Loading

іПольшча прадэманстравала 17 верасня сваю рашучасць адказаць на магчымае ўварванне на яе тэрыторыю ворага з-за ўсходняй мяжы. У нядзелю ў Вучэбным цэнтры Сухапутных войскаў на паўночным усходзе краіны ўпершыню прайшлі адкрытыя для цывільных грамадзян вучэнні з удзелам сучаснай вайсковай тэхнікі і абсталявання. Беларускія палітолагі бачаць у даце іх правядзення адказ як на падзеі верасня 1939 года, так і на спробы лукашэнкаўскага рэжыма выдаць сябе за міратворца.

Рэжым Лукашэнкі ўжо не ўпершыню за апошнія час спрабуе залагодзіць польскія ўлады. Так, напрыканцы жніўня стала вядома, што афіцыйны Мінск запрасіў назіральнікаў на вайсковыя вучэнні «Баявое братэрства-2023», што праходзілі 1-6 верасня на тэрыторыі Беларусі пад эгідай АДКБ. Потым лукашэнкаўскі міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што нядаўні інцыдэнт з нібыта перасячэннем беларускай мяжы польскім верталётам быў выпадковай памылкай пілотаў, а не нейкай наўмыснай правакацыяй. А анансуючы наступныя вучэнні ў Беларусі, намечаныя на 20-26 верасня, першы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Павел Муравейка ўвогуле памарыў пра агульную з Польшчай адпрацоўку навыкаў па рашэнні пытанняў супрацьпаветранай абароны ў рамках «нашай сумеснай мяжы і пытанні пагранічнай бяспекі».

Калі першае запрашэнне польскі МЗС расцаніў як прапагандысцкую гульню ў міратворца, праз якую Лукашэнка спрабуе набраць сябе балаў на фоне пастаянных правакацыйных дзеянняў у адносінах да Польшчы, у прыватнасці размяшчэннем ядзернай зброі, запрашэннем наёмнікаў-вагнераўцаў і міграцыйным крызісам, то на мроі Муравейкі пакуль не адазваўся.

Але адказам на гэтыя спробы афіцыйнага Мінска выдаць сябе за сумленнага і адказнага партнёра можна лічыць выступ міністра абароны Польшчы Марыўша Блашчака, які прагучаў 17 верасня на палігоне ў Бэмове Піскім Вармінска-Мазурскага ваяводства перад пачаткам вайсковых вучэнняў «Восеньскі агонь 2023». Высокапаўстаўлены чыноўнік калі і ўзгадваў беларускую мяжу, то толькі ў кантэксце агрэсіўных дзеянняў Масквы.

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, вучэнні ў Польшчы былі запланаваны загадзя, але, верагодна, іх адмыслова прымеркавалі да 17 верасня – святочнай даты ў лукашэнкаўскай Беларусі.

«Я думаю, што вучэнні былі запланаваны загадзя. Яны, наколькі разумею, планавыя. Ну а вось дата, прымеркаваная да 17 верасня, думаю, што гэта было зроблена адмыслова. Ва ўсялякім разе менавіта так будуць трактаваць гэта ў Мінску. Таму канфліктнасць не спадае і я пакуль не бачу нейкіх перадумоў для нейкай размарозкі адносін, нейкага замарожвання гэтага канфлікту».

З тым, што канфліктнасць у рэгіёне не спадае, аб чым сведчаць вучэнні на фоне вайны ва Украіне, згодзен палітолаг Зміцер Балкунец. Пра гэта яшчэ да вайсковых мерапрыемстваў у Бэмове Піскім ён заявіў радыё Ўнэт, адзначыўшы, што справа ідзе да глабальнай вайны ў Еўропе.

«Я думаю, што ўсе вучэнні як правіла плануюцца загадзя, і можа быць гэтае планаванне за некалькі гадоў вядзецца. Рэдка здараецца, што вучэнні за тыдзень нехта прыдумывае і рашае праводзіць. Гэта ж не першыя і не апошнія вучэнні, якія праводзяцца ў розных краінах, і кожная краіна мае права іх праводзіць. Часам яны праводзяць вучэнні сінхронна. Вучэнні былі і будуць, але ўлічваючы тое, што ідзе вайна, усе вучэнні разглядаюцца як такі кірунак па ўзмацненні канфрантацыі паміж краінамі. Падкрэсліваю, што могуць быць любыя правакацыі і так далей. Таму зараз выклікаюць асаблівую трывогу любыя вучэнні, якія праводзяцца ў рэгіёне.

Напэўна, з пункту гледжання разрадкі напружання краінам было б варта дамовіцца аб увядзенні мараторыя на любыя вучэнні на тэрыторыі, напрыклад, Еўрапейскага саюза на нейкі прамежак часу. Пры гэтым каб усе краіны, не толькі Еўрасаюза, але і краіны АДКБ, падпісаліся пад такім пагадненнем. Але думаю, на гэта ніхто не пойдзе, таму што зараз стаўка павялічваецца, мілітарысцкі сіндром зараз мы назіраем. Ніякай разрадкі ў бліжэйшы час не прадбачыцца, усё ідзе да глабальнай вайны ў Еўропе, якая выйдзе за межы Украіны».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.