя мэты. А агульная мэта, вызваленне Беларусі, пакаранне па законе, пачынаючы ад дырэктараў школ, якія фальсіфікавалі, вось гэта агульная мэта і гэта ў іх ужо недзе на другім, можа быць на трэцім месцы.

— У дадзенай сітуацыі, якое ты бачыш рашэнне, што трэба рабіць беларусам?

— Рабіць нейкую адну новую, як я сабе бачу, адну нейкую новую сілу. Магчыма, патрэбны новы лідэр. Так, у нас ёсць Святлана Ціханоўская, але ўсё ж, як я ўжо раней казаў, балабольства гэтае, ужо ўсе стаміліся ад гэтага балабольства. Патрэбны сапраўды новы лідэр, якому давяраюць, які можа вакол сябе абʼяднаць усе сілы. Я разумею тое, што трэба размаўляць з усімі, абсалютна з усімі. Хаця б пачаць размаўляць і спрабаваць дамаўляцца. Таму што вельмі цяжка, калі ўсё гэта раздроблена, кожны цягне на сябе з амбіцыямі са сваімі, са сваімі асабістымі планамі. То бок, гэта будзе вельмі складана, пакуль мы не дамовімся.

— Ты ўваходзіў у атрад АТАМ. Што зараз з ім?

— Можна мы гэтую тэму не будзем кранаць? Хацелася, вядома, каб было сапраўднае спецпадраздзяленне. Куды мы прыехалі – у полк Каліноўскага і, проста, было зразумела па ўсіх іх дзеяннях, што нас спрабавалі драбіць усяляк. Падзяляць паміж сабой, каб не былі разам. У прынцыпе, у выніку ў іх атрымалася. АТАМ, па вялікім рахунку, практычна і разваліўся. Я сам таксама сыходжу з падраздзялення.

Comments are closed.