Фінляндыю ў апошнія дні накрылі рэкордныя маразы: у ноч на пятніцу тэмпература апускалася да мінус 44,3. Як перажывае гэтыя экстрэмальныя маразы краіна, наколькі яны частыя і ці прызвычаіліся да суворых фінскіх зім беларусы, радыё Ўнэт запыталася ў старшыні Таварыства беларусаў Фінляндыі Кірыла Кірылава.
Не вельмі часта такое здараецца. Апошнім часам былі больш цёплыя зімы, але гэтая зіма неяк здзівіла ўсіх.
Прыпынены рух аўтобусаў. А на што яшчэ паўплываў такі мароз?
Ён паўплываў на ўсю інфраструктуру, мне здаецца. Краіна знаходзіцца на поўначы, але вельмі рэдкія такія маразы і інфраструктура не прыстасавана да такіх маразоў, таму з аўтобусамі, цягнікамі, а таксама электрычнасцю адбываюцца нейкія здарэнні. Але гэта ўсё неяк хутка выпраўляецца і карэктуецца.
Перажыць можна фінскую зіму?
Так, тут ўсё вельмі добра арганізавана і калі нешта здараецца, то пра гэта вельмі хутка інфармуецца і выпраўляюцца ўсе непаладкі.
Сумёты, вялікі снег не перашкаджаюць жыццядзейнасці?
Не. Наконт уборкі снега і інфраструктуры гарадской усё прыстасавана, проста будзе займаць крыху больш часу. Калі раней чалавек выходзіў на працу, уключаў трактар і адразу ехаў чысціць снег, то тут тэхніку прыйдзецца разаграваць каля паўгадзіны. Калі чыгуначнае злучэнне, то дададковае абледзяненне правадоў адбываецца і некаторыя цягнікі адмяняюць. Раз на год такое адбываецца. Тут нічога экстрэмальнага няма.
Ці здараецца падчас такіх моцных моцных маразоў няшчасныя выпадкі, людзі замярзаюць?
Мне здаецца, гэта магчыма калі чалавек будзе ў стане алкагольнага ап’янення і каля яго нікога не будзе. Я ведаю, што паліцыя проста давозіць дадому. Нават калі чалавек жыве недалёка, яны могуць спыніцца, запытацца, дзе жывеш, чаму ідзеш пешшу, і падвезці чалавека. І іншыя людзі тут вельмі дружалюбныя і клапоцяцца адзін аб адным.
Як беларусы ў Фінляндыі перажываюць такія маразы? Усё ж такі для нас яны экстрэмальныя.
Большая частка беларусаў жыве ў паўднёвай частцы Фінляндыі, дзе такія маразы цягнуцца ўсяго толькі пару дзён. Таксама ёсць людзі, якія жывуць на поўначы. Я размаўляў на гэтым тыдні з сям’ёй, якая жыве ў цэнтральнай Фінляндыі. Яны вельмі задаволены чыстым белым снегам і дзецям падабаецца гуляць на вуліцы вельмі доўга. Напэўна, адзіная складанасць, калі ў людзей высокае спажыванне электраэнергіі і кантракт заключаны па біржавай цане. Цана зараз вельмі высокая за электрычнасць. Іншых праблем няма.
А ці не сумуе доўгай фінскай зімой мясцовая беларуская дыяспара?
Наконт актыўнасці, у нас у студзені плануецца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі. Гэта сустрэча з Аляксеем Палуянам, прагляд некалькіх яго фільмаў. Адзін фільм – “Кураж” арганізаваны для прагляду ўсімі жадаючымі – не толькі беларусамі, але і фінамі. Гэта будзе бесплатны паказ у Хельсінкі. Таксама прыязджае да нас Святлана Ціханоўская, будзе сустрэча дыяспары з ёй і вырашэнне пытанняў беларусаў у Фінляндыі. Комік Камісаранка прыязджае ў студзені ў Хельсінкі з канцэртам. У яго нават два канцэрты арганізавалася, таму што на першы канцэрт усе білеты былі вельмі хутка распроданы.
А якія пытанні і праблемы прыедзе вырашаць Святлана Ціханоўская, якія стаяць перад беларусамі Фінляндыі?
Мне падаецца, гэта не праблемы, а проста каб нас не забывалі і да нас яшчэ больш лаяльна ставіліся. Бо рэпрэсіі працягваюцца, беларусы едуць у Фінляндыю з запытамі на бежанства. Фінляндыя лаяльна ставіцца да беларусаў, але заўсёды ёсць, што паляпшаць і да чаго імкнуцца.
Comments are closed.