Loading

Пра тое, як сітуацыя з адмовай АДКБ надаць ваенную дапамогу Арменіі для абароны ад узброенага ўварвання Азербайджана расцэньваецца ў Арменіі, якія зараз настроі ў армянскіх палітычных эліт і грамадства, а таксама пра шанцы Арменіі выйсці з-пад уплыву Расіі мы паразмаўлялі з каардынатарам даследаванняў Армянскага інстытуту міжнародных адносінаў і бяспекі Рубэнам Меграбянам.

Расійская ваенная база ў Арменіі лічылася тым чыннікам, які будзе стрымліваць усе гэтыя пагрозы ля нашым межаў. Але мы бачым, што на тле тае мутацыі, якая адбываецца ў Расіі, і тых зменаў, якія адбываюцца ў свеце, Расія пераследуе зусім іншыя мэты. І пытанне не ў тым, дапамагла Расія ці не дапамагла. Пытанне ў тым, чаго дамагаецца Расія. Многія кіраўнікі Расіі заяўляюць адкрытым тэкстам, што ўся тэрыторыя былога Савецкага Саюза – гэта расійскай зямля.

«Уся гэтая расійская палітыка – гэта неаімперская палітыка, якая мае на мэце паглынанне ўсіх частак сваёй былой імперыі, якія адваліліся 31 год таму і зрабіліся незалежнымі дзяржавамі. Дзеля гэтае мэты Расія не грэбуе аніякімі сродкамі і ёй пляваць на ўсе дакументы, якія яна падпісвае. І ў гэта ўваходзіць не толькі дзеянне, але і бездзеянне».

Фота: facebook.com

У 2020 годзе, калі кіраўніцтва Арменіі ставіла пытанне пра наданне ваеннай дапамогі, з Масквы заявілі, што вайна ідзе ў Нагорным Карабаху. Нагорны Карабах не з’яўляецца тэрыторыяй Арменіі, адпаведна ўзаемныя абавязацельствы Арменіі і Расіі не распаўсюджваюцца на тэрыторыі, якія знаходзяцца па-за Рэспублікай Арменія. Гэта было ўпсрынята ў Арменіі – ну, калі не можаце, то добра. Вайна скончылася.
Праходзіць усяго 6 месяцаў, і азербайджанскія войскі ў раёне Чорнага возера – Сэв Ліч, уварваліся на тэрыторыю, якая нават на ўсіх савецкіх мапах была тэрыторыяй савецкай яшчэ Арменіі. Арменія тады звярнулася ў АДКБ і да самой Расіі. Бо ёсць і двухбаковая дамоўная база. З Расіі адказалі: «Мы не ўпэўненыя ў тым, што адбылося парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Арменіі, бо ў вас з Азербайджанам няма дэмаркацыі і дэлімітацыі мяжы».

«Варта сказаць, што вайна ў 2020-м скончылася пасля 44 дзён і адразу ж пачалася магутная гібрыдная вайна супраць Арменіі. Прычым, гэта рабілася менавіта з Масквы і вялася яна з дапамогай гэтай «пятай калоны», якая ў Масквы на прыкорме».

Гэтым разам, ужо да 13 верасня, да моманту калі мы сталі сведкамі харкаўскае ганьбы расійскай арміі і абрынання ўсёй расійскай ваеннай машыны, якая ўварвалася ва Украіну, напярэдадні саміта гэтага аўтарытарнага інтэрнацыяналу ў Самаркандзе, паводле разлікаў Расіі Арменія мусіла быць разбіта, і Расія спадзявалася прадэманстраваць, што яна патрэбная. Арменія мусіла прасіць Расію пра ўваходжанне ў так званую Саюзную дзяржаву.

Але справа пайшла не так. Найперш, дзякуючы гераізму армянскага жаўнера на мяжы. А таксама аднаму зусім нечаканамі чынніку – чынніку Амерыкі. І гэтым разам Ерэван звярнуўся ў Раду бяспекі ААН. І на Радзе бяспекі мы пабачылі практычна поўны кансенсус у тым, што Азербайджан здзяйсняе агрэсію і гэтыя дзеянні выходзяць за рамкі міжнароднага права.

