Польшча істотна адстае ў выкарыстанні ІТ- і лічбавых тэхналогій ад Беларусі, але пераезд вялікай колькасці дасведчаных спецыялістаў, засваенне эмігрантамі новых спецыяльнасцей можа хутка змяніць сітуацыю. Пра гэта, у прыватнасці, ішла гаворка на канферэнцыі “Джыджытал для эмігрантаў у Польшчы”, якая прайшла ў Беластоку. Былі закрануты магчымасці для прадстаўнікоў дыяспары знайсці працу ў сучасных прафесіях, а таксама выкарыстоўваць новыя тэхналогіі ў сваім бізнесе.
Канферэнцыя была арганізавана анлайн-школай ІТ і маркетынгу К2 і праводзілася ў афлайн і анлайн-фармаце. Уласна школа паўстала летась у Беластоку і пазіцыянуе сябе як рускамоўная навучальная пляцоўка,створаная беларусамі-эмігрантамі.
Пытанні працаўладкавання часта вельмі востра стаяць перад людзьмі, якія былі вымушаны пакінуць родную краіну. Здараецца, што прафесію, якая дазваляла жыць на радзіме, не ўдаецца прымяніць на новым месцы. А значыць, прыходзіцца навучацца новай. Менавіта таму першым выступленнем на канферэнцыі стаў расповяд прадстаўніцы фонду “Акно на усход” Лізаветы Міцкевіч аб асаблівасцях працаўладкавання ў Польшчы.
Самі ж выкладчыкі распавядалі пра прафесіі, якія можна засвоіць у школе К2. Гаворка ішла аб працы вэб-дызайнера, таргетолага, маркетолага, магчымасцях выкарыстання штучнага інтэлекту ў дзеючым бізнесе.
Прадстаўніца К2 Алена Бурміна:
“Асноўная мэта – стварыць супольнасць людзей, якія будуць разам будуць вырашаць праблемы, звязаныя і з працаўладкаваннем, перанавучаннем эмігрантаў, таму што мы — самі эмігранты, мы прайшлі праз пэўныя складанасці ў пошуку працы, у пошуку новай прафесіі. Не заўсёды прафесію, якой чалавек займаўся ў сябе на радзіме, можна прымяніць пасля пераезду. Канферэнцыя арыентавана на тых людзей, якія, у першую чаргу, шукаюць працу тут, альбо першую сваю працу, альбо хочуць змяніць месца працы на больш цікавае, прэстыжнае, тое, што па душы, больш прыбытковае. То бок, прычына можа быць любой.
Канферэнцыя таксама арыентавана на фрылансераў, якія пераехалі і таксама хочуць уладкавацца на мясцовым рынку і пакуль не ведаюць як. І канферэнцыя арыентавана на прадпрымальнікаў. Усіх гэтых людзей яднае тое, што мы хочам распавесці, якія магчымасці дае дыджытал для кожнай з гэтых катэгорый”.
Пра пэўную адсталасць, прыкладна ў пяць гадоў, у выкарыстанні ІТ- і лічбавых тэхналогій у Польшчы распавядаў у сваім выступленні заснавальнік і дырэктар анлайн-школы К2 Іван Дуброўскі.
“Так, сапраўды. Спачатку мне падалося, што гэта чыста суб’ектыўнае мяркаванне, што тут дыджытал горш развіты, але потым пачаў збіраць даныя па тэндэнцыі купленых даменаў і іншае, колькі тут дыджытал-кампаній, я прыйшоў да той высновы, што аб’ектыўна дыджытал-рынак у Польшчына на некалькі гадоў адстае ад беларускага ці ўкраінскага. Я думаю, што натуральная прычына, чаму так адбылося, першае, гэта кансерватыўнасць. З майго пункту гледжання, палякі досыць кансерватыўная нацыя, якая не імкнецца так адкрывацца новаму, як гэта ў Беларусі адбываецца.
