Loading

Беларусь не зможа атрымаць фінансавання ад міжнароднага Фонду страт і ўрону на дапамогу сваёй прыродзе, сцвярджае глава беларускага Маладзёвага кліматычнага савета, менеджэрка «Зялёнай сеткі» Ірына Панядзельнік, якая знаходзіцца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах на Канферэнцыі ААН па змене клімату COP28, дзе быў створаны адпаведны фонд. Беларуская экаактывістка ацэньвае як вельмі неэфектыўную працу афіцыйнай дэлегацыі Беларусі на гэтым форуме.

Ірына Панядзельнік на канферэнцыі ААН па пытаннях змены клімату. Крыніца: racyja.com

Канферэнцыю ў Дубаі беларуская прапаганда спрабавала выкарыстаць у сваіх мэтах, прадстаўляючы прысутнасць на ёй Аляксандра Лукашэнкі як, нібыта, сведчанне прызнання яго сусветнай супольнасцю за прэзідэнта. Чымсьці прапаганда сапраўды можа пахваліцца, напрыклад, фотаздымкамі Лукашэнкі з генсекам ААН Антоніу Гутэрышам, але адначасова прэзідэнты суседніх з Беларуссю краін – Літвы, Латвіі і Польшчы–байкатавалі агульнае фота з-за прысутнасці на ім нелегітымнага беларускага кіраўніка.

«Мы аказваем бясцэнныя «экасістэмныя« паслугі нашаму кантыненту, захоўваючы ўнікальную крыніцу кіслароду – натуральныя балоты, лясы, лёгкія Еўропы. Развіваем зялёную атамную энергетыку, мінімізуючы рызыкі змены клімату», – цытуе выступ Аляксандра Лукашэнкі на канферэнцыі адзін з праўладных тэлеграм-каналаў.

Як распавяла Ірына Панядзельнік, рэчаіснасць вельмі адрозніваецца ад наратываў прапаганды.

«Тое, што казаў Лукашэнка, тая карцінка, якую паказваюць БелТА і «Пул первого», гэта не тое, што насамрэч адбывалася ў той вялікай залі. Ці прадуктыўны ўдзел беларускай дэлегацыі? Увогуле не. Я ведаю тых людзей, у якіх быў бэйдж дэлегатаў, і яны ніколі не заходзілі ў галоўны будынак».

Напачатку канферэнцыі Каардынацыйная рада ў сваёй адмысловай заяве нагадала міжнароднай супольнасці, што летась Беларусь выйшла з Орхускай канвенцыі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, а сёлета і з Бернскай канвенцыі па захаванні дзікай прыроды і натуральных асяроддзяў пражывання, тым самым дэманстратыўна адмовіўшыся ад сваіх абавязацельстваў па абароне навакольнага асяроддзя і экалагічных правоў грамадзян.

Паводле Ірына Панядзельнік, асноўны пасыл прамовы Лукашэнкі быў у тым, што санкцыі перашкаджаюць яму выконваць абавязацельствы па кліматычнай палітыцы.

«Іншыя краіны, наадварот, кажуць, што «вось мы ўсё робім, а калі вы, развітыя краіны, нам яшчэ грошай дадзіце, то мы будзем яшчэ больш рабіць». А ў нас, як мы ведаем, не выдаткоўваецца грошай, а зараз тым больш увесь спектр некамерцыйных арганізацый экалагічных ліквідаваны. Захаваннем балот, на якое ён спасылаецца, ніхто не займаецца і на гэта няма грошай. І на самой справе, калі раней пры падтрымцы ПРААН і іншых агенцтваў ААН быў нейкі рух, то зараз у нас ёсць толькі адзін экалагічны праект. Ён зараз скончыцца і не будзе ніякага».

Як сведчыць Ірына Панядзельнік, спасылаючыся на экспертаў, лукашэнкаўскія ўлады не толькі не робяць ніякіх намаганняў па аднаўленні балот, на стан якіх ўплывае змена клімату, але і ніяк не абазначаюць для міжнароднай супольнасці гэтую праблему. У выніку, краіна не можа разлічваць на грашовую дапамогу ад новастворанага Фонду страт і ўрону. На сёння ў яго сабрана амаль 800 млн долараў, да 2030 году трэба сабраць 400 млрд. Галоўная мэта фонда – дапамагчы бедным краінам і краінам, якія развіваюцца, справіцца з наступствамі змены клімату.

