Loading

Апраўданне ўдзелу Беларусі ў расійскай агрэсіі

Пачатак новага этапу расійскай агрэсіі супраць Украіны 24 лютага 2022 года меў важнае значэнне з пункту гледжання геастратэгічнага размяшчэння Беларусі. Для рэжыму Лукашэнкі вострай стала праблема імклівага абвастрэнне канфлікту і неабходнасці заняць цвёрдую пазіцыю адносна дзеянняў Расіі. Варта падкрэсліць, што рэжым Лукашэнкі з самага пачатку ўварвання адкрыта падтрымліваў Расійскую Федэрацыю, прадастаўляючы ваенную і грамадзянскую інфраструктуру, чым спрасціў расійскія ракетныя атакі па тэрыторыі Украіны і  наземную атаку на яе сталіцу.

Больш за тое, Лукашэнка ўмела прасоўваў наратыў Крамля пра матывы расійскага нападзення на Украіну, умела звязваючы яго з сітуацыяй у Беларусі. У прамове ад  22 лютага 2022 года, непасрэдна перад расійскім уварваннем, Лукашэнка абвінаваціў Захад у намеры развязаць вайну і заклікаў украінскія ўлады супрацьстаяць знешнім уплывам. Ён таксама намякнуў, што польскія і літоўскія войскі патэнцыйна могуць атакаваць расійскую армію і прадэманстраваў  гатоўнасць абараняць межы краіны ад магчымага нападзення з Захаду.

Вышэй згаданыя беспадстаўныя абвінавачанні неаднаразова паўтараліся ўжо пасля пачатку новай фазы расійскай агрэсіі. 24 лютага 2022 года падчас нарады з прадстаўнікамі міністэрстваў Лукашэнка запэўніў, што Беларусь не дапусціць нападзення на мірных жыхароў Расіі, маючы на ўвазе, што Польшча і Літва могуць планаваць атаку на Расію праз тэрыторыю Беларусі.  Гэтак жа ў сваіх выступах 27 лютага і 1 сакавіка 2022 г. ён падкрэсліваў, наколькі эфектыўна ў 2020 годзе сарваў так званы «бліцкрыг», мэтай якога быў нібыта падрыў беларускай незалежнасці. Дзяржаўная прапаганда падкрэслівала выключныя заслугі Лукашэнкі ў стабілізацыі сітуацыі ў краіне і рэгіёне. Ён сам не раз падкрэсліваў, што падаўленне «нацыяналістычнага вар’яцтва» ў 2020 годзе абараніла яго краіну ад лёсу Украіны — цынічна сцвярджаў, што яго рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці прадухілілі вайну ў Беларусі. Ён пераконваў, што вырашэнне ўкраінска-расійскага канфлікту можа адбыцца выключна без удзелу Захаду і заклікаў украінцаў шукаць альтэрнатыву праліццю “братняй крыві”, прапаноўваючы пайсці на саступкі РФ, у прыватнасці «дэмілітарызацыю”, абвяшчэнне нейтралітэту і адмовіцца ад амбіцый далучыцца да Паўночнаатлантычнага альянсу. У адваротным выпадку Украіну можа чакаць лёс Японіі, тым самым ён даваў зразумець,  што можа быць нанесены ядзерны ўдар.

Фантомныя пагрозы з боку Украіны і Паўночнаатлантычнага альянсу апраўдваюць ускосны ўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, і гэта павінна было прадухіліць меркаваны напад з боку Украіны. Гэты ўдзел уключае не толькі ўжо згаданы доступ да ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры, але і  перадачу зброі і боепрыпасаў  Расіі,  рамонт пашкоджанай тэхнікі і г. д.  У той жа час пагроза з боку НАТА, раскручаная ў беларускіх СМІ, служыць апраўданнем да нежадання размяшчаць беларускія войскі непасрэдна ва Украіне. Аднак варта адзначыць, што Лукашэнка неаднаразова даваў зразумець, што можа разгледзець такі варыянт дзеянняў, калі таго запатрабуюць абставіны. Напрыклад, 17 чэрвеня 2022 года ён казаў аб магчымасці адпаведнага рэагавання на небяспеку апынуцца ў  “польскім акружэнні”, маючы на ​​ўвазе нібыта запланаваную анексію Польшчай Заходняй Украіны.