Другі момант – гэта стабільны бізнес. Рэальнасць такая: я, як уладальнік кампаніі, а ў мяне была кампанія ў Беларусі, мы за кошт таго, што эканамічная сітуацыя ў краіне была нестабільная – то дэвальвацыя, то вялікая інфляцыя, то курсавая розніца – нам даводзілася эканоміць на аддзеле маркетынгу, каб мінімізаваць затраты і павялічыць колькасць кліентаў. Тут жа ў Польшчы, не ўлічваючы 2022 года, роўная інфляцыя, ёсць добрыя датацыі як у ваяводствах, так і па ўсёй Польшчы, ёсць інвестыцыі і датацыі ад Еўропы. Коштам гэтай стабільнай эканомікі, не было матывацыі бізнесменам неяк укараняць новыя рэчы, таму яны не моцна гэта і ўкаранялі. Гэта, напэўна, два асноўныя фактары, па якіх я магу сказаць, што дыджытал у Польшчы меней развіты, чым у Беларусі.
Якія магчымасці гэта адкрывае эмігрантам?
Калі я пачаў глядзець вакансіі па адным з кірункаў дыджытал SEO – пошукавая аптымізацыя, я здзівіўся дзвюм рэчам. Па-першае, гэта заробак, які ў тры-пяць разоў большы, чым у Беларусі, а па-другое, гэта парог уваходу. Тут у вакансіях настолькі мінімальныя патрабаванні… То бок, з-за таго, што гэта ўсё толькі пачынае развівацца, то мінімальныя патрабаванні. І калі я возьму вакансію сярэднюю на Junior, а гэта спецыяліст, які толькі пачынае сваю кар’еру, то там патрабаванні будуць такія самыя як ў Польшчы для Middle, то бок для спецыяліста, у якога тры гады досведу. Я выкладаў курсы ў Беларусі і мы за тры месяцы навучалі людзей, якім патрэбна было яшчэ паўгады стажыравацца, каб трапіць на пазіцыю Junior. Тут жа ў Польшчы за тры месяцы мы навучаем людзей, якія на 80% адпавядаюць патрабаванням, якія выстаўляюць у вакансіях.
Якое будучае ў сферы ў Польшчы і ў Беларусі ў цяперашніх абставінах, то бок калі пераязджаюць і айцішнікі, і іншыя спецыялісты ў Польшчу?
Ёсць факты. Нядаўна з’явіліся лічбы, колькі грошай прыйшло ў бюджэт РБ ад ІТ-сектара. Іх стала ў разы менш, таму што ІТ-сектар пагаршаецца ў Рэспубліцы Беларусь. Колькасць кампаній, якія былі ў Парку высокіх тэхналогій, у разы менш, чым гэта было за ўсю гісторыю ПВТ. Усё вельмі проста. У Беларусі настолькі нестабільна весці бізнес і плюс агромністая колькасць кампаній адмаўляецца працаваць з Беларуссю, закрываюцца сервісы кшталту Canva, адтуль з’язджаюць айцішнікі і прадстаўнікі дыджытал-кампаній, туды перастаюць інвеставаць розныя банкі. Напрыклад, банк ЕБРР закрыў праграму малага бізнеса для беларусаў. Таму мой прагноз на Беларусь, на жаль, якімі б таленавітымі там не былі хлопцы, але экасістэма краіны не дазваляе дыхаць свабодна. Адначасова з гэтым Украіна ўваходзіць у топ-5 мацнейшых краін па аўтсорсінгу. І агромністая колькасць людзей сюды пераехала і, канешне, Польшча ў гэтым плане малайчына. Яны адкрылі візу Poland.Business Harbour, якая дазваляла хутчэй пераехаць айцішнікам, таму я ўпэўнены, што ў Польшчы будзе гэта ўсё развівацца, таму што шмат таленавітых, амбіцыёзных людзей сюды пераехалі – як распрацоўшчыкаў, так і бізнесменаў”.
Зараз арганізатары канферэнцыі ў Беластоку разглядаюць магчымасць правесці яе ў больш буйных гарадах Польшчы.
Рэпартаж з канферэнцыі можна паслухаць тут
Comments are closed.