Беларускія футбольныя клубы могуць увайсці ў Расійскую прэм’ер-лігу. Пра гэта падчас форуму «Расія – спартовая дзяржава» заявіў міністр спорту РФ Алег Матыцын. Па яго словах, беларускі бок ужо працуе над спісам каманд, якія могуць далучыцца да чэмпіянату Расіі. Матыцын называе гэты крок стратэгічнай ініцыятывай, якую павінны зацвердзіць кіраўнікі ўрадаў.
Пра тое, ці сапраўды беларускія клубы гатовы перайсці ў РПЛ, навошта ім гэта можа быць патрэбна і ў чым інтарэс расейцаў у такім кроку, паразмаўлялі са спартовымі журналістамі Аляксандрам Баразенкам і Арцемам Сізінцавым.
Сцісла ў размове:
– Усім зразумела, што гэта нікому не патрэбна, але гэта зробяць. Бо Расія ў прапагандысцкім угары гатова далучаць да сябе ўсё і ўсіх. І беларускія клубы ў РПЛ не стануць выключэннем. Навошта? А проста, каб было.
– Расійскія спонсары не будуць укладацца ў беларускія клубы. Калі ўмоўныя «Дынама» ці «Шахцёр» пяройдуць у РПЛ, то яны будуць выцягваць бюджэтныя сродкі. Нешта падобнае мы бачым на прыкладзе сталічнага «Дынама» у Кантынентальнай хакейнай лізе.
– Пасля падпісання дамовы сярод беларускіх заўзятараў можа быць ажыўленне і зацікаўленасць расійскай лігай, але яна скончыцца ўжо праз пару месяцаў. Беларускія клубы неканкурэнтаздольныя ў Расіі, а глядзець на пастаянныя паразы не асабліва цікава.
– Той жа «Зеніт» можа спакойна набыць перспектыўных футбалістаў з Бразіліі. Не з бразільская пляжу, як гэта робяць беларускія клубы, а з моцных мясцовых каманд. Натуральна, што гэта не зоркі ўзроўню Халка, але гэта гульцы за 10 млн еўра. А гэта, на хвіліначку, два гадавыя бюджэты беларускага клуба.
– Чэмпіянат Беларусі ў апошнія сезоны – гэта енкі, якія плаўна перарастаюць у лямант. Мы бачым, што няма якасных футбалістаў, гульні, трэнераў.
Падрабязней слухайце тут:
Comments are closed.