Loading

У аўторак 8 жніўня прайшла дэбютная для беларускай каманды «Team Ivulin» гульня ў Кубку Польшчы супраць польскай каманды «Victoria Zerzeń». Матч стаў сапраўды гістарычным, трапіўшы ў кваліфікацыйныя гульні Кубка Польшчы: беларуская каманда фактычна стала прафесійнай футбольнай камандай. Паглядзець на дэбют беларусаў прыйшло некалькі сотняў беларусаў. І яны не былі расчараваныя. Выніковы лік на табло – 5-0 на карысць беларускай каманды. Першыя 4 галы былі забітыя ў першым тайме. Апошні ў гэтым матчы гол – у другой палове матча, з пенальці.

Беларускія заўзятары засталіся вельмі ўражаныя гульнёй землякоў. Канешне, усе спадзяваліся на перамогу, але ніхто не чакаў такога ліку. Кожны забіты гол суправаджаўся авацыямі, натхняючы нашых футбалістаў працягваць ціснуць на суперніка. Пасля матчу заўзятары падзяліліся сваімі ўражаннямі:

«Вельмі шмат эмоцый. Я ўвогуле ніколі не была на футболе, а тут такі івэнт і самы першы, і нашая беларуская каманда, і такая клёвая, і яны так крута іграюць. Таму я думаю, што пасля гэтай гульні будзе яшчэ лепш і лепш».

«Мае ўражанні самыя цёплыя, таму што я нават не разлічваў, што будзе такая падтрымка. Вельмі важнае пачуццё, якое мы тут усе, адчулі – гэта пачуццё еднасці, якога нам часам, канешне, не хапае. Не трэба забывацца, што мы сталі ў нейкі момант адзінымі і такое мерапрыемства, ці нейкае іншае, ці нейкая наступная ініцыятыва свайго чалавека, яна павінна быць падтрымана не менш за тое, што мы ўбачылі сёння».

Неверагодна цёплае стаўленне і нечакана моцная падтрымка заўзятараў каманды была адзначаная і чальцамі каманды.

Трэнер каманды Аляксандар Кушнер:

«Атмасфера суперская была. Добра, што першы матч на такім узроўні і перамога. Я думаю, гэта яшчэ больш прыцягне ўвагу да каманды і болей людзей будуць проста прыходзіць на матчы. Гэта таксама вельмі важна, адпачынак такі для людзей, выхад энергіі гэта супер».

Аляксандар Івулін:

«Гэта нешта неверагоднае. Тая атмасфера, якая сёння была на гэтым стадыёне, гэта насамрэч нешта выбітнае. Не ўсе матчы вышэйшай беларускай лігі збіраюць такую колькасць гледачоў на трыбунах. А калі гэтыя гледачы так за цябе заўзеюць, робяць гэта ад сэрца, ад душы – гэта нешта неверагоднае. Сёння, мне здаецца, мы былі нашмат шчаслівейшыя, мы паказвалі якасць гульні таму, што за нас прыйшлі заўзець усе гэтыя беларусы. Гэта момант адзінства, якому на жаль ці на шчасце можа пазайздросціць добрая палова футбалістаў, якія зараз гуляюць у Беларусі ў футбол у Вышэйшай ліге. І мы іграем не за грошы, мы іграем для гледачоў».

Наступнай гульнёй для беларускай каманды стане сяброўскі матч з камандай «Impuls Warszawa», які пройдзе 12 жніўня а 19 гадзіне па адрасе Kawęczyńska 44.

Comments are closed.