«Для Беларусі будзе складана атрымаць фінансаванне. Нашы эксперты ўказвалі на пытанне з балотамі. Я таксама паразмаўляла з экспертамі, што нам трэба будзе якасна распавядаць, як менавіта змена клімата ўплывае на балоты. З-за таго, што ўлады не прыкладаюць ніякіх намаганняў па іх аднаўленні, гэта праблема, на жаль, не будзе ўключана ў магчымае фінансаванне з фонда, і мы не зможам прэтэндаваць на фінансаванне калі-небудзь. Таксама беларуская дэлегацыя не прыймае істотнага ўдзелу ў саміх перамовах, то бок, не паказвае важнасць таго ж Фонду страты і ўрону для Беларусі».

Па мяркаванні спадарыні Ірыны, беларусам спатрэбяцца грунтоўныя даследаванні ўплыву змены клімата на балоты і адвакацыя па вырашэнні праблемы на сусветным узроўні.

З прынятых на гэты момант на канферэнцыі чатырох дэкларацый, афіцыйная беларуская дэлегацыя падпісала толькі адну – па сельскай гаспадарцы, харчаванні і клімаце. Дэкларацыі па клімаце і здароўі, энергаэфектыўнасці і аднаўляльных крыніцах энергіі, а таксама гендэрнай роўнасці не прыйшліся да спадобы прадстаўнікам лукашэнкаўскай улады.

Паводле Ірыны Панядзельнік, гэтыя дэкларацыя аб’ядноўваюць краіны ў своасаблівыя клубы па інтарэсах, дзе таксама ёсць фінансаванне.

Як нагадала спадарыня Ірына, кожная краіна, у тым ліку і Беларусь, якая з’яўляецца падпісантам Парыжскага пагаднення, што вызначае меры па зніжэнні ўтрымання вуглякіслага газу ў атмасферы, распрацоўваюць акрэслены на нацыянальным узроўні унёсак – то бок план дзеянняў па скарачэнні выкідаў і адаптацыі да змены клімату.

«Мы дасягаем значэння, заяўленага ў гэтым дакуменце, толькі коштам таго, што ў нас скарацілася колькасць заводаў пасля Савецкага Саюза, з-за палітычнага крызісу, мігрантаў, а санкцыі вядуць да спынення дзейнасці ў прамысловасці, развіцці сельскай гаспадаркі і так далей. То бок, гэта ніяк не звязана з тымі дзеяннямі, якія павінны рабіць улады, і што робяць у іншых краінах».

Ірына Панядзельнік вельмі станоўча ацаніла змест заявы Каардынацыйнай рады. Паводле яе, неабходна казаць пра наяўнасць у Беларусі палітзняволеных, выхадзе краіны з галоўных кліматычных пагадненняў, немагчымасці атрымліваць інфармацыю ад органаў улады. У заяве таксама гаворыцца пра ліквідацыю большасці НДА, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, якія прасоўвалі кліматычную павестку і дэманстравалі сваю прыхільнасць экалагічнай справядлівасці, у тым ліку Экадома і Беларускай партыі зялёных. Без вырашэння гэтых грамадска-палітычных Беларусь фактычна не зможа атрымаць міжнародныя грошы на адаптацыю да змены клімата.

Месцам для наступнай канферэнцыі ААН па змене клімату COP29, якая запланавана на 2024 год, абраны Азербайджан. У гэтай краіне на сёння налічваецца больш за 200 палітзняволеных, у тым ліку тых, хто займаўся пытаннямі экалогіі. Такім чынам палітычны чыннік, а дакладней, магчымы арышт па запыце лукашэнкаўскіх улад, можа перашкодзіць паездцы туды беларускім экаактывістам, асабліва тым, хто знаходзіцца ў эміграцыі.

Comments are closed.