Каардынацыйная рада атрымала адказ ад офісу Святланы Ціханоўскай на зварот аб узгадненні даты і прынцыпу правядзення выбараў. Як паведамілі ў КР, згодна з адказам на дадзены момант не зразумела, ці падтрымлівае Святлана Ціханоўская правядзенне выбараў 25 мая ці не.
Тэрмін паўнамоцтваў КР скончыўся 8 лютага, але КР працягнула свой мандат да новых выбараў, папярэдне прызначаных на 25 траўня. На гэтым фоне з КР спачатку сышла віцэ-спікерка Алена Жываглод: яна патлумачыла гэта імкненнем прыцягнуць увагу да крызісу ў КР, выправіць які, знаходзячыся ўнутры, яна не можа. Таксама свайго прадстаўніка адклікала НАУ, абвінаваціўшы ў крызісе кіраўніцтва КР.
Прапановы па сістэме выбараў новага складу КР, а таксама па даце правядзення выбараў былі накіраваны на зацвярджэнне Святлане Ціханоўскай. Толькі пасля гэтага можна будзе пачаць падрыхтоўку саміх выбараў. Чаму склалася такая сітуацыя і як плануецца праводзіць выбары трэцяга складу Каардынацыйнай Рады распавядае яе спікер Андрэй Ягораў.
Так склалася таму, што сябры КР і Аб’яднаны пераходны кабінет, Офіс Святланы Ціханоўскай, група палітычных партый не прыйшлі да пагаднення адносна выбарчай сістэмы. І склалася такая сітуацыя не прыняцця, не ўзгаднення гэтага рашэння. І ў гэтай сітуацыі, урэшце і таму, што тэрмін паўнамоцтваў КР сканчваўся, мы пайшлі на аўтаномнае прыняцце рашэнняў.
Мы пачалі кансультацыі па пытаннях выбарчай сістэмы яшчэ ў верасні. У кастрычніку Святлана Ціханоўская звярнулася да КР афіцыйна з пасланнем, дзе казала, што яна чакае правядзення выбараў у КР і ў тым ліку, гэтыя выбары могуць стаць альтэрнатывай “выбарам” у Беларусі. І КР прыняла рашэнне аб правядзенні гэтых выбараў.
Мы адкрылі вось гэты працэс кансультацый з Аб’яднаным пераходным кабінетам, Офісам Святланы Ціханоўскай і беларускіх палітычных партый. КР шмат зрабіла для гэтага, арганізуючы гэтыя кансультацыі, прапаноўваючы дакументы працы гэтых групаў, ствараючы гэтыя афіцыйныя групы. Але на працягу ўсяго гэтага перыяда адпаведнае рашэнне зацягвалася. Адзін з крокаў, які рабілі нашы партнёры – яны заўсёды выкрэслівалі дату канчатковага прыняцця рашэння. То бок, колькі мы не прасілі іх прызначыць дэдлайн, да якога мы разам павінны прыняць рашэнне, гэтыя дэдлайны заўсёды адвяргаліся і працэс ператвараўся ў бясконцыя кансультацыі.
Асноўная супярэчлівая лінія – гэта магчымасць прадстаўніцтва ў КР такіх не прама палітычных суб’ектаў – арганізацый грамадзянскай супольнасці. Дэбаты ішлі менавіта пра фармат таго, як гэта мусіць быць зроблена. Апошнім поінтам стала вось гэтая сістэма з трыма галасамі альбо адным голасам. І на гэтым спынілася размова, а на КР пачалася медыйная атака фактычна з абвінавачваннем у тым, што нібыта КР вінавата ў зрыве тэрмінаў. Хоць гэта выглядае не так.
Сітуацыя была звязаная з тым, што бакі не дамовіся: калі мы маем справу з перамовамі, заўсёды няма аднаго вінаватага. А тэрміны ў нас сыходзілі і КР зрабіла ўсё, з майго пункту погляду, магчымае, і прымала найбольшую колькасць высілкаў, каб гэтыя дамоўленасці дасягнуць. А, калі яны не былі дасягнутыя, то ў нас няма іншага рашэння, як пайсці на самастойнае прыняцце рашэнняў.
КР правяла галасаванне па сістэме выбараў і накіравала яго Святлане Ціханоўскай для зацвярджэння.
Што вырашылі, якая сістэма ў выніку прынятая і як яна будзе дзейнічаць?
Гэта спрошчаная сістэма, у адрозненне ад той, што была прынятая раней. Гэта сістэма прапарцыйнага галасавання за спісы кандыдатаў. То бок, выбаршчык можа галасаваць за спіс. У спісе ён будзе бачыць імёны кандыдатаў. Можа прагаласаваць за ўсіх іх адразу – тыя, хто ў адным спісе. Але ж у кожнага выбашчыка будзе тры галасы. То бок, ён зможа прагаласаваць не больш, чым за тры, але не менш, чым за адзін спіс. То бок, гэта прапарцыйная сістэма з трыма галасамі.
І захаваная гендарная квота – у новым складзе КР можа быць не меней за 40% жанчынаў. Але ёсць выключэнні для арганізацый, якія працуюць у сферах бяспекі, ветэранскіх – такіх, як Полк Каліноўскага, напрыклад, ці кіберпартызаны. Для іх выбарчая квота можа быць зніжана да 20%.
І ў гэтай сістэме больш ніякіх складанасцяў няма. То бок, няма асобных квот для грамадскіх арганізацыяў, няма таксама спісу самавылучэнцаў. І гэта ў значнай ступені робіць гэтую сістэму больш зразумелай і, я думаю, эфектыўнай.
Якія далейшыя крокі і працэдуры?
Наступным крокам будзе фармаванне выбарчай камісіі, прыняцце палажэння па арганізацыі выбараў. Таксама зараз прапанаваная дата выбараў. Гэта 25 траўня. І за гэты час нам рэальна падрыхтаваць усе магчымыя элементы выбарчай сістэмы з улікам і тэхнічнай платформы анлайн-галасавання, якая можа быць зробленая на працягу гэтых месяцаў. І ўжо частка працы з гэтым вядзецца.
Comments are closed.