Loading

Каардынацыйная Рада (КР) пачала працу ў новым складзе і зараз вырашае арганізацыйныя пытанні. Гэты працэс нечакана набыў грамадскі розгалас: пра яго сталі казаць палітыкі і пісаць медыя. Яшчэ больш інтарэсу да структуры прыцягнуў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, які заявіў пра свой выхад з Рады ў знак нязгоды па ключавых момантах, такіх як, да прыкладу, пытанне перамоў з рэжымам Лукашэнкі.

У чым палягаюць спрэчкі ўнутры Каардынацыйнай рады, ці будзе гэты орган лічыцца «протапарламентам» і як ён рэагуе на крытыку? – радыё Ўнэт абмеркавала з сябрам КР, палітолагам Андрэем Ягоравым.

Зараз да фінальнай стадыі падыходзіць распрацоўка рэгламенту Каардынацыйнай Рады, што плануецца прапісаць у дакуменце?

У маім жыцці першы раз такая сітуацыя, калі прыняцце рэгламенту арганізацыі атрымлівае такі розгалас. Зараз тэкст дакумента распрацаваны, прайшлі дэбаты розных груп, як гэты рэгламент павінен выглядаць, бо ёсць часткі, якія супадаюць, і часткі, якія разыходзяцца. Ад Аб’яднанага пераходнага кабінета на гэтых дэбатах прысутнічаў Валерый Кавалеўскі. Розныя групы ўнутры КР прапаноўвалі свае візіі і тлумачылі, чаму менавіта іх версія рэгламенту найбольш правільная і эфектыўная. Пачалося галасаванне, якое будзе доўжыцца 24 гадзіны анлайн, а пасля рэгламент будзе прыняты, нарэшце.

А ў чым заключаюцца супярэчнасці, інтрыгі, якія вылезлі вонкі?

Я ніякіх інтрыг не бачу, усё рабілася дастаткова празрыста. Але некаторыя рэчы, якія былі прапісаны ў рэгламенце, намеры КР, якія дэклараваліся, яны выклікалі занепакоенасць іншых палітычных субʼектаў, да прыкладу Абʼяднаны пераходны кабінет хацеў, каб міжнародная дзейнасць КР была ўзгоднена з Кабінетам, каб прапановы КР па пастаноўцы стратэгічных задач былі зменшаны да ўзгадняльных пазіцый з АПК. Некаторыя іншыя намеры КР былі ўспрыняты Кабінетам насцярожана, ён патрабаваў змяніць іх на менш радыкальныя фармулёўкі. Кагосьці вельмі напружваў адзін з варыянтаў нормы пра «сумяшчэнне-несумяшчэнне» пасадаў у Кабінеце і Радзе. Павел Латушка настойваў, што не трэба гэтага рабіць, і, можа, гэтая норма, якая яшчэ, дарэчы, не прынятая, і стала трыгерам, які падштурхнуў яго да выхаду з Рады.

Розныя групы ўнутры Рады змагаюцца за лепшую канструкцыю арганізацыі: ствараюцца фракцыі, ёсць прапановы стварыць камісіі, гэта ўнутраныя працэсы, якія будуць рэгламентаваць дзейнасць КР.

Не да канца зразумела, хто патрапіў у КР. Ці можаце Вы патлумачыць механізм, як выбіраліся прадстаўнікі КР?

Калі «Сход» фарміраваўся, то там было галасаванне электроннае, людзі вылучалі свае кандыдатуры, кожны грамадзянін Беларусі мог галасаваць за гэтых кандыдатаў. Так і пра «Сход» тады пыталі: а хто гэтыя людзі? як яны туды патрапілі? Першы склад Рады фарміраваўся па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай, якая прызначыла Вольгу Кавалькову і Максіма Знака, і яны ўжо ў Раду адбіралі людзей па ўласнай ініцыятыве. Працэс фарміравання быў далёкі ад выбараў. Новы склад фарміраваўся так: было накіравана запрашэнне арганізацыям грамадзянскай супольнасці, дыяспарам вылучаць сваіх прадстаўнікоў. Была вызначана пэўная колькасць месцаў і, калі заяўкі былі атрыманыя, то высветлілася, што іх не нашмат больш, чым месцаў у КР. І таму фактычна ў КР патрапілі ўсе прадстаўнікі арганізацый, якія былі дэлегаваны і прайшлі фільтр па крытэрыі бяспекі. Усё дастаткова проста і празрыста.

Ці зʼяўляецца КР «протапарламентам»?

Усе структуры дэмакратычнай апазіцыі ў рэальнасці далёкія ад органаў улады. Іх можна ненашмат больш успрымаць як ініцыятывы, арганізацыі грамадзянскай супольнасці. І ў сувязі з гэтым яны могуць устанаўліваць такія адносіны паміж сабой, якія пажадаюць. Пры гэтым трэба разумець, што свая легітымнасць міжнародная ёсць, у КР і Кабінета Святланы Ціханоўскай. Прызнана, што КР мае права прадстаўляць інтарэсы беларускага народа, калі ўлада захоплена Лукашэнкам. Але трэба разумець, што гэта хутчэй дэкларацыя, а вось рэальнае прадстаўніцтва забяспечваецца дзеяннямі, сувязямі з грамадзянамі Беларусі, даверам, які грамадзяне выказваюць структурам.

У заявах Паўла Латушкі гучалі абвінавачванні на бок КР пра нібыта жаданне весці перамовы з рэжымам Лукашэнкі. Ці сапраўды такія перамовы плануюцца?

Сп. Латушка ўжо сам адказаў на гэтае пытанне, калі напісаў, здаецца ў Фэйсбуку, што я не кажу, што ў КР ёсць нейкая стратэгія, накіраваная на перамовы. Але ён кажа, што ўнутры КР ёсць людзі з такімі меркаваннямі, яны маюць значны голас і, магчыма, у будучым змогуць уплываць на стратэгію КР. Ну, магчыма. Але на сённяшні дзень там розныя меркаванні: і пра дыялог і больш радыкальныя, пра немагчымасць любога дыялогу. І калі такая дыскусія будзе весціся публічна, тады і пабачым да чаго схіляецца Рада. Але пакуль рэгламент яшчэ не прыняты і ніякія палітычныя пытанні па сутнасці не абмяркоўваліся. Але я б вельмі хацеў, каб яны абмяркоўваліся адкрыта, каб грамадзяне Беларусі маглі бачыць гэтыя публічныя дэбаты.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.