Прывід анексіі Заходняй Украіны і Беларусі і наступствы падтрымкі Украіны

З 2020 года беларускія ўлады выкарыстоўваюць тактыку нагнятання страху ў грамадстве ў сувязі з нібыта агрэсіўнымі планамі заходніх суседзяў, у тым ліку з нібыта магчымай анексіяй Польшчай  Заходняй Беларусі. Прапаганда страхаў, звязаных з меркаванай атакай Захаду, ідзе паралельна з абвінавачваннямі Польшчы ў імперыялістычных памкненнях. У беларускіх СМІ часта гучыць тэма мадэрнізацыі польскіх узброеных сіл, набыццё імі сучаснай зброі, перш за ўсё у ЗША і Паўднёвай Карэі. Белта (Беларускае дзяржаўнае інфармагенцтва) неаднаразова публікавала матэрыялы, якія ставілі пад сумнеў абгрунтаванасць такіх закупак. Як запэўнівае  агенцтва, набыццё Польшчай перадавых узбраенняў не варта тлумачыць выключна пагрозай з боку Расійскай Федэрацыі, паколькі  Польшча з’яўляецца членам Паўночнаатлантычнага альянсу, які гарантуе яе бяспеку. Сапраўдным матывам мадэрнізацыі арміі называюць жаданне анексаваць тэрыторыі Заходняй Украіны і, патэнцыяльна, Беларусі.

Яшчэ адной ключавой тэмай у беларускай прапагандзе  была крытыка ваеннай падтрымкі Украіны з боку Польшчы  і звязаныя з гэтым сцвярджэнні, што такія дзеянні могуць прывесці да непасрэднага ўцягвання Польшчы ў вайну з Расійскай Федэрацыяй. Вайсковая дапамога з боку Польшчы падаецца як малаэфектыўная ва ўмовах цяперашняй вайны. Сцвярджаецца, што Польшча адпраўляе ва Украіну састарэлую або няспраўную тэхніку, напрыклад, карабіныі Grot, і што сучасныя цяжкія заходнія танкі не будуць эфектыўнымі ў складаных умовах рэльефу на ўсходзе і поўдні Ўкраіны.

Дадаткова падкрэсліваўся фінансавы аспект падтрымкі Украіны з боку Польшчы, значна перабольшваўся яго маштаб. Адзначалася, што польскія ўлады вылучылі на падтрымку Украіны агулам 103 мільярды даляраў, у тым ліку  на дапамогу ўкраінскім бежанцам у Польшчы і падтрымку ўкраінскай арміі. Усё гэта адбываецца падчас нібыта эканамічнага крызісу, які паглыбіўся ў выніку росту цэн на вуглевадароды і высокай інфляцыі. Дадамо, што складанае эканамічнае становішча Польшчы і іншых краін Еўрасаюза, якое з’яўляецца прамым наступствам вайны і санкцый, уведзеных Захадам у дачыненні да Расіі і Беларусі, часта асвятляецца ў беларускіх СМІ. Гэта суправаджаецца матэрыяламі пра палякаў, якіх беднасць прымусіла ехаць у Беларусь, каб набыць асноўныя прадукты харчавання.

Дыскрэдытацыя Польшчы на міжнароднай арэне і працяг гібрыднай дзейнасці

Абвінавачанні ў варожых дзеяннях, якія прыпісваюцца Польшчы, цесна звязаны са спрэчкай вакол сітуацыі на польска-беларускай мяжы. З 2021 года Беларусь вядзе гібрыдныя дзеянні супраць Польшчы і краін Балтыі, а таксама пераследуе польскую меншасць і каталікоў. У адказ Польшча прыняла рашэнне закрыць памежныя пераходы ў Кузніцы Беластоцкай 9 лістапада 2021 года і ў Баброўніках 10 лютага 2023 года. Дадаткова з 1 чэрвеня 2023 года польскія памежныя пераходы з Беларуссю былі закрыты для беларускіх і расійскіх грузаперавозак.

Беларускія службы працягваюць садзейнічаць перамяшчэнню мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі да мяжы. Акрамя таго, вядзецца дэзінфармацыйная кампанія адносна сітуацыі на мяжы. Працягваецца праект «Польскія і літоўскія злачынствы супраць бежанцаў: факты і сведчанні» (даступны на сайце whitebook.by), і, створаная ў яго рамках выстава «Мяжа паміж жыццём і смерцю», ўрачыста адкрытая ў Мінску ў сакавіку 2023 года, пазней  экспанавалася ў іншых беларускіх гарадах. Яе пасыл быў выразна антызаходнім і антыпольскім. Польшчу наўпрост абвінавацілі ў парушэнні правоў чалавека і расізме ў дачыненні да выхадцаў з Афрыкі ці Блізкага Усходу, да якіх нібыта ставяцца як асоб ніжэйшай катэгорыі. Шмат разоў цытаваўся Матэуш Піскорскі, абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Расіі, які расказвае пра злачынствы Польчы супраць мігрантаў і пра масавыя магілы мігрантаў, выкапаных польскімі службамі ў памежных лясах.