І Вашынгтон пачаў называць рэчы сваімі імёнамі. Дзяржсакратар Блінкен патэлефанаваў у Баку і запатрабаваў спыніць агрэсіўныя дзеянні. Прайшло яшчэ тры дні і Блінкен запатрабаваў вывесці войскі з тэрыторыі Арменіі. І да гэтага моманту прыйшоўся даўно запланаваны візін Нэнсі Пелосі ў Ерэван.

«Падчас візіту Нэнсі Пелосі і пры вядомай рэакцыі АДКБ, якія ні слова асуджэння дзеянняў Азербайджана не сказалі, накіравалі сюды нейкіх напаўп’яных мужыкоў у пагонах, якія будуць тут нешта вывучаць, рыхтаваць даклад, рэкамендацыі, у Ерэване ўзнікла пытанне, што Ерэван мусіць пакінуць гэтую паганую арганізацыю».

Яна толькі абмяжоўвае Арменію, тармозіць яе магчымасці. Арменія застаецца няўзброенай. Расія нам не пастаўляе зброю, бо ў яе настолькі не хапае, што яна спадзяецца на Паўночную Карэю. І першым крокам гэтага новага палітычнага курсу мусіць стаць выхад з АДКБ.

Гэты візіт Нэнсі Пелосі аказаўся гістарычным не столькі таму, што трэцяя асоба ва ўладнай іерархіі ЗША наведвае Ерэван, а яе заявай пра тое, што, калі гэта будзе рашэнне Арменіі, ЗША будзе казаць пра яе падтрымку. У дзень, калі Пелосі была ў Ерэване, тут адбыўся досыць прадстаўнічы мітынг з патрабаваннем да ўраду прыняць рашэнне аб выхадзе з АДКБ.

Выступ Нэнсі Пелосі падчас візіту ў Ерэван. Скрышот з відэа CivilNet.

Якія зараз настроі, і ці яны адрозніваюцца, у армянскім грамадстве, у армянскіх палітычных элітах і ў армянскіх уладаў?

Цалкам відавочна, што тое, што трэба зрабіць – гэта не аднакрокавыя дзеянні і не пытанне аднаго рашэння.

«Гэта даволі складаны працэс, комплекс крокаў, якія могуць быць інтэграваныя ў стратэгію вызвалення рук і шыі Арменіі ад гэтага таксічнага «векавога братэрства», якое нас вядзе да маруднай смерці».

Зразумела, што Арменіі больш не па дарозе з гэтай ардой, з гэтай краінай, дзе кіруе мяснік, які стаў на шлях серыйных забойстваў.

Іншая справа, што грамадства больш нецярплівае. У ім ёсць такія настроі, каб усё і адразу. Але ўрад пры ўсім жаданні не можа зрабіць усё і адразу. Гэты працэс я ўяўляю, як кажуць вайскоўцы, у выглядзе пераходу на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі. А гэтыя пазіцыі трэба падрыхтаваць. То бок, калі і ёсць адрозненні, то толькі ва ўяўленні пра той часавы прамежак, калі гэтыя рашэнні стануць магчымымі.

Як на Ваш погляд у гэтых варунках павядзе сябе Турцыя, якая, між тым, з’яўляецца яшчэ і чальцом НАТА?

Турцыя не можа быць памочнікам Азербайджана, калі размова ідзе пра парушэнне межаў Арменіі. Я лічу, што Турцыя не будзе ставіць пад удар сваю рэпутацыю і сувязі з Захадам, тым больш, на тле тых жорсткіх ацэнак, якія былі і з Вашынгтону, і з Парыжу, і з Бруселю. Усё ж, гэтае абвастрэнне было не ў інтарэсах Турцыі. Я веру, што да нейкага моманту гэтыя канфлікты застануцца ў мінулым. Я не веру ў вечную вайну.

Comments are closed.