Loading

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой ABBA праводзіць маніторынг бізнесу, уласнікамі якога з’яўляюцца грамадзяне Беларусі, у краінах Еўрасаюза. Вынікі першых даследаванняў АВВА прэзентавала на прэсавай канферэнцыі.

Асноўныя вынікі даследавання агучыў віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой АВВА, прадстаўнік Асацыяцыі ў Літве, Латвіі і Эстоніі Серж Наўродскі. Ён распавёў, што колькасныя звесткі, якія маюцца ў даследаванні, Асацыяцыя збірала з афіцыйных рэестраў і рэгістраў, прычым як з адкрытых і агульнадасяжных, так і з закрытых платных. Найперш, Серж Наўродскі агучыў агульную лічбу кампаній, зарэгістраваных у краінах Еўрасаюза на ўладальнікаў беларускага пашпарту:

«Зараз у Еўрапейскім саюзе ў нас ёсць інфармацыя пра 8 103 кампаніі з беларускімі бенефецыярамі. Я павінен падкрэсліць, што гэтая лічба – прыкладная. Гэта тыя кампаніі, пра якія ў нас ёсць дадзеныя: мы ведаем іх назву, мы ведаем іх адрас, мы ведаем іх бенефіцыяраў. Чаму я кажу, што гэтая лічба прыкладная? Таму што дадзеныя, якія ў нас ёсць, паказваюць толькі прамых беларускіх бенефіцыяраў. То бок, калі кампанія была зарэгістравана ад імя іншай кампаніі, гэта, напрыклад, кіпрскай якой-небудзь, або амерыканскай, дзе-небудзь у Польшчы, у якой не стаіць канечны бенефіцыяр беларус, альбо гэта быў мясцовы бізнэсмен, які з’яўляецца партнёрам беларусаў, на якога зарэгістравана кампанія, і так вельмі часта рабілася пасля 2020 года, то, на жаль, мы гэтую кампанію не ўбачым у рэестры.

Таму мы кажам, што гэтая лічба мінімальная, хутчэй за ўсё іх больш. І ад гэтага таксама бузе залежаць уплыў на эканоміку. Але тым не менш, у нас ёсць паказчыкі, якія дазваляюць нам улічыць буйныя кампаніі».

Што тычыцца структуры беларускага бізнесу ў краінавым разрэзе і сферах дзейнасці, то яна выглядае наступным чынам:

«74% – гэта Польшча. Мы зараз кажам толькі пра краіны Еўрапейскага саюза. На другім месцы – Эстонія – 9%. Літва – трошачкі менш – 8%, Латвія – 5%, іншыя краіны – 4%.

Тры асноўныя сектары, якія сустракаюцца ў кожнай краіне з пералічаных, гэта гандаль, прычым, і гандаль у раздроб і аптовы гандаль, гэта транспартная дзейнасць – усялякага роду транспартныя паслугі, не толькі лагістыка, і будаўніцтва. Вось гэтыя тры сектары, якія дамінуюць. У Эстоніі ёсць невялікая дамінацыя ІТ-сектара. Ён з’яўляецца нумарам тры. Але, у прынцыпе, усе тыя тры там таксама прысутнічаюць».

Даследчыкі ацанілі ўплыў бізнесу беларусаў на эканоміку краін, дзе яны працуюць. І адзін з параметраў – гэта колькась створаных працоўных месцаў.

«Самая лепшая лічба, якую мы змаглі падлічыць – гэта колькасць створаных працоўных месцаў. 17 216 працоўных месцаў – гэта тая вельмі дакладная лічба, у якой мы ўпэўненыя. Гэта мінімальная колькасць, у якой мы ўпэўненыя, пра якую мы ведаем, што яна насамрэч існуе, насамрэч гэтыя працоўныя месцы былі створаныя нашымі беларускім кампаніямі.

Гэтая лічба складаецца з двух вялікіх кірункаў інвестыцыяў. Інвестыцыі буйных кампаніяў, у тым ліку вялікіх ІТ-кампаніяў, якія пераязджалі ў іншую краіну праз агенцтвы па дапамозе інвестыцыям. І таксама тут улічаная колькасць працоўных месцаў, створаных мікра, – малымі і сярэднімі кампаніямі з беларускім капіталам. Гэтая лічба была правераная таксама па лічбе сярэдняй занятасці ў малых, мікра- і сярэдніх кампаніях у кожнай канкрэтнай краіне.

Па структуры: Польшча тут займае 52%, Літва – 39%. Чаму ў Літве трошкі больш у параўнанні ад долі колькасці кампаніяў, таму што ў Літву пераехалі даволі вялікія офісы ІТ-кампаніяў. Эстонія, Латвія і іншыя краіны займаюць значна менш».

Акрамя кампаній, многія беларусы ў краінах Еўрасаюза працуюць і самастойна, ці, як гэта называецца ў Беларусі – індывідуальнымі прадпрымальнікамі. І вось што наконт іх колькасці лічаць даследчыкі АВВА:

«Колькасць ІП намі ацэнена ў 21 300. З іх 2/3 працуюць у ІТ-сектары. Гэта наша экспертная ацэнка колькасці ІП. Таму што дадзеных па краінах па ІП фактычна не існуе. Іх вельмі цяжка знайсці. Таму нам прыходзілася браць дадзеныя па тых краінах, дзе яны ёсць і экспертна даацэньваць па іншых краінах».

Прадстаўніца Цэнтра новых ідэй Лізавета агучыла некаторыя вынікі апытання самога беларускага бізнесу. Яны паказалі, што асноўная маса кампаній беларусаў заснаваныя за ўласныя сродкі.

«Большая частка бізнэса адкрыта на ўласныя ашчаджэнні. А другой крыніцай фінансавання выступае, уласна, прыбытак ад прадпрымальніцкай дзейнасці. Па грошы з вонкавых крыніц звярталіся толькі 38% нашай выбаркі, а атрымалі і таго меней – 22%. То бок, гэта тое, што яшчэ дакладна патрабуе падтрымкі і развіцця. І пры гэтым мы бачым, што патрэба ў такім фінансаванні звонку ёсць у 74%. То бок, гэта насамрэч такая ніша».

Цікавымі падаюцца звесткі пра тое, якія намеры маюць беларусы-бізнэсоўцы ў краінах ЕС пасля змены сітуацыі ў Беларусі. Прасцей кажучы, ці вернуцца яны на Радзіму. Вось як размеркаваліся вынікі адказаў прадстаўнікоў бізнэсу:

«20% было цяжка адказаць на гэтае пытанне. Але пры гэтым з тых, хто адказваюць, больш за палову бачаць свой удзел у Беларусі пасля змены ўмоваў – або тое, што перавядуць туды бізнэс, або будуць інвеставаць грошы, веды. 15% гатовыя фізічна вярнуцца туды. Але пры гэтым ніхто з іх не плануе закрываць ужо існуючы бізнэс у Еўропе. Больш за палову бачаць важнасць свайго ўнёску ў беларускі бізнэс, але пры гэтым ужо не гатовыя пакідаць тое, што атрымліваецца ў Еўропе. І хутчэй тут агульная стратэгія – сумяшчаць абодва бізнэсы ў абодвух краінах».

Гэтае даследаванне Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой з’яўляецца доўгатэрміновым і ладзіцца пры падтрымцы Еўракамісіі. Як паведамяе АВВА, дадзеныя будуць выкарыстаныя пры распрацоўцы рэкамендацый умоў вядзення бізнесу для чыноўнікаў і інстытутаў з краінаў, якія прымаюць бізнес-мігрантаў з Беларусі. Усяго ў праекце цягам 2023- 2024 гадоў будзе чатыры этапы апытанняў а таксама серыя фокус-груп пра найбольш актуальныя тэмы для беларускага бізнесу ў ЕС.

Больш цікавых звестак аб тым, як працуе беларускі бізнэс у краінах ЕС можна пачуць у рэпартажы ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.