Пасля закрыцця памежнага пераходу ў Баброўніках мы назіраем эскалацыю абвінавачванняў з боку беларускага рэжыму як на адрас Польшчы, так і  Паўночнаатлантычнага альянсу. Прыкладам гэтага можа служыць выступленне Аляксандра Лукашэнкі 31 сакавіка гэтага года. Самаабвешчаны прэзідэнт у чарговы раз абвінаваціў Польшчу ў агрэсіўных намерах, доказам якіх служыць значнае павелічэнне выдаткаў на ўзбраенне ў апошнія месяцы і рост прысутнасці войскаў саюзнікаў. Больш за тое, абвінавачанні становяцца ўсё больш  спецыфічнымі: гаворыцца аб спробах арганізаваць «палкі, харугвы ці легіёны» з нібыта мэтай перавароту ў Беларусі. Акрамя таго, нібыта падрыхтаваныя ў Польшчы «тэрарысты» гатовы здзейсніць дыверсіі на тэрыторыі Беларусі, а польскія ўлады ствараюць «экстрэмісцкія ячэйкі», каб весці супрацьпраўную дзейнасць за ўсходняй мяжой.

4 красавіка 2023 года старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель у чарговы раз абвінаваціў краіны Балтыі, Польшчу, Украіну і Чэхію ў спробе дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці, ён намякнуў на існаванне на тэрыторыі вышэй згаданых краін цэнтраў вярбоўкі і навучання,  нібыта прызначаных для падрыхтоўкі баевікоў да дзеянняў, накіраваных на дэстабілізацыю Беларусі. У кантэксце гэтых пагроз з боку Захаду Аляксандр Лукашэнка неаднаразова прасіў Расію аб дадатковых гарантыях бяспекі. Просьбы Лукашэнкі выглядаюць не вельмі зразумелымі, калі ўлічыць, што такія гарантыі прапісаны ў Дамове аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і ў Ташкенцкай дамове.

З пытаннем гарантый бяспекі было звязана анансаванае Уладзімірам Пуціным 25 сакавіка 2023 года размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядзернай зброі.  Нягледзячы на ​​заявы Лукашэнкі, малаверагодна, што Беларусь будзе мець істотны ўплыў на патэнцыйнае выкарыстанне такой зброі. Патрабаванне гарантый бяспекі можа вынікаць з апасенняў, звязаных з магчымым выкарыстаннем тактычнай ядзернай зброі, размешчанай у Беларусі, супраць Украіны, што можа мець значныя наступствы для стабільнасці рэжыму Лукашэнкі. Больш за тое, пытанне гарантый бяспекі можа быць звязана і з пытаннем патэнцыйнага ўдзелу беларускай арміі ў непасрэдных баявых дзеяннях ва Украіне. Такім чынам Лукашэнка можа паспрабаваць засцерагчы сябе ад непрадказальных наступстваў адпаведных рашэнняў.

 Парадаксальна, але з гэтым кантэкстам могуць быць звязаны неаднаразовыя заклікі Лукашэнкі да спынення агню ва Украіне і пачатку мірных перамоў.  Не выключана, што яго заклікі служаць сродкам для змякчэння рызыкі эскалацыі, якая б прымусіла Беларусь да больш рашучых дзеянняў.  Аднак важна ўлічваць магчымасць таго, што наўмыснае перабольшванне пагрозы з боку заходніх краін і заклікі да дадатковых гарантый бяспекі, могуць служыць тактыкай, каб выйграць час і далей супрацьстаяць расійскаму ціску па  ўцягванні Беларусі ў дзеючы канфлікт з Украінай.

Новую хвалю беларускай прапагандысцкай актыўнасці выклікала размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі так званых наймітаў групы Вагнера, якія пакінулі тэрыторыю Украіны і Расіі ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 2023 году пасля так званага «маршу справядлівасці» на Маскву. Іх размяшчэнне ў Беларусі адбылося пасля канфідэнцыйных перамоў  мяцежнікаў з крамлёўскімі ўладамі, у якіх удзельнічаў Лукашэнка. Апасенні, звязаныя з выкарыстаннем вагнераўцаў у гібрыдных дзеяннях супраць Польшчы і краін Балтыі, нагнятаў сам беларускі дыктатар, які падчас сустрэчы з У. Пуціным у Санкт-Пецярбургу 23 ліпеня 2023 г. заявіў, што “вагнераўцы” жадаюць ехаць на Захад, на “экскурсію ў Варшаву і Жэшаў», тым самым намякнуў, што яны могуць быць выкарыстаны супраць Польшчы, хоць сам Лукашэнка сцвярджаў, што спрабуе стрымаць іх унутры краіны, як і абяцаў. У іншых заявах самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі гучаў міратворчы тон, пра жаданне паразумення з суседзямі, якіх не выбіраюць, «бо яны дадзеныя Богам». Аднак актывізацыя гібрыднай дзейнасці і рост колькасці мігрантаў, якія нелегальна перапраўляюцца праз мяжу з Еўрасаюзам, прывялі да рашэння Літвы 16 жніўня закрыць два памежныя пункты з Беларуссю.

 Высновы

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе беларуская прапаганда дэлегітымізавала дэмакратычную апазіцыю, пазбавіўшчы яе свабоды дзеянняў. Апазіцыю  абвінавацілі  ў здрадзе нацыянальным інтарэсам, спробе дэстабілізацыі дзяржавы і дзейнасці ад імя «замежных лялькаводаў”. У гэтай прапагандысцкай рыторыцы Польшча і Літва разам са Злучанымі Штатамі прадстаўляюцца як галоўныя геапалітычныя праціўнікі рэжыму Лукашэнкі, якія імкнуцца сілай захапіць уладу ў Беларусі і эксплуатаваць яе рэсурсы.

Прапаганда не раз абвінавачвала Польшчу , у тым што тая вядзе гібрыдную вайну супраць Беларусі, нібыта яна “купіла” апазыцыю, а таксама прадстаўнікоў польскай меншасці і Рымска-каталіцкага касцёла, якіх прадстаўляюць «пятай калонай”. Мэта Польшчы — нібыта не толькі захоп улады ў Беларусі, але і анексія  Заходняй Беларусі і вяртанне  да межаў 1939 г. – наратыў, падобны да таго, што распаўсюджвае крамлёўская прапаганда адносна планаў Польшчы па анексіі Заходняй Украіны.

Штучна створаны крызіс на польска-беларускай мяжы ў першую чаргу мае на мэце аказаць ціск на Еўрасаюз для змякчэння эканамічных санкцый у адносінах да  Беларусі. У той жа час рэжым Лукашэнкі выкарыстаў гэтую магчымасць, каб ачарніць польскія ўлады на міжнароднай арэне. Беларуская прапаганда шырока асвятляла нібыта здзейсненыя польскімі ўладамі злачынствы супраць мігрантаў, што спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу. Польшчу абвінавацілі ў парушэнні асноўных правоў чалавека і невыкананні міжнародных канвенцый аб прадастаўленні міжнароднай абароны. Гэта паслужыла не толькі для дыскрэдытацыі Польшчы як адваката дэмакратычнай апазіцыі Беларусі і Расіі, але таксама паставіла пад сумнеў польскія заклікі па  гарантаванні  правоў чалавека ў гэтых краінах.

Перабольшанне пагрозы з боку Польшчы, Літвы і Паўночнаатлантычнага альянсу мае некалькі мэтаў. Па-першае, рэжым імкнецца кансалідаваць беларускае грамадства вакол Лукашэнкі, пазіцыянуючы яго як нібыта адзінага гаранта бяспекі і суверэнітэту Беларусі. Гэты наратыў таксама апраўдвае жорсткія рэпрэсіі рэжыму супраць беларускай апазіцыі, якую абвінавачваюць у дзейнасці на карысць замежных дзяржаў, а таксама гэтым тлумачыць  падтрымку Беларуссю расійскай агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку доступ да ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры. Больш за тое, гэтым тлумачыць павелічэнне ваеннай прысутнасці Расіі ў Беларусі і размяшчэнне там ядзернай зброі. Акрамя таго, перабольшаная пагроза з боку Захаду мае на мэце апраўдаць ваганні рэжыму па адпраўцы беларускай арміі ва Украіну. Беларусь прадстаўляюць як бастыён, які нібыта абараняе Расію ад войскаў Паўночнаатлантычнага альянсу, дыслакаваных у Польшчы і краінах Балтыі, што рыхтуюцца да нападзення.

Аўтар: Анджэй Шабачук

Comments are closed.