Loading

Дзве беларускія сацыял-дэмакратычныя арганізацыі – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада) сталі назіральнікамі ў Партыі еўрапейскіх сацыялістаў. Гэтага моманту яны чакалі два дзясяткі гадоў. Прыняццё да еўрапейскага сацыял-дэмакратычнага аб’яднання адбылося на Кангрэсе ў іспанскай Малазе пасля таго, як беларускія сацыял-дэмакраты страцілі магчымасць легальна працаваць у сябе на радзіме. Тым не менш, прадстаўнікі абедзвюх беларускіх арганізацый задаволены самім фактам юрыдычнага далучэння да еўрапейскіх аднадумцаў.

«Беларускае пытанне вяртаецца ў парадак дня», – так ахарактарызаваў у Фэйсбук уступленне ў Партыю еўрапейскіх сацыялістаў прадстаўнік Народнай Грамады на Кангрэсе Яўген Вільскі. Паводле яго, на форуме было ўзнятае пытанне аб палітычных зняволеных у Беларусі на прыкладзе лідара гэтай партыі Мікалая Статкевіча.

Ад БСДП (Грамада) на Кангрэсе выступіла намесніца старшыні партыі Ганна Канюс. Паводле яе допісу ў Фэйсбук, еўрапейскія сацыял-дэмакраты праявілі салідарнасць з беларусамі, якія прыкладаюць намаганні для вяртання Беларусі на дэмакратычны шлях развіцця.

— Гэта вельмі важна для нашай партыі, як і для любой іншай партыі, прызнанне і ўступленне ў такія вялікія аб’ядноўчыя групы. Гэта вельмі павышае і ўзровень камунікацыі, і ўзровень даверу таму, што гэта пляцоўка, якая інтэгруе ў сабе і абагульняе розных актывістаў, розныя партыі з усёй Еўропы. І гэта пляцоўка, дзе можна сустрэць і прэм’ер-міністраў, і міністраў замежных спраў, і еўракамісараў, увесь гэты першы шэраг чыноўнікаў еўрапейскіх.

Чаму гэта важна для нашай партыі? Гэта прызнанне таго, што сацыял-дэмаратычная партыя з Беларусі таксама з’яўляецца еўрапейскай. То бок гэта як пачатак еўрапеізацыі ўсёй краіны.

— Як даўно вы падалі заяўку на ўступленне ў Партыю еўрапейскіх сацыялістаў і чаму назіральнікі?

— Гэта даволі цяжкая працэдура ўступлення ў гэтую партыю. Там сябры ў асноўным з краін, якія ўваходзяць у Еўрасаюз, то бок гэта сацыял-дэмакраты, якія абіраюцца і потым прадстаўляюць сацыял-дэмакратычную ідэю, ідэалогію, сацыял-дэмакратычныя каштоўнасці ў Еўрапейскім парламенце. З краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, таксама прымаюць партыі, але менавіта ў статус назіральніка, альбо надаюць статус асацыяванага сябра. Гэта цяжкі такі перыяд, цяжкія крокі да гэтага пункта, каб увогуле тваю заяўку разгледзілі і прынялі ў гэтую вялікую сям’ю еўрапейскіх сацыял-дэмакратаў. Мы гэтага дабіваліся амаль 20 гадоў. Таму што мы бачылі, што Беларусь павінна быць у Еўропе. Гэта азначае, што трэба наладжваць гэтыя сувязі, сувязі салідарнасці, сувязі лабіравання павесткі беларускай у Еўрапейскім саюзе праз гэтую палітычную групу. Толькі ў гэтым годзе не ведаю, ці дзякуючы таму, што нас ліквідавалі як партыю, было прынята рашэнне прыняць нашу партыю ў статусе назіральніка.

Comments are